Расія: правал большасці расійскіх ВНУ у Шанхайскім рэйтынгу

- 11:17Паралелі, Рознае

Расійскія ВНУ не прабіліся да топавых пазіцый Шанхайскага рэйтынгу вышэйшых навучальных устаноў, які характарызуе навуковую дзейнасць ВНУ па прадметных галінах, але па-ранейшаму ўзначальваюць рэгіянальны рэйтынг QS “Еўропа, якая развіваецца, і Цэнтральная Азія”, паведаміла МІА “Расія сёння”.

Шанхайскі рэйтынг вышэйшых навучальных устаноў па прадметных галінах за 2016 год упершыню апублікаваны “Сацыяльным навігатарам” МІА “Расія сёння”. У даследаванне ўключаны такія інжынерна-тэхнічныя дысцыпліны, як хімічная інжынерыя, грамадзянскае будаўніцтва, электроніка і электронная інжынерыя, энергетыка і энергамашынабудаванне, навукова-тэхнічнае забеспячэнне аховы навакольнага асяроддзя, матэрыялазнаўства і машынабудаванне.

Пры складанні Шанхайскага рэйтынгу ўлічвалася прадукцыйнасць навуковай дзейнасці ВНУ, а таксама паказчыкі высокіх навуковых дасягненняў і ўзроўню даследчыцкай дзейнасці ў параўнанні з сярэднім паказчыкам па свеце. Акрамя таго, на вынік уплывалі цытуемасць даследчыкаў, наяўнасць навуковых узнагарод і прэмій міжнароднага ўзроўню і некаторыя іншыя паказчыкі.

Крыніцай бібліяметрычных даных для гэтага даследавання з’яўляецца база даных Scopus. У канчатковую версію рэйтынгу ўключаюцца толькі тыя ўстановы, якія маюць звыш 200 публікацый. Найменшая колькасць навучальных устаноў выяўлена ў галіне грамадзянскага будаўніцтва.

У пяцёрку лідараў па ўсіх напрамках у асноўным уваходзяць старэйшыя амерыканскія і англійскія ВНУ: Гарвард, Стэнфард, Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Каліфарнійскі ўніверсітэт у Берклі і інш. Высокія паказчыкі па асобных напрамках прадэманстравалі таксама сінгапурскі Nanyang Technological University і дацкі Technical University of Denmark.

Расійскіх ВНУ, якія ўвайшлі ў рэйтынг, усяго тры, і іх паказчыкі не надта высокія. Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава (МДУ) і Уфімскі дзяржаўны авіяцыйны тэхнічны ўніверсітэт занялі пазіцыі ў рангу “401—600” па напрамку “матэрыялазнаўства і машынабудаванне”. Нацыянальны даследчыцкі ядзерны ўніверсітэт “МІФІ” стаў лепшым сярод расійскіх універсітэтаў, заняўшы пазіцыю ў групе “301—400” па напрамку “электроніка і электронная інжынерыя”.

“Шанхайскі рэйтынг з’яўляецца найбольш складаным для расійскіх універсітэтаў, што пацвярджаецца і рэйтынгам ShanghaiRanking’s Global Ranking of Academic Subjects — 2016, у які трапілі толькі тры расійскія ўніверсітэты”, — пракаменціраваў вынікі даследавання рэктар Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта “МІФІ2 Міхаіл Стрыханаў. “Прыемна, што НДЯУ МІФІ трапіў у іх лік, прычым з лепшым вынікам”, — дадаў ён.

Той факт, што МІФІ паказаў высокія вынікі па кірунку “электроніка і электронная інжынерыя”, рэктар звязаў з удзелам ВНУ ў Праекце 5—100. “У сакавіку 2016 года НДЯУ МІФІ атрымаў падтрымку Міжнароднага савета Праекта 5—100 на стварэнне пяці стратэгічных акадэмічных адзінак — інстытутаў, сярод якіх — Інстытут нанатэхналогій у электроніцы, спінтроніцы і фатоніцы НДЯУ МІФІ”, — растлумачыў ён.

Па словах Міхаіла Стрыханава, дзякуючы навукоўцам МІФІ сфарміраваны новы навуковы напрамак “ЗВЧ-электроніка”, звязаны з павышэннем энергаэфектыўнасці прыбораў электроннай кампанентнай базы на аснове нітрыду галію з выкарыстаннем графенаўтрымліваючай плёнкі для рассейвання цяпла. “Гэтыя і іншыя работы нашых навукоўцаў знайшлі адлюстраванне ў топавых навуковых часопісах, што адыграла пэўную ролю і ў гэтым рэйтынгу”, — адзначыў рэктар, дадаўшы, што гэта толькі пачатак вялікай і напружанай працы новых інстытутаў.

Начальнік упраўлення развіцця перспектыўных даследаванняў НДЯУ МІФІ, кіраўнік Цэнтра нанаструктурнай электронікі, прафесар Мікалай Каргін у інтэрв’ю МІА “Расія сёння” паведаміў, што высокія пазіцыі яго ВНУ ў рэйтынгу цалкам чаканыя. “Гістарычна так склалася, што электроніка яшчэ з часоў гонкі ўзбраенняў стала адным з прыярытэтных напрамкаў МІФІ”, — сказаў ён. Па словах прафесара, краіне былі неабходны незалежныя электронныя сістэмы (сістэмы навігацыі, сістэмы навядзення і інш.).

“З прыходам рэктара Міхаіла Стрыханава акцэнт быў зроблены на адраджэнне і развіццё мікра- і нанаэлектронікі: было закуплена дарагое абсталяванне, з’явілася магутная даследчая база”, — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што гэта дае магчымасць праходзіць поўны тэхналагічны цыкл без звароту да іншых арганізацый — ад навуковай ідэі да стварэння канкрэтнага прадукту.

Паводле ацэнак Мікалая Каргіна, штогод універсітэт зарабляе на электроніцы 10 млн долараў ЗША. Па словах навукоўца, пазіцыі ВНУ ў рэйтынгу маглі б быць яшчэ вышэйшымі, аднак многія тэхналогіі электроннай прамысловасці маюць падвойнае прызначэнне і не афішыруюцца на сусветным рынку.

Куды больш прывабна расійскія вышэйшыя навучальныя ўстановы выглядаюць у рэгіянальным рэйтынгу QS “Еўропа, якая развіваецца, і Цэнтральная Азія”. Маскоўскі, Новасібірскі і Санкт-Пецярбургскі дзяржуніверсітэты ўзначалілі гэты рэйтынг, паведаміла прэс-служба Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

“Расійскія ВНУ ўмацавалі сваё лідарства ў трэцім штогадовым рэйтынгу QS “Еўропа, якая развіваецца, і Цэнтральная Азія”, размясціўшыся на першым, другім і трэцім радку рэйтынгу. Захавалі з мінулага года першы і другі радкі МДУ і НДУ, да іх далучыўся Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, падняўшыся з пятага на трэцяе месца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Па звестках ведамства, усяго ў гэтым рэйтынгу Расія прадстаўлена 64-ма ВНУ, што з’яўляецца самым вялікім паказчыкам сярод 21 краіны, якія ўдзельнічаюць у рэйтынгу.

“Маскоўскі ўніверсітэт упэўнена займае высокія пазіцыі ў рэйтынгах лепшых ВНУ свету. Нам прыемна, што ў чарговы раз МДУ — лідар рэйтынгу QS University Rankings: Emerging Europe & Central Asia. Унікальныя навуковыя дасягненні, выкарыстанне новых тэхналогій у адукацыйным працэсе, высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад забяспечваюць высокую рэпутацыю МДУ ў міжнароднай навуковай і адукацыйнай прасторы”, — сказаў рэктар МДУ Віктар Садоўнічы.

Акрамя таго, адзначаецца, што найбольш сур’ёзны прагрэс у спісе топ-100 рэйтынгу зрабіў Нацыянальны даследчыцкі тэхналагічны ўніверсітэт “МІСіС” (які ў свой час аб’яднаў інстытуты сталі, каляровых металаў і горны інстытут Маскоўскай горнай акадэміі), узняўшыся на 12 пазіцый і заняўшы 63-е месца.

У топ-10 рэйтынгу таксама ўвайшлі Карлаў універсітэт у Празе (Чэхія), Тартускі ўніверсітэт (Эстонія), Варшаўскі і Ягелонскі ўніверсітэты (Польшча), Чэшскі тэхнічны ўніверсітэт у Празе (Чэхія), Басфорскі ўніверсітэт (Турцыя), Масарык-універсітэт (Чэхія).

Гэты рэйтынг складаецца па метадалогіі, якая ўлічвае асаблівасці мясцовых сістэм вышэйшай адукацыі, і служыць арыенцірам для студэнтаў, навукоўцаў і рэгіянальных урадавых структур, зацікаўленых у міжнароднай мабільнасці.

“У цэлым расійскія ўніверсітэты паказваюць нядрэнныя вынікі ў міжнародных рэйтынгах універсітэтаў. Большую ўвагу гэтай тэме ўдзяляе Праект 5—100, таксама адзначаецца рост агульнага інтарэсу да міжнароднага пазіцыянавання”, — адзначыла рэгіянальны дырэктар QS па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Зоя Зайцава.

Праект павышэння канкурэнтаздольнасці расійскіх універсітэтаў 5—100 прадугледжвае, што пяць расійскіх ВНУ да 2020 года ўвойдуць у першую сотню вядучых універсітэтаў свету.