Расія: ВНУ зноў не трапілі ў топ-100 Сусветнага рэйтынга QS

- 12:54Паралелі

Такія вынікі 11-га па ліку рэйтынга, які складае брытанская кампанія Quacquarelli Symonds. Пры складанні рэйтынга ВНУ QS улічвае іх аўтарытэтнасць у акадэмічным асяроддзі, суадносіны прафесарска-выкладчыцкага складу да ліку студэнтаў, рэпутацыю сярод работадаўцаў, цытаванасць, долю замежных выкладчыкаў і студэнтаў. Лепшы вынік сярод расійскіх ВНУ паказаў МДУ імя М.Ламаносава. Універсітэт падняўся ў рэйтынгу на 6 пазіцый у параўнанні з мінулым годам і заняў 108-е месца. Больш ні адной расійскай ВНУ ў другой сотні няма, паведамляюць СМІ.

У тысячу лепшых ВНУ Сусветнага рэйтынга QS уваходзіць, як і ў мінулым годзе, 21 расійскі ўніверсітэт.
Расстаноўка сіл сярод расійскіх ВНУ крыху змянілася. Істотна пагоршыў свае пазіцыі Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, апусціўшыся з 233-га на 256-е месца ў рэйтынгу. А вось Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт, наадварот, падняўся ў рэйтынгу з 328-га на 317-е месца.
Апусціліся ў Сусветным рэйтынгу і такія вядучыя тэхнічныя расійскія ВНУ, як МДТУ імя Баўмана, Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут і Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт “МІФІ”.
Эксперты звязваюць гэта з тым, што пры складанні рэйтынга на 2015/2016 навучальны год быў істотна зменены працэс апрацоўкі сабраных даных. Прычым найбольш прынцыповыя змены закранулі ацэнкі індэкса цытаванасці, а менавіта на гэты крытэрый прыпадаюць 20% выніковай ацэнкі навучальнай установы.
Так, эксперты QS увялі дадатковыя карэкціруючыя каэфіцыенты для індэкса цытаванасці ў галіне медыка-біялагічных і прыродазнаўчых навук, вылучыўшы наступныя групы: “Мастацтва і гуманітарныя навукі”, “Грамадскія навукі”, “Прыродазнаўчыя навукі”, “Тэхнічныя навукі і інжынерная справа” і “Медыка-біялагічныя навукі”. Па гэтых пяці галінах былі скарэкціраваны паказчыкі цытаванасці, атрыманыя за ўвесь час правядзення даследавання з 2004 года.
Акрамя таго, пры разліку індэкса цытаванасці эксперты перасталі ўлічваць навуковыя работы, у якасці аўтараў якіх пазначаны прадстаўнікі больш чым 10 сумежных арганізацый. І хаця, як сцвярджаюць эксперты QS, змена адносіцца толькі да 0,34% работ з базы даных Scopus, можна меркаваць, што гэта таксама паслужыла пагаршэнню пазіцый расійскіх тэхнічных ВНУ.
Крыху здаў пазіцыі і Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, які апусціўся з 386-га на 397-е месца, НДУ ВШЭ апынуўся ў шостай сотні.
Раней у Quacquarelli Symonds адзначалі, што ў расійскіх ВНУ традыцыйна высокія ацэнкі па акадэмічнай рэпутацыі, аднак на гэты раз вынікі акадэмічнай паспяховасці аслабелі, таму адзіным стабільна высокім паказчыкам расійскіх ВНУ засталіся суадносіны колькасці студэнтаў і выкладчыкаў.
У сувязі з гэтым, лічаць у QS, расійскім ВНУ будзе цяжка выканаць устаноўку на істотнае ўмацаванне пазіцый у міжнародных рэйтынгах, дадзеную кіраўніцтвам краіны яшчэ некалькі гадоў назад.
У 2013 годзе Уладзімір Пуцін даручыў ураду дасягнуць таго, каб да 2020 года ў першай сотні аўтарытэтных сусветных рэйтынгаў апынулася не менш за пяць расійскіх ВНУ.
На рэалізацыю гэтага даручэння 15 ВНУ выдзелілі 9 млрд рублёў. Пры гэтым МДУ ў лік субсідзіраваных універсітэтаў не трапіў, паколькі яго фінансаванне асобна прапісваецца ў дзяржаўным бюджэце.
Пакуль што расійскія ВНУ рэдка трапляюць у першую сотню сусветных рэйтынгаў, дэманструючы крыху лепшыя паказчыкі ў рэйтынгах прадметных і рэгіянальных. У прыватнасці, тая ж QS паставіла МДУ ў лік 50 лепшых па выніках World University Rankings by Subject і на 4-е месца ў рэйтынгу ВНУ краін БРІКС.
Што тычыцца сусветных лідараў, то рэйтынг QS ужо чацвёрты год запар узначальвае Масачусецкі тэхналагічны інстытут. 2-е месца заняў Гарвардскі ўніверсітэт, падняўшыся з чацвёртага радка. 3-е месца падзялілі Кембрыджскі і Стэнфардскі ўніверсітэты.
У першай сотні рэйтынга апынуліся больш за 10 брытанскіх ВНУ, прычым чатыры з іх — у першай дзясятцы. Акрамя Кембрыджа, у дзясятку трапілі Оксфард, Універсітэцкі каледж Лондана і Імперскі каледж Лондана, якія занялі адпаведна 6-е ,7-е і 8-е месцы.
Яшчэ дзве лонданскія ВНУ — Кінгс-каледж і Лонданская школа эканомікі — занялі 19-е і 35-е месцы адпаведна. Кантакт з топ-50 адразу чатырох ВНУ з Лондана дазволіла яго мэру Барысу Джонсану назваць горад сусветнай сталіцай адукацыі.
За Лонданам размясціліся Бостан і Нью-Ёрк — гэтыя гарады дэлегавалі па тры ВНУ з топ-50. Далей ідуць Парыж, Сідней, Ганконг і Пекін. Кожны з гэтых гарадоў прадстаўлены на першых 50 радках рэйтынга дзвюма ВНУ.
З дзяржаў лепшы вынік паказалі ЗША, якія акупіравалі амаль чвэрць з першых 200 радкоў рэйтынга. Брытанія заняла 2-е месца з 30 ВНУ у топ-200 супраць 49-га у амерыканцаў. Гэтыя дзве краіны ў топ-10 прадстаўлены девяццю ВНУ. Акрамя іх, у дзясятку наймацнейшых прабілася толькі Швейцарская тэхнічная школа Цюрыха, заняўшы 9-е месца.
Далей сярод краін размясціліся Нідэрланды, прадстаўленыя ў топ-200 дванацаццю ВНУ. Пасля значыцца Германія з адзінаццю ВНУ. 5-е месца падзялілі Канада, Аўстралія і Японія (па 8 ВНУ).
У рэйтынг трапілі 7 ВНУ кантынентальнага Кітая (6-е месца). А з улікам універсітэтаў Сянгана і Тайваня — 14 (3-е месца пасля ЗША і Вялікабрытаніі). Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу істотны рост паказчыкаў рэйтынга абсалютнай большасці кітайскіх ВНУ. Так, Універсітэт Цынхуа ўзняўся ў рэйтынгу з 47-га на 25-е месца, Ганконгскі тэхналагічны ўніверсітэт — з 40-га на 28-е, Гарадскі ўніверсітэт Ганконга — са 108-га на 57-е, Шанхайскі, Чжэнцзянскі і Нанкінскі ўніверсітэты — адпаведна са 104-га на 70-е, са
144-га на 110-е і са 162-га на 130-е месца; Навукова-тэхнічны ўніверсітэт Кітая — са 147-га на 113-е месца.
Выдатныя вынікі прадэманстравалі вядучыя ВНУ вядомага высокай якасцю адукацыі Сінгапура. Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура ўзняўся з 22-га на 12-е, а Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт — з 39-га на 13-е месца.
Сярод ВНУ краін Усходняй Еўропы добрыя паказчыкі прадэманстраваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які другі раз за сваю гісторыю трапіў у топ-500 і размясціўся ў групе ВНУ, якія займаюць 421—430 пазіцыі. Пры гэтым наша вядучая ВНУ за апошнія гады істотна палепшыла паказчыкі. У 2012 годзе БДУ знаходзіўся ў групе “501+”, у 2013 — на 551-м месцы. Летась ён падняўся на 491-га месца, а ў гэтым годзе дадаў некалькі дзясяткаў пазіцый і апынуўся ў групе “421—430”.
Пазіцыі вядучых ВНУ найбліжэйшых да нас дзяржаў: Варшаўскі ўніверсітэт (Польшча) — 344, Тартускі ўніверсітэт (Эстонія) — 400, Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі (Украіна) — 421—430, Талінскі тэхнічны ўніверсітэт (Эстонія) — 501—550, Вільнюскі ўніверсітэт (Літва) — 501—550 і Латвійскі ўніверсітэт (Рыга) — 701+.