Расія: як святкавалі выпускныя вечары пакаленні расійскіх школьнікаў

Расійскія школьнікі скончылі здаваць экзамены і цяпер рыхтуюцца да новага дарослага жыцця і паступлення ва УВА. Але перад гэтым трэба як след развітацца са школай на выпускным вечары. Дарэчы, першае падобнае свята прайшло ў Расіі роўна 300 гадоў назад. Чаму Пушкін быў “чугуннікам”, хто заклаў традыцыю купацца ў фантанах і якія выпускныя былі самымі дарагімі — у матэрыяле “Газеты.Ru”.

Традыцыю святкаваць заканчэнне вучобы з аднакашнікамі ў Расіі заклаў Пётр I. Першымі расійскімі выпускнікамі сталі вучні матэматычных і навігацыйных школ, а таксама ваенных вучылішчаў. У 1718 годзе вучні школы матэматычных і навігацыйных навук у Маскве адсвяткавалі першы ў расійскай гісторыі выпускны.

Учарашнія школьнікі таго года былі маладымі людзьмі рознага ўзросту, паколькі ва ўстановы прымаліся “дзеці” ад 11 да 23 гадоў, а навучанне магло працягвацца 10—15 гадоў.

У 1719 годзе свята прайшло ў Санкт-Пецярбургу. Тады ў сталіцы імперыі моцна пілі першыя выпускнікі Марской акадэміі. У той час выпускныя вечары былі сумешчаныя з цырымоніяй, якая цяпер называецца “апошні званок”: спачатку выпускнікам выдавалі атэстаты аб заканчэнні навучальнай установы, настаўнікі і дырэктар казалі ўрачыстыя прамовы, а затым пачынаўся святочны банкет для ўжо былых вучняў і выкладчыкаў.

Паступова вечар перацякаў у сапраўдны “хлапечнік”: выпускнікі браталіся з выкладчыкамі, пілі шампанскае, спявалі песні хорам, а яшчэ ладзілі кулачныя баі.

Дырэктар Царскасельскага ліцэя Ягор Энгельгарт падарыў першым выпускнікам установы, сярод якіх быў Аляксандр Пушкін, чыгунныя колцы з аскепкаў звону ліцэйскай царквы ў выглядзе сплеценых рук: па традыцыі пасля выпускнога акта (менавіта так у той час называлася гэтае свята) звон, які збіраў вучняў на заняткі на працягу некалькіх гадоў, разбівалі.

Колцы сталі сімвалам моцнай, братэрскай любові паміж ліцэістамі, якія з тых часоў пачалі называць сябе “чыгуннікамі”.

На развітальным балі сябры-ліцэісты паабяцалі адзін аднаму сустракацца кожны год у дзень заснавання ліцэя, 19 кастрычніка. І сваё абяцанне стрымалі. Аляксандр Гарчакоў стаў апошнім ліцэістам першага выпуску, які ў 1882 годзе ў адзіноце адсвяткаваў памятны дзень.

Традыцыя заказваць аднолькавыя колцы, як сімвал прыналежнасці да своеасаблівага клуба выпускнікоў, прыжылася. У дарослым жыцці дзякуючы гэтым колцам выпускнікі адной навучальнай установы розных гадоў маглі пазнаць “братоў па вучобе”.

У XIX стагоддзі традыцыя выпускных-хлапечнікаў карэнным чынам змянілася, таму што цяпер на святах сталі з’яўляцца дзяўчаты. Гэта было звязана не з тым, што яны атрымлівалі дыпломы, бо ў той час адукацыя, тым больш вышэйшая, была даступна ў асноўным мужчынам. Бацькі прыводзілі дачок на выпускныя з мэтай знайсці добрага жаніха.

Дзеля такой сур’ёзнай справы (замужжа, а не атрымання атэстата) бацькі не скупіліся. Для таго, каб падрыхтаваць дачку да “першага плавання” на свецкім балі, яны трацілі тысячы рублёў, небывалыя па тых часах грошы, якія былі даступны толькі самым багатым. У сярэднім на адзін выезд прыгажуні-дачкі сыходзіла да 3 тысяч рублёў, часам сума даходзіла і да 10—20 тысяч.

Са з’яўленнем дзяўчат на выпускных прыйшла традыцыя балю і танцаў, а таксама нявіннага флірту і падлашчванняў. Вядома, бацькі былі напагатове і пільна сачылі за дзецьмі. У той час моладзь на выпускных вечарынах танцавала мазурку і катыльён. Пазней, у часы Аляксандра II, выпускнікі з маладымі дамамі сталі танцаваць польку і вальс.

Апошні танец лічыўся найбольш інтымным, паколькі кавалер абдымаў партнёрку за талію, а іх рукі датыкаліся, што дазваляла ім абменьвацца запіскамі.

У XIX стагоддзі курсанты і кадэты завялі яшчэ адну своеасаблівую традыцыю выпускных — купацца цёплым чэрвеньскім вечарам у фантанах, залазіць на помнікі і абліваць іх фарбай.

У той час выпускныя балі праходзілі таксама і ў жаночых навучальных установах, напрыклад, у Смольным інстытуце высакародных дзяўчат, але патрапіць на такія вечары можна было толькі па запрашэннях. Выпускніцы хацелі ўразіць адна адну і кавалераў на галоўным свяце і таму замаўлялі сабе сукенкі з дарагой і лёгкай напаўпразрыстай тканіны — кісеі, з-за чаго дзяўчат, многія з якіх былі інфантыльнымі і залішне эмацыянальнымі, сталі называць “кісейнымі паненкамі”.

Пакуль сталічныя выпускнікі забаўляліся на балях, маладыя людзі ў правінцыі святкавалі заканчэнне вучобы па-свойму. Напрыклад, традыцыі сустракаць на параходзе наступленне першага дня дарослага жыцця расіяне абавязаны выпускнікам Мужчынскай гімназіі ў Краснаярску. Бацькі навучэнцаў “скінуліся” і арандавалі для сваіх дзяцей параход, які катаў іх па Енісеі. Дарэчы, атрымаць асалоду ад рачной прагулкі змаглі толькі 3 выпускнікі. З 70 чалавек першага набору да апошняга курса дайшлі толькі 6. Палова з іх не вытрымала экзамены, таму тыя 3 абраныя заслужылі не толькі рачную прагулку, але і тое, каб мы іх узгадалі як першапраходцаў-выпускнікоў.

На пачатку ХХ стагоддзя святы сталі больш сціплымі. Гэта было звязана з тым, што адукацыя стала даступная не толькі дваранам, але і прадстаўнікам іншых саслоўяў. Гімназісты і кадэты на выпускныя вечары апраналі святочную форму сваёй навучальнай установы. У аднолькавыя і даволі сціплыя сукенкі прыбіраліся і гімназісткі. Акрамя таго, у гэтыя гады інстытуты высакародных дзяўчын упершыню сталі самастойна аплачваць банкеты з музыкай. Да гэтага ўсе матэрыяльныя выдаткі клаліся на плечы бацькоў выпускніц.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года выпускныя святы сталі яшчэ больш сціплымі і строгімі. Нават слова “баль” было прызнана занадта старамодным і буржуазным і заменена на “вечар”. Да сярэдзіны 1930-х гадоў выпускныя вечары праходзілі ў форме ўрачыстых лінеек, на якіх дырэктар уручаў былым вучням атэстаты. Аднак з часам жаданне моладзі ўзяло сваё і выпускныя сталі праходзіць з танцамі.

20 і 21 чэрвеня 1941 года краіна Саветаў адсвяткавала свае апошнія мірныя выпускныя перад Вялікай Айчыннай вайной.

3 наступныя гады савецкім выпускнікам было не да вялікіх свят. У класах старэйшай школы тады вучыліся ў асноўным адны дзяўчыны — юнакі адпраўляліся на фронт. Таму на школьных фотаздымках ваенных гадоў звычайна не ўбачыш мужчынскіх твараў.

Традыцыя развітання са школай вярнулася ў Савецкі Саюз пасля вайны. Нават у тыя складаныя гады выпускніцы стараліся прыбрацца для танцаў. Так, напрыклад, у моду ўвайшлі каўнерыкі з карункавымі рушамі, якія школьніцы маглі самастойна прышыць да сукенкі.

Пры гэтым вучні тых гадоў былі нашмат сталейшымі за сучасных школьнікаў. Былыя франтавікі, не паспеўшы атрымаць атэстат падчас вайны, зноў вярталіся ў школы і завяршалі навучанне.

У гэты ж час акрамя атэстата выпускнікі сталі атрымліваць памятныя лісты са шчыльнага кардону з фотаздымкамі ўсіх настаўнікаў і вучняў. Так з’явіліся альбомы, якія сталі абавязковым атрыбутам выпускнога, прычым не толькі з 11, але і з 9 і 4 класаў.

Выпускныя вечары праходзілі ў школах, пры гэтым каля дзвярэй дзяжурылі міліцыянеры, якія не выпускалі ўжо былых вучняў з будынка да 6 гадзін раніцы.

Акрамя танцаў, у выпускнікоў была яшчэ адна забаўка — капуснікі. Юнакі і дзяўчаты ставілі ўрыўкі з п’ес і гумарыстычныя сцэнкі ўласнага сачынення. А яшчэ з’явіліся так званыя салодкія сталы: удзельнікі свята маглі пачаставацца піражкамі, прысмакамі і газіроўкай, ніякага алкаголю не дапускалася. Калі ўдавалася здабыць шампанскае, яго пілі, схаваўшыся ад настаўнікаў і міліцыі.

Цікава, што характарыстыкі, неабходныя кожнаму камсамольцу, школа выдавала толькі на наступную пасля выпускнога раніцу. Мабыць, так у школьнікаў быў яшчэ адзін стымул трымаць сябе ў руках нават на выпускным.