Расія: у крызіс студэнты сталі працаваць больш

У Сібіры рэзка павялічылася колькасць студэнтаў, якія сумяшчаюць работу з вучобай. Падпрацоўваць сёння ў сувязі з крызіснымі з’явамі вымушаны больш за 65% навучэнцаў універсітэтаў.

Рэкрутынгавыя парталы HeadHunter і Career.ru апублікавалі вынікі даследаванняў студэнцкага рынку працы. Паводле апытання, работу сёння мае кожны другі студэнт ВНУ, а ў верасні работадаўцаў завалілі сваімі рэзюмэ нават першакурснікі.
Напрыклад, у Омску колькасць студэнтаў, якія сумяшчаюць навучанне ў ВНУ з работай, павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам з 62 да 67%. Актыўна шукаць вакантныя месцы маладыя жыхары горада пачалі яшчэ ў жніўні. У выніку конкурс на адну прапанову да верасня вырас да 14 чалавек.
А ў Томску на адну вакансію ў сярэднім прэтэндуюць ужо 16 студэнтаў. У Кемераўскай вобласці пастаянную падпрацоўку маюць звыш 65% навучэнцаў рэгіянальных ВНУ.
“Студэнты дзённай формы аддаюць перавагу працы па зменным графіку, — паведамляе служба даследаванняў HeadHunter. — А кожны другі навучэнец дзённа-завочнага і завочнага аддзялення працуе па стандартным графіку”.
Як адзначаюць эксперты, больш за палову студэнтаў, якія працуюць, па-ранейшаму выбіраюць сабе падпрацоўку не па спецыяльнасці. Будучыя інжынеры і настаўнікі працуюць барменамі, прадаўцамі, страхавымі агентамі і афіцыянтамі.