Расія: у краіне скарачаецца колькасць нацыянальных моў, якія выкладаюць у школе

- 10:59Паралелі

Колькасць нацыянальных моў у Расіі, якія выкладаюцца ў школе, штогод скарачаецца, і праз некалькі гадоў іх можа быць толькі 4—5, расказаў у інтэрв’ю МІА “Расія сёння” прафесар кафедры агульнага і рускага мовазнаўства прарэктар па навуцы Дзяржаўнага інстытута рускай мовы імя А.С.Пушкіна Міхаіл Асадчы.

“У Расіі каля 100 моў. З іх толькі нешматлікія з’яўляюцца мовамі адукацыі. І іх колькасць, сапраўды, імкліва скарачаецца. Напрыклад, у 2015 годзе адукацыя ў Расіі вялася на 18 мовах. У 2016 годзе гэтых моў было толькі 13. Па 2017 годзе пакуль у мяне няма даных, яны яшчэ не абагульнены, але я падазраваю, што зноў будзе зніжэнне. Відавочна, мы прыйдзем да таго, што праз некалькі гадоў застанецца 4—5 моў адукацыі”, — сказаў ён.

Міхаіл Асадчы растлумачыў, што калі на якой-небудзь мове не адбываецца вучэбнага працэсу, то яна знікае натуральным чынам. Паводле яго слоў, толькі сістэма адукацыі здольна ратаваць ці, наадварот, губіць тую ці іншую мову.

“Тут, ведаеце, праблема, з аднаго боку, палітычная, а з другога — яна яшчэ эканамічная. Усе мы разумеем, што стварэнне ўмоў для вывучэння ўсіх моў — гэта вельмі затратны працэс. Многія краіны на яго ідуць. Напрыклад, у Германіі дастаткова аднаму з бацькоў напісаць заяву пра тое, што дзіця хоча вывучаць родную мову, рускую, напрыклад, або ўкраінскую, або польскую, як адразу ж адміністрацыя школы абавязана даць такую магчымасць дзіцяці для яго аднаго”, — сказаў ён.

Паводле слоў прафесара, у Расіі таксама ёсць такі прадмет, як родная мова. Ён уваходзіць у тую частку адукацыйнай праграмы, якую рэгіён фарміруе самастойна. Многія рэгіёны за кошт гэтай часткі адукацыйнай праграмы сёння захоўваюць свае мовы.

Філолаг адзначыў, што сёння выкладаць любы прадмет у школе немагчыма без сучасных падручнікаў. Гэта і з’яўляецца галоўнай праблемай для захавання выкладання ў школах нацыянальных моў.

“З пункту гледжання закона, мы не маем права выкладаць ні адзін прадмет без паўнавартаснага нармальнага вучэбна-метадычнага забеспячэння, прасцей кажучы, без падручніка, без рабочых сшыткаў, без праграмы. А вось па малых мовах, па рэдкіх мовах такіх падручнікаў проста няма. Або ёсць фрагментарныя спробы як-небудзь апісаць гэтую мову”, — сказаў Міхаіл Асадчы.

Паводле яго слоў, такія падручнікі змяшчаюць, як правіла, нейкую частку граматыкі, альбо прызначаны для пачатковага ўзроўню, альбо з’яўляюцца састарэлымі.

“Адсутнасць сучаснага паўнавартаснага вучэбна-метадычнага забеспячэння для такіх рэдкіх моў з’яўляецца сёння галоўнай праблемай і галоўнай прычынай, чаму гэтыя мовы знікаюць. Няма ніякага злога намеру, няма ніякай палітычнай задачы. Гэта працэс цалкам натуральны. Не пішуцца падручнікі носьбітамі гэтай мовы, значыць, паступова прадмет са школ сыходзіць. І тут можна звярнуцца да носьбітаў знікаючых моў з прапановай даваць сваім дзецям філалагічную адукацыю, накіроўваць іх на філалагічныя факультэты, каб яны пасля пісалі падручнікі роднай мовы. Пакуль не будуць пісацца падручнікі, выміранне моў не спыніцца”, — адзначыў эксперт.

На думку Міхаіла Асадчага, падмурак маўленчых кампетэнцый дзіцяці закладваецца ў сям’і. Пры гэтым выпадкі, калі выхаванне і зносіны з бацькамі ідуць адразу на дзвюх мовах — так званы білінгвізм — уяўляюць вялікую цікавасць для навуковых даследаванняў.

“Да гэтага часу незразумела, ці аказвае білінгвізм які-небудзь істотны ўплыў на развіццё галаўнога мозга, ці з’яўляюцца такія дзеці больш разумнымі, больш хуткімі альбо, наадварот, ім нешта перашкаджае. Але, як правіла, дзеці, якія адразу чуюць дзве мовы з нараджэння, крыху пазней пачынаюць гаварыць, чым іх аднагодкі, што жывуць у монаасяроддзі”, — лічыць эксперт. Па словах навукоўца, пасля гэта не прыводзіць да нейкага педагагічнага адставання, а самі дзеці вельмі хутка наганяюць “упушчаны” час.

“Хутчэй за ўсё, гэтае адставанне звязана з тым, што ім даводзіцца стартаваць адразу з дзвюх пазіцый. І незразумела пакуль, як так атрымліваецца, што дзве мовы не змешваюцца ў свядомасці білінгвальных дзяцей. Калі мама размаўляе з ім на рускай, а тата — на нямецкай, усё ж такі дзеці, няхай з інтэрферэнцыі, няхай часам блытаючы словы, але загавораць на дзвюх мовах. Як гэта адбываецца, як яны здагадваюцца, як правільна дзяліць словы і моўныя сістэмы — гэта вялікая загадка чалавечага мозга”, — сказаў ён.

Як растлумачыў эксперт, у моўным асяроддзі існуе такая з’ява, як дыялектная разнастайнасць. У нямецкай мове яна яскрава выяўлена, а самі дыялекты ўяўляюць вялікую каштоўнасць для носьбітаў нямецкай мовы, якія вельмі ганарацца тым, што размаўляюць на нейкім дыялекце. У расійскім жа грамадстве, наадварот, гаварыць на дыялекце ганебна і лічыцца прыметай дрэннай адукацыі. “Увогуле, гэта ўжо нацыянальныя рэчы са сферы нацыянальнага менталітэту, якія вельмі складана растлумачыць лагічна, але з якімі даводзіцца лічыцца”, — сказаў Міхаіл Асадчы.

У Расіі, паводле яго слоў, дзейнічае жорсткая ўніфікацыя і нармаванне ў выкладанні рускай мовы. Уся краіна падладжваецца пад адзіную маскоўскую норму, пазбягаючы дыялектызмаў і асаблівасцей у падачы рускай мовы. “Сібір у гэтым плане з’яўляецца ўнікальным рэгіёнам. Справа ў тым, што Сібір як культурна-моўная прастора фарміравалася з вялікай колькасці моўных асноў. Гэта былі і паўночныя гаворкі, і паўднёвыя, якія змешваліся ў сібірскай прасторы. У такой моўнай разнастайнасці людзям для таго, каб разумець адно аднаго, трэба выраўноўвацца пад нейкую норму. І Сібір выраўнавалася пад маскоўскую норму, таму на сёння ў сібіракоў адно з самых чыстых вымаўленняў, якое ў большай ступені адпавядае маскоўскай норме”, — сказаў на завяршэнне Міхаіл Асадчы.