Расія: у дзіцячых садках трэба забараніць школьныя заняткі

- 11:53Паралелі
З верасня бягучага года ў рэжыме эксперымента ўводзіцца новы федэральны дзяржаўны адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі. У хуткім часе Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі прадставіць яго праект на экспертнае абмеркаванне. Сваё меркаванне пра тое, якім павінен быць адукацыйны стандарт для выхаванцаў дзіцячых садкоў, у інтэрв’ю РІА Навіны выказаў старшы навуковы супрацоўнік Федэральнага інстытута развіцця адукацыі, член рабочай групы па распрацоўцы гэтага дакумента Уладзімір Загвоздкін.

Уладзімір Канстанцінавіч, ці ўлічваецца міжнародны вопыт у распрацоўцы стандарту для дашкольнікаў?
— З самага пачатку рабочая група атрымлівала і аналізавала інфармацыю пра развіццё дашкольнай адукацыі за мяжой, каб улічыць асноўныя прынцыпы, прынятыя ў міжнароднай адукацыі. Аднак інтэграваць гэты вопыт у нашу сістэму няпроста з-за глыбокіх адрозненняў у традыцыях, якія гістарычна склаліся ва ўмовах розных грамадскіх укладаў. Гэта відаць ужо на ўзроўні новага Закона “Аб адукацыі ў РФ”. Інавацыйным у новым законе з’яўляецца палажэнне аб тым, што дашкольная адукацыя становіцца паўнацэнным узроўнем адукацыі. У нашай краіне гэта азначае, што да дашкольнай адукацыі павінна прад’яўляцца тая ж сістэма патрабаванняў, што і да іншых узроўняў. У краінах Захаду дашкольная адукацыя з сярэдзіны 90-х гадоў таксама прызнаецца паўнацэнным узроўнем. Аднак ранняя і дашкольная адукацыя рэгулюецца спецыяльнымі законамі, і агульнай сістэмы патрабаванняў не вылучаецца ў сувязі са спецыфікай гэтага этапу адукацыі.
Тое ж тычыцца і стандарту. Канцэпцыя расійскага стандарту зыходзіць з адзінства патрабаванняў да ўмоў, адукацыйных праграм і іх вынікаў. У свеце ж не існуе адзінага стандарту. Існуюць розныя віды стандартаў, у іх розныя адрасаты і розныя функцыі. Напрыклад, патрабаванні да ўмоў — гэта патрабаванні найперш да заснавальніка, гэта значыць дзяржавы, а не да дзіцячых садкоў ці школ. Калі стандарт вызначае патрабаванні да дзіцячых садкоў, то гэта павінна тычыцца толькі тых аспектаў, якія сапраўды залежаць ад установы. Напрыклад, узровень развіцця дзіцяці залежыць не толькі ад дзіцячага садка, але і ад прыроджаных асаблівасцей і ўмоў жыцця ў сям’і. Дзеці развіваюцца па-рознаму. Таму ніякіх агульных “патрабаванняў да вынікаў” у замежных стандартах і праграмах дашкольнай адукацыі няма.
У адносінах дашкольнага ўзроўню адукацыі можна гаварыць толькі пра агульныя для ўсіх мэты, кірункі адукацыйнай работы: фізічны, пазнавальны, эмацыянальнае развіццё, развіццё мыслення і мовы, творчых здольнасцей, сацыяльных і асобасных якасцей, засваенне каштоўнасцей і інш. Ніякіх нарматываў развіцця, абавязковых да выканання, у дашкольнай адукацыі быць не павінна. Таму адзінства патрабаванняў у замежных стандартах не існуе.

Пачынаючы нейкія рэформы ці пераўтварэнні, мы часта спасылаемся на міжнародны вопыт. Як арганізавана дашкольная адукацыя ў Еўропе і ЗША? Хто яе аплачвае?
— Я ўжо згадаў, што ва ўсіх гэтых краінах дашкольная адукацыя ў 90-х гадах была прызнана ўзроўнем. Аднак гэта ніяк не звязваецца з пытаннем пра тое, павінны бацькі плаціць ці не, хоць у канстытуцыях замацавана права на адукацыю для ўсіх грамадзян. У нашай краіне чамусьці гэтыя рэчы звязваюцца: калі адукацыя бясплатная і дашкольная адукацыя — гэта ўзровень сістэмы адукацыі, то адукацыя дашкольніка не павінна аплачвацца бацькамі. Для таго каб абгрунтаваць бацькоўскую плату, трэба было падзяліць адукацыю і догляд — бацькі павінны плаціць за догляд, а адукацыя бясплатная. Аднак ва ўсім свеце — з гэтым згодны і нашы спецыялісты — ёсць прынцып адзінства адукацыі і догляду, адукацыі і выхавання ў раннім і дашкольным узросце. Не трэба раз’ядноўваць адукацыю і догляд, каб абгрунтаваць бацькоўскую плату. Гэта выклікае толькі блытаніну.
Што да сістэмы фінансавання дзіцячых садкоў і платы за гэта бацькоў, то ў свеце існуе вялікая колькасць розных мадэляў фінансавання і розныя разлікі долі бацькоўскай аплаты і налічэння кампенсацый. У адной і той жа краіне мы можам сустрэць зусім розныя спосабы налічэння. Так, у Германіі, паводле праведзенага нядаўна даследавання, удзельная вага бацькоўскай аплаты за месца ў групе няпоўнага дня ў розных гарадах вагаецца ад 0 да 3000 еўра ў год. У некаторых гарадах ФРГ павінны плаціць нават сем’і з нізкім узроўнем даходаў, у той час як у іншых рэгіёнах нават сем’і, якія добра зарабляюць, не павінны плаціць нічога. У цэлым жа можна канстатаваць тэндэнцыю да зніжэння бацькоўскай аплаты ў залежнасці ад даходаў сям’і. У палітычных праграмах заходніх краін сцвярджаецца, што трэба змяншаць аплату за дашкольную адукацыю, каб забяспечыць яе даступнасць.

Ці здаюць дзеці за мяжой экзамены па выніках знаходжання ў дзіцячым садку?
— Ніякіх экзаменаў дзеці, як правіла, не здаюць. І па расійскім законе таксама ніякіх экзаменаў не плануецца.
Наогул пытанне пра так званую гатоўнасць да школы — гэта пытанне не дзіцячай псіхалогіі ці ўзроставай фізіялогіі, гэта найважнейшае пытанне адукацыйнай палітыкі. На сённяшні дзень у міжнароднай супольнасці існуе дамоўленасць пра тое, што дзеці пасля завяршэння этапу дашкольнай адукацыі і пры пераходзе ў пачатковую школу паказваюць шырокі спектр здольнасцей рознага ўзроўню. І школа павінна быць да гэтага гатова. Нельга патрабаваць ад дзіцяці, каб яно было гатова да школы, а школу пры гэтым вызваляць ад усялякай адказнасці.
Гатоўнасць да школы якраз і з’яўляецца пэўным прыкладам прынцыповага адрознення нашых нарматыўных дакументаў ад законаў, прынятых за мяжой. Яшчэ нядаўна ад дзіцячых садкоў патрабавалі забяспечыць гатоўнасць да школы для ўсіх дзяцей любой цаной. Але такое патрабаванне немагчымае і бессэнсоўнае, калі прызнаць, што ўсе дзеці розныя і ўмовы жыцця ў іх розныя, і мы не можам прымусіць дзіця развівацца па загадзя вызначаным плане, спушчаным зверху. Ці атрымаецца ў новым стандарце адмовіцца ад гэтых бессэнсоўных патрабаванняў да дзіцяці — пакажа час.

А наогул, ці вучыцца дзіця ў дзіцячым садку за мяжой?
— Маленькае дзіця — гэта геніяльны вучань! Менавіта таму дашкольную прыступку прызналі ўзроўнем адукацыі: шматлікія даследаванні паказалі велізарны адукацыйны патэнцыял ранняга і дашкольнага ўзросту. Дзіця-дашкольнік вучыцца шляхам удзелу ў агульным жыцці і штодзённых справах, назіраючы за іншымі дзецьмі і дарослымі, шляхам даследчай актыўнасці. Найважнейшая форма навучання дзіцяці-дашкольніка — гэта гульня. Іншымі словамі, асноўная форма — гэта “нефармальнае навучанне”. Дзіця, калі яно добра сябе адчувае, заўсёды чымсьці занята, робіць тое, што яму падабаецца, і гэта, як пераканаўча паказалі міжнародныя даследаванні, самы эфектыўны спосаб навучання і развіцця дзіцяці-дашкольніка.

— На чым павінен быць зроблены акцэнт у дашкольным стандарце?
— Па-першае, ацэнка якасці дашкольных арганізацый не павінна быць цвёрда звязана з узроўнем развіцця дзяцей, на які ўплываюць мноства сацыяльных і прыроджаных фактараў і не залежаць ад дзіцячага садка. Па-другое, не павінна быць перапоўненых груп. Па-трэцяе, дзецям павінен давацца дастатковы час на свабодную гульнявую, даследчую, творчую актыўнасць. Па-чацвёртае, дзеці павінны мець багаты матэрыял для даследаванняў, гульняў і фізічнага развіцця, гэта значыць, адпаведную прастору і абсталяванне. І, нарэшце, трэба ўвесці забарону на заняткі школьнага тыпу.