Расія: студэнтам абмяжуюць доступ да навучання за кошт дзяржавы ў замежных ВНУ

- 12:40Паралелі

Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Фэдэрацыі мае намер удвая скараціць колькасць студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў замежных ВНУ за кошт расійскага бюджэту. У ведамстве палічылі, што попыт на навучанне за мяжой імкліва падае з-за зніжэння курса рубля. Аднак адукацыйныя агенцтвы сцвярджаюць, што замежныя ўніверсітэты застаюцца стабільна папулярнымі сярод расіян, нягледзячы на крызіс.

Дзяржаўная праграма “Глабальная адукацыя” стартавала ў кастрычніку 2014 года. Прыняць удзел у ёй могуць толькі дыпламаваныя спецыялісты або бакалаўры, якія маюць права падаць заяўкі на замежную вучобу ў магістратуры, аспірантуры або дактарантуры. Тэрмін навучання залежыць ад праграмы, усе выдаткі на навучанне, пералёт і пражыванне аплачвае расійская дзяржава. Праграма разлічана на 2014—2016 гады.
Пасля навучання ўдзельнік праграмы абавязваецца вярнуцца ў Расію і як мінімум тры гады адпрацаваць у адной з кампаній з зацверджанага пераліку.
Калі ўмовы праграмы парушаюцца, студэнт абавязаны вярнуць выдаткаваныя на яго дзяржавай грошы (цяпер гэта да 1 млн 400 тысяч рублёў), да таго ж яшчэ і выплаціць штраф — двайны памер атрыманага гранта.
Раней планавалася, што ў праграме прымуць удзел 1,5 тысячы студэнтаў, аднак Мінадукацыі і навукі Расіі мае намер зрэзаць гэты паказчык удвая — да 750 навучэнцаў. Пра гэта гаворыцца ў праекце змяненняў праграмы, размешчаных міністэрствам для грамадскага абмеркавання.
Пры гэтым памер гранта плануецца павялічыць больш чым у два разы — з 1,4 млн да 2,8 млн рублёў у год. Акрамя таго, плануецца абмежаваць лімітны час навучання за мяжой па праграме чатырма гадамі, у той час як цяпер тэрмін вучобы, напрыклад, у дактарантуры можа займаць ад пяці да сямі гадоў.
Сваё рашэнне міністэрства аргументуе тым, што за апошнія паўгода рэзка знізілася цікавасць саміх студэнтаў да вучобы за мяжой. З-за росту курсаў валют рублёвы грант не дазваляе пакрываць усе выдаткі навучэнцаў, адзначаюць у міністэрстве. Студэнтам, якія запланавалі атрымаць дыплом Сарбоны або Кембрыджа давядзецца зацягнуць паясы.
Масквічка Кацярына Сонцава адправілася ў Аўстралію ў сярэдзіне лютага гэтага года. Пасля двухгадовага навучання яна стане дыпламаваным менеджарам праектаў.
“Першапачаткова я выбірала паміж ВНУ ЗША, Канады і Аўстраліі. Спынілася на апошнім варыянце, таму што на пачатак восені ён быў самым танным па кошце навучання. Пакуль я чакала адабрэння маёй заяўкі з ВНУ, а таксама выдачы візы, кошт пералёту, пражывання і самога навучання паспеў вырасці на трэць. Толькі білет у адзін канец каштуе 60 тысяч рублёў. Добра, што потым выявілася, што аўстралійская ВНУ дае мне грант у 25% ад кошту гадавога навучання”, — расказала яна ў інтэрв’ю “Газете.Ru”.
У тых, для каго замежны граніт навукі аказаўся не па кішэні, зараз варыянт толькі адзін: здацца і зноў паступаць у расійскую ВНУ на тую ж спецыяльнасць. Упаўнаважаны па правах студэнтаў Арцём Хромаў на днях выступіў з ініцыятывай унесці папраўкі ў Федэральны закон “Аб адукацыі”, якія ўстанаўліваюць выразныя правілы пераводу з замежнай ВНУ ў расійскую.
“У расійскія ВНУ студэнты замежных універсітэтаў фармальна могуць перавесціся, але па факце гэта тое ж самае, што паступіць зноў: трэба здаваць мноства экзаменаў, як пры паступленні на першы курс, а вынікі раней здадзеных залікаў не ўлічваюцца. У нас ёсць афіцыйны адказ ад намесніка міністра адукацыі і навукі Аляксандра Клімава. Чыноўнік пацвярджае, што перавод з замежных ВНУ ў расійскія пакуль немагчымы”, — растлумачыў А.Хромаў.
Тым не менш большасць расіян, якія ўжо сталі студэнтамі, або толькі тых, хто паступае ў замежныя ВНУ, не выказваюць жадання кінуць вучобу з-за адной толькі сітуацыі з ростам курса валюты. “Той, хто планаваў сам аплаціць вучобу за мяжой, зробіць гэта бадай што ў любым выпадку. Такія студэнты, як правіла, не плануюць вяртацца ў Расію, а збіраюцца пасля вучобы шукаць работу ў той жа краіне”, — патлумачыла дырэктар па маркетынгу кампаніі “Інсайт-лінгва” Наталля Пугачова.
“Удзельнікі праграмы “Глабальная адукацыя” ў асноўным не маюць фінансавай магчымасці аплаціць вучобу, але і для іх застаюцца варыянты. Напрыклад, знайсці камерцыйную кампанію, якая гатова ўкласціся ў свайго будучага супрацоўніка, аплаціўшы яго навучанне за мяжой. Ці падаць заяўку на стыпендыю самой замежнай ВНУ ў прыватным парадку, без удзелу ў дзяржаўнай праграме”, — працягвае Н.Пугачова.
Па яе словах, у цяперашняй эканамічнай сітуацыі самымі выгаднымі аказваюцца адукацыйныя праграмы ў Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Некаторыя краіны, напрыклад Мальта, увялі свае антыкрызісныя меры і замарозілі цэны для студэнтаў на ўзроўні 2014 года.
“Ёсць свае хітрасці і ў Вялікабрытаніі. Так, гадавое навучанне ў топавых ВНУ — Оксфардзе ці Кембрыджы — каштуе каля £40 тысяч. Але ёсць, напрыклад, Саўтгемптанскі ўніверсітэт, навучанне ў якім каштуе £13 тысяч у год, і студэнты гэтай ВНУ маюць права карыстацца ўсімі адукацыйнымі рэсурсамі Оксфарда і Кембрыджа”, — расказала Н.Пугачова.
У сваю чаргу дырэктар Інстытута сацыяльнай палітыкі і сацыяльна-эканамічных праграм Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта “Вышэйшая школа эканомікі” Сяргей Смірноў адзначае, што попыт на паездкі за мяжу з мэтай вучобы крыху знізіўся, але звязана гэта найперш не з курсам валют, а з развіццём дыстанцыйнай адукацыі. На яго думку, займацца навукай за мяжу едуць нямногія, часцей студэнты хочуць набрацца практычных ведаў. “Навучэнцаў цікавяць канкрэтныя замежныя тэхналогіі, якія можна ўкараніць у Расіі. У першую чаргу гэта сфера кіравання”, — растлумачыў С.Смірноў.
Эксперты лічаць, што скарачэнне месцаў у замежных ВНУ, якія фінансуюцца з расійскага бюджэту, вельмі негатыўна адаб’ецца на якасці падрыхтоўкі кадраў для айчыннага рынку працы.
“Праграма “Глабальная адукацыя” была надзвычай добрай магчымасцю для студэнтаў не толькі з Масквы ці Пецярбурга, але і з рэгіёнаў з’ехаць за мяжу, паспрабаваць свае сілы, вярнуцца і тут рэалізаваць сябе. Вядома, скароціцца і колькасць перспектыўных кадраў, якія да нас вернуцца”, — лічыць кіраўнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва факультэта журналістыкі МДУ Ганна Гладкова.
Даведка: 28 снежня 2013 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі № 967 “Аб мерах па ўмацаванні кадравага патэнцыялу Расійскай Федэрацыі”, што замацаваў прынцыпы рэалізацыі Праграмы сацыяльнай падтрымкі грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія самастойна паступілі ў вядучыя замежныя адукацыйныя арганізацыі і вучацца ў іх па спецыяльнасцях і напрамках падрыхтоўкі, якасць навучання па якіх адпавядае лепшым сусветным стандартам, і па забеспячэнні іх працаўладкавання ў арганізацыі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй. Пасля праграма была зацверджана пастановай урада Расійскай Федэрацыі ад 20 чэрвені 2014 года № 568.
Праграма скіравана на захаванне і развіццё навуковых, педагагічных, медыцынскіх і інжынерных кадраў, кіраўніцкага патэнцыялу ў сацыяльнай сферы, а таксама на падтрымку грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія самастойна паступілі ў вядучыя замежныя адукацыйныя арганізацыі, і іх наступнае працаўладкаванне.
Дзяржаўным заказчыкам праграмы з’яўляецца Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Аператарам — Маскоўская школа кіравання “Сколкава”, якая ажыццяўляе арганізацыйна-тэхнічнае і інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне праграмы.
Некамерцыйнай арганізацыяй праграмы, якая ажыццяўляе фінансавае суправаджэнне яе ўдзельнікаў, з’яўляецца Федэральная дзяржаўная бюджэтная ўстанова “Цэнтр развіцця адукацыі і міжнароднай дзейнасці (“Інтэрадукацыя”)”.
Праграма мае тры ўзроўні падрыхтоўкі: магістратура, ардынатура, аспірантура.
У праграме бяруць удзел 227 вядучых замежных адукацыйных арганізацый з 27 краін свету (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Бразілія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Ізраіль, Ірландыя, Іспанія, Італія, Канада, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Нарвегія, Сінгапур, ЗША, Фінляндыя, Францыя, Швейцарыя, Швецыя, Карэя, Японія, Кітай (у тым ліку Сянган і Тайвань), Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
Падрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца па 5 прыярытэтных напрамках: навука, адукацыя, медыцына, інжынерыя, кіраванне ў сацыяльнай сферы — усяго 32 узбуйненыя блокі спецыяльнасцей.