Расія: РПЦ выступіла за захаванне асноў рэлігійных культур у школьнай праграме

- 11:49Паралелі

Выключэнне са школьнай праграмы асобнага выкладання асноў праваслаўя, ісламу, будызму і іўдаізму немэтазгодна, праграма ўжо даказала сваю эфектыўнасць, гаворыцца ў заяве сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Маскоўскага патрыярхату ў сувязі з публікацыяй Міністэрствам асветы Расійскай Федэрацыі новых праектаў стандартаў агульнай адукацыі.

Раней ведамства апублікавала праект новага Федэральнага дзяржаўнага адукацыйнага стандарту (ФДАС) пачатковай агульнай адукацыі. У гэтым праекце ў прадметнай галіне “Асновы рэлігійных культур і свецкай этыкі” (АРКСЭ) з шасці прадметаў (модуляў) па выбары, якія складаюць АРКСЭ, прадугледжваецца выкладанне толькі двух: па асновах свецкай этыкі і сусветных рэлігійных культур. Такім чынам, з АРКСЭ выключаюцца асновы праваслаўнай культуры і іншыя прадметы па асновах рэлігійных культур: ісламу, будызму і іўдаізму.

Таксама з апублікаванага праекта вынікае, што ў прадметнай галіне “Асновы духоўна-маральнай культуры народаў Расіі”, якая з’яўляецца працягам АРКСЭ, выкладанне рэлігійных культур па выбары сям’і школьніка наогул не прадугледжана.

“У цэлым можна гаварыць аб спробе ліквідацыі магчымасцей выхавання дзяцей з улiкам светапоглядных і культурных патрэб сям’і ў дзяржаўных і муніцыпальных агульна­адукацыйных арганізацыях”, — гаворыцца ў заяве сінадальнага аддзела.

Як нагадалі ў РПЦ, выкладанне рэлігійных культур у расійскай школе развіваецца з 90-х гадоў. У 2000-х гадах розныя курсы праваслаўнай культуры вывучалі тысячы дзяцей у многіх рэгіёнах Расіі. З 2009 года выкладанне АРКСЭ ўключаецца ў асноўную праграму школы на аснове прынцыпаў добраахвотнасці і свабоды выбару. Зараз АРКСЭ рэалізуецца ва ўсіх школах Расіі, рэлігійныя культуры вывучаюць больш за 1,6 млн чацвёртакласнікаў.

Па даных сінадальнага аддзела, у бягучым навучальным годзе “Асновы праваслаўнай культуры” для сваіх дзяцей выбралі амаль 40% бацькоў, у некаторых абласцях Цэнтральнай і Паўднёвай федэральных акруг — больш за 80%.

“Адмова ад гэтай найважнейшай практыкі выхавання дзяцей на аснове расійскіх традыцыйных духоўна-маральных і сацыякультурных каштоўнасцей у расійскай школе нанясе шкоду і грамадзянам, і дзяржаве, і царкве”, — адзначаецца ў заяве.