Расія: сістэму адукацыі Крыма прывядуць да расійскіх стандартаў да 2018 года

- 12:19Паралелі, Рознае

У Таўрычаскім нацыянальным універсітэце імя У.І.Вярнадскага ў Сімферопалі адбылася рабочая сустрэча кіраўніка Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Ліванава з міністрам адукацыі, навукі і моладзі Рэспублікі Крым Наталляй Ганчаровай, а таксама кіраўнікамі гарадоў і раёнаў паўвострава.

Падчас нарады абмяркоўваліся пытанні развіцця сістэмы адукацыі Крыма і яе рэарганізацыі ў адпаведнасці з расійскімі стандартамі. Асноўнай праблемай апошніх 20 гадоў было названа недастатковае фінансаванне адукацыйнай галіны. Разам з тым у Расійскай Федэрацыі гэтае пытанне вырашаецца значна прасцей — задзейнічаюць як сродкі федэральнага, так і муніцыпальных і рэгіянальных бюджэтаў.
Дзмітрый Ліванаў паставіў задачу да 2018 года давесці сістэму адукацыі Крыма да агульнарасійскага узроўню. “Шлях, які іншыя расійскія рэгіёны прайшлі за 5-6 гадоў, Крыму трэба прайсці за больш кароткі тэрмін, за 1—3 гады”, — сказаў міністр.
Ён растлумачыў, што гаворка ў гэтым выпадку ідзе ў першую чаргу пра мадэрнізацыю адукацыйных арганізацый: рэканструкцыю і рамонт будынкаў, аснашчэнне новым абсталяваннем, тэхнікай і інвентаром, ліквідацыю чэргаў у дзіцячыя садкі, павышэнне прэстыжу і заработнай платы педагогаў. У сувязі з гэтым органам мясцовага самакіравання даручана падрыхтаваць каштарысы і праекты аб’ектаў, якія патрабуюць першачарговай рэканструкцыі, правесці тэндары і вызначыць падрадчыкаў і пастаўшчыкоў матэрыялаў і абсталявання, адзначае “Учительская газета”.
Нагадаем, што Украіна лічыць падзеі, звязаныя з далучэннем Крыма да Расійскай Федэрацыі, агрэсіяй і не прызнае дакументы аб адукацыі расійскага ўзору, якія выдаюцца навучальнымі ўстановамі паўвострава.