Расія: усерасійскі ўрок Перамогі стане штогадовым

- 13:26Паралелі

Усерасійскі ўрок Перамогі даў пачатак месячніку Перамогі для расійскіх школьнікаў. Цэнтрам правядзення акцыі стала Масква, дзе ў рамках урока выступілі міністр адукацыі Дзмітрый Ліванаў і міністр культуры Уладзімір Мядзінскі.

“Я думаю, што мы сапраўды зробім гэты ўрок традыцыйным. Тым больш што сучасныя тэхналогіі нам гэта дазваляюць. Вельмі важна, каб не толькі напярэдадні Дня Перамогі, але і на працягу ўсяго года памяць аб Вялікай вайне жыла і каб нашы дзеці ведалі ўсю праўдзівую гісторыю і Вялікай вайны, і Вялікай Перамогі”, — сказаў Ліванаў журналістам.
Маштабная акцыя Мінадукацыі і навукі Расіі прымеркавана да 70-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў. Мерапрыемства стане пачаткам актыўнай патрыятычнай работы і падрыхтоўкі да святкавання Дня Перамогі 9 Мая. У Маскве на пляцоўцы Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі сабраліся прадстаўнікі Мінадукацыі і навукі, Мінкультуры, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, школьнікі і кадэты. З сітуацыйнага цэнтра службы на прамой сувязі з Масквой былі Санкт-Пецярбург, Валгаград, Севастопаль і Курск.
У рамках месячніка Перамогі школьнікі ўсёй Расіі будуць наведваць музеі і мемарыяльныя месцы, удзельнічаць у патрыятычных акцыях. Плануецца адкрыццё інтэрактыўнага праекта на афіцыйным партале Міністэрства адукацыі ў форме спецыяльнага раздзела “Урок Перамогі”. Школьнікі будуць рабіць фатаграфіі і здымаць відэа, якія з каментарыямі і абавязковым указаннем хэштэгаў #урокпобеды #победа70 будуць размяшчацца ў сацыяльных сетках. Усе матэрыялы і паведамленні з гэтымі хэштэгамі будуць аб’яднаны ў спецыяльна створаным раздзеле “Урок Перамогі”.
Акрамя таго, на афіцыйным сайце святкавання 70-годдзя Перамогі may9.ru створаны спецыяльны раздзел “РоднойГерой”. Тут будуць публікавацца фатаграфіі і гісторыі людзей, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Каб далучыцца да акцыі, трэба апублікаваць у якой-небудзь з сацсетак адну або некалькі фатаграфій сваяка, які прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, і напісаць невялікі аповед пра яго. Да публікацыі трэба дабавіць хэштэг #“РоднойГерой”, паведамляе МІА ”Россия сегодня“.