Расія: пяць задач міністра Вольгі Васільевай

- 11:02Паралелі

На сустрэчы з педагогамі і кіраўнікамі сістэмы адукацыі ў Чыце міністр адукацыі і навукі Расіі Вольга Васільева расказала, якія задачы будзе вырашаць міністэрства ў найбліжэйшы час.

“Нам неабходна прыбраць фіктыўную завочную адукацыю. За апошні год мы прыбралі “завочку” з першай вышэйшай юрыдычнай адукацыі. У найбліжэйшы год будуць выключаны эканамісты. Мы лічым, што трэба паволі замяняць “завочку” вячэрне-завочнай формай навучання”, — упэўнена Вольга Васільева.

Не сакрэт, што завочныя аддзяленні на юрыдычным і эканамічным факультэтах часта з’яўляюцца асноўнай крыніцай пазабюджэтных даходаў для ВНУ. І дзяржаўных, і недзяржаўных. Але веды, якія яны даюць, вельмі нізкія. ВНУ, па словах міністра, “далёкія ад жадання навучыць кагосьці чаму-небудзь”.

У найбліжэйшай час будзе абноўлены пералік апорных ВНУ за кошт тых, якія не справіліся з задачай. “Такія ў нас ёсць, і відавочна, што іх шмат”, — удакладніла міністр. За гэты год апорныя ўніверсітэты павінны з’явіцца ў 50 рэгіёнах краіны. Галоўныя мэты апорных ВНУ — утрымаць у рэгіёнах таленавітых абітурыентаў і стварыць спрыяльныя ўмовы для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Для гэтага ВНУ паабяцалі павышанае фінансаванне. Прычым на статус апорнага могуць прэтэндаваць не толькі ВНУ Мінадукацыі і навукі, але і іншых ведамстваў.

У краіне ўжо створаны 33 апорныя ўніверсітэты. Мабыць, не ўсе з іх справіліся са сваімі задачамі.

Міністр назвала працу псіхалагічнай службы важным напрамкам школьнай дзейнасці. “Вы ведаеце, што прынята канцэпцыя псіхалагічнай адукацыі, псіхалагічнай дапамогі. Тыя трагічныя выпадкі, якія адбыліся ў шэрагу рэгіёнаў, чарговы раз даказваюць, што сітуацыя патрабуе комплекснага вырашэння. У тым ліку без псіхолагаў у школе нам сапраўды не абысціся. Гэта важны напрамак дзейнасці школы, таму я абсалютна салідарна, што трэба выбудоўваць такую сістэму, і мы гэтым ужо займаемся”, — падкрэсліла Вольга Васільева.

У кожным рэгіёне з’явіцца дзяржаўная ўстанова, якая будзе адказваць за стан школьных аўтобусаў. Вольга Васільева паабяцала, што муніцыпалітэт працягне выдзяляць аўтобусы.

Школы будуць вызвалены ад залішняй папяровай нагрузкі, праверак, якія дубліруюцца, пастаянных маніторынгаў. “Усе наглядныя органы павінны пакінуць школы ў спакоі, — выразна акрэсліла пазіцыю міністэрства Вольга Васільева. — Шмат інфармацыі ёсць на сайтах адукацыйных арганізацый, трэба зрабіць толькі некалькі клікаў, каб яе атрымаць. Давайце тады будзем разбірацца з кожным органам кіравання адукацыяй асобна”, — цытуе міністра “Расійская газета”.