Расія: у рэгіёнах створаць інстытут пазаштатных псіхолагаў

- 12:08Паралелі

Інстытут пазаштатных псіхолагаў будзе створаны пры садзейнічанні Міністэрства асветы ў суб’ектах Расійскай Федэрацыі, паведаміла намеснік міністра асветы Расіі Таццяна Сінюгіна на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў рамках Усерасійскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог-псіхолаг Расіі — 2018”.

Новаўвядзенне было прынята ў рамках пачатку работы Федэральнага рэсурснага цэнтра развіцця і падтрымкі псіхалагічнай службы ў сістэме адукацыі.

“Павінны з’явіцца пазаштатныя псіхолагі сістэмы адукацыі, якія былі б самымі аўтарытэтнымі, яны працавалі б над каардынацыяй усёй дзейнасці ўсіх структур на ўзроўні як рэгіянальным, так і акруговым”, — сказала Т.Сінюгіна, адзначыўшы, што суб’екты Расійскай Федэрацыі прадставілі ўжо сваіх кандыдатаў на гэтую пасаду.
Яна дадала, што ў рэгіёнах таксама з’явіліся федэральныя пляцоўкі, на якіх будуць апрабаваны розныя метадычныя праграмы. У далейшым яны будуць укараняцца з улікам асаблівасцей кожнага суб’екта Расійскай Федэрацыі.

Для эфектыўнай работы інстытута пазаштатных псіхолагаў павінна праводзіцца перападрыхтоўка кадраў і павышэнне іх кваліфікацыі, адзначыў віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі адукацыі (РАА) дэкан факультэта псіхалогіі МДУ імя М.В.Ламаносава Юрый Зінчанка.

“Асноўная праблема цяпер — гэта кваліфікацыя, узровень адукацыі і неабходныя кампетэнцыі, якімі павінен валодаць школьны псіхолаг”, — сказаў ён, адзначыўшы, што ў сучасны вучэбны працэс павінна ўкараняцца сеткавае ўзаемадзеянне і методыкі кіберпсіхалогіі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.