Расійскія адукацыйныя праграмы ў ВНУ павінны быць скарэкціраваны для таго, каб у большай ступені адпавядаць сусветным стандартам і попыту на спецыялістаў, заявіла намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі па сацыяльнай палітыцы Вольга Галадзец.
“Наша сістэма адукацыі павінна быць глабальнай, яна павінна быць уніфікаванай з Еўропай і светам. Сапраўды, мы вельмі моцныя ў шэрагу дысцыплін — матэматыка, інфармацыйныя тэхналогіі, хімія, фізіка… Але сёння, з улікам развіцця прамысловасці, мы павінны больш уважліва ставіцца да зместу дысцыплін з пункта гледжання глабалізацыі адукацыйнага рынку і рынку прафесійных стандартаў”, — адзначыла яна на міжнародным “Студэнцкім салоне”, што прайшоў у Парыжы, дзе Расія ўпершыню прыняла актыўны ўдзел.
Па словах Вольгі Галадзец, неабходна, каб расійская сістэма адукацыі не прапускала тых запытаў, якія ёсць у свеце, каб спецыяліст з расійскім дыпломам мог спакойна працаваць з любой кампаніяй. А для гэтага вельмі важна своечасова скарэкціраваць расійскія адукацыйныя праграмы з праграмамі міжнароднай адукацыі. У якасці прыкладу яна прывяла расійскі “АВТОВАЗ”, які цесна супрацоўнічае з французскім Renault. “Гэта ставіць асаблівыя патрабаванні да сістэмы падрыхтоўкі кадраў. Мы прагаварылі далейшыя крокі па ўніфікацыі дыпломаў нашых і французскіх спецыялізаваных ВНУ. Неабходна ўдзяляць увагу фарміраванню саміх адукацыйных праграм, каб, напрыклад, навучэнец у Самары атрымліваў два дыпломы, каб разумеў любую тэхналогію, якая прысутнічае на сусветным рынку аўтамабілебудавання”, — сказала віцэ-прэм’ер.
Галадзец таксама звярнула ўвагу на перавагі расійскай адукацыйнай сістэмы і яе прывабнасць для замежнікаў: на сёння адукацыю ў РФ атрымліваюць 119 тысяч грамадзян з-за мяжы. Па яе словах, Расія спалучае вельмі сур’ёзныя традыцыі з сучаснымі метадамі выкладання, а расійскія дыпломы адкрываюць дарогу для работы ў найбуйнейшых сусветных кампаніях. Акрамя таго, Расія дае магчымасць рабіць хуткую кар’еру — наўрад ці сёння ў Еўропе знойдзецца краіна, у якой мэтанакіраваныя людзі ва ўзросце 35—40 гадоў могуць зарабляць столькі ж, колькі яны атрымліваюць у РФ. Пры гэтым, як адзначыла віцэ-прэм’ер, расійскі рынак адкрыты для замежнікаў, паколькі дэфіцыт працоўнай сілы складае каля 1,5 мільёна чалавек і практычна ўсе буйныя кампаніі звяртаюцца да прыёму замежнай працоўнай сілы, аднак пажаданай з’яўляецца наяўнасць расійскага дыплома.