Расія: урок пасля ўрокаў

У верасні павінен запрацаваць сумесны праект Мінкультуры і Мінасветы “Культурны нарматыў” для школьнікаў. Пасля ўрокаў дзеці будуць наведваць выставы, канцэрты, спектаклі, глядзець фільмы і чытаць кнігі. А ўсе свае ўражанні адзначаць у “культурным дзённіку”.

Усяго 7 напрамкаў: літаратура, выяўленчае мастацтва, архітэктура, народная культура, музыка, тэатр і кінематограф. Напрыклад, для нарматыву па літаратуры спецыялісты Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі склада­юць рэкамендаваны спіс твораў. Прычым на аснове тых кніг, якія, на іх погляд, дзеці чытаюць з задавальненнем.

“Спіс яшчэ не канчатковы. Ён падзелены па ўзросце: ёсць блокі для 1—4-х класаў, 5—8-х і 9—11-х. У кожным — каля 100 твораў, — расказала шэф-рэдактар сайта “Библиогид” РГДБ Наталля Казлоўская. — Мы імкнуліся не дубліра­ваць школьную праграму, а дапаўняць яе. У пераліку для малодшых школьнікаў — казкі, прыказкі, прымаўкі. Ёсць і міфы Старажытнай Грэцыі, і навукова-пазнавальныя кнігі. У спісе для сярэдніх і старшых класаў — “Таямніца Эдвіна Друда” Ч.Дзікенса, “Забіць перасмешніка” Х.Лі, “Воблачны полк” Э.Веркіна, “Кім” Р.Кіплінга, “Трохграшовая опера” Б.Брэхта, “Кюхля” і “Смерць Вазір-Мухтара” Ю.Тынянава,”Лісты да жонкі” А.Пушкіна…

Апрабацыя праграмы пачнецца ў васьмі пілотных рэгіёнах. Удзел у ёй добраахвотны. Пасля асваення кожнага культурнага блока — творчае заданне.

“Гэта не экзамен, — гаворыць Наталля Казлоўская. — Мы хочам, каб заданні, якія будуць прапанаваны вучням, далі магчымасць яшчэ раз задумацца над кнігай. Не “засушыць”, а справакаваць у дзяцей цікавасць да культуры.