Расія: як вялікія даныя зменяць школу

- 12:03Паралелі

Кожны клас падключаць да Расійскай электроннай школы — адзінай платформы з электроннымі дзённікамі і журналамі, з віртуальнымі ўрокамі і бібліятэкамі. Як вялікія даныя мяня­юць адукацыю? Ці можа разумная сістэма прадказаць адзнакі дзіцяці? Што такое лічбавая педагогіка? Экс­перт “Яндэкса” на партале “Расійскай газеты” расказвае пра новыя магчымасці сучаснай школы.

Бацькі сядзяць з вучнем да гадзіны ночы за падручнікамі? А потым настаўнік сядзіць столькі ж, правяраючы сшыткі? Гэта пакуль. Але электронныя сэрвісы, без перабольшання, сур’ёзна спросцяць жыццё ўсім: сшыткі, вядома, застануцца, аднак частка заданняў пераедзе ў лічбу.

Скажам, настаўнік можа ў адзін клік адправіць усяму класу падборку інтэрактыўных практыкаванняў, якія дзеці выканаюць на камп’ютары або планшэце. Сістэма аўтаматам праверыць адказы і выдасць падрабязную статыстыку: алгарытм падлічыць, дзе вучні часцей памыляюцца, якія тэмы настаўніку трэба падцягнуць, а дзе знізіць нагрузку.

І гэта не далёкая будучыня, а ўжо рэальная практыка вядучых расійскіх школ. “Учи Ру”, “Яндекс.Учебник”, “Якласс” — падобнымі адукацыйнымі сэрвісамі ў краіне карыстаюцца дзясяткі тысяч настаўнікаў. З’явіўся нават новы тэрмін — “лічбавая педагогіка”. Па сутнасці гэта набор прыёмаў, якія дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць лічбавыя рэсурсы на ўроку.

“У “Яндекс.Учебнике” мы аналізуем усе заданні і імкнёмся зразумець, чаму дзеці памыляюцца. Прычын шмат. У пачатковай школе дзіця можа адцягваць ад рашэння яркая карцінка. У гэтым выпадку мы можам яе замяніць, перапісаць умовы, зрабіць іх больш зразумелымі. Над заданнямі працуе вялікая каманда метадыстаў, псіхолагаў, ілюстратараў, — расказвае кіраўнік адукацыйных сэрвісаў “Яндэкса” Ілья Залескі. — Часам сама тэма аказваецца вельмі складанай — у пачатковай школе дзецям цяжэй за ўсё даюцца дробы, долі, працэнты. Тады мы спрабуем зразумець, ці можна зрабіць больш простую версію заданняў на тыя ж дробы, і толькі потым прапануем  складаны варыянт”.

Электронныя сэрвісы аўтаматычна ўлічваюць хуткасць і правільнасць выканання заданняў, колькасць памылак і паводзіны вучня. Неверагодна, але факт: практычна для кожнага дзіцяці сістэма можа падабраць персанальныя заданні, іх паслядоўнасць.

“Сістэму можна наладзіць так, каб наступная задача, якая давалася дзіцяці, была крыху больш складанай за папярэднюю. А верагоднасць яе рашэння заўсёды складала ў сярэднім 80%. У гэтым выпадку, з аднаго боку, дзіця заўсёды матываванае, яму цікава; з іншага — яно ўвесь час будзе атрымліваць заданні, якія яго развіваюць. Гэта значыць, настаўнік не сам прыдумляе, якую наступную задачу даць кожнаму вучню, а за яго гэта робіць “разумны” алгарытм. Школьнік будзе рашаць свае задачы і ў сваім тэмпе, але ў рамках агульнай тэмы, якую праходзіць клас. У ідэале менавіта так павінны выглядаць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, — гаворыць Ілья Залескі. — З гуманітарнымі прадметамі, з гісторыяй, з літаратурай усё, вядома, будзе больш складана. Але ў выпадку з матэматыкай, фізікай, інфарматыкай такія тэхналогіі ўжо сёння цалкам рэалізоўваюцца”.

Яшчэ адзін плюс лічбавага адукацыйнага кантэнту ў тым, што яго можна хутка і лёгка абнаўляць. Напрыклад, спецыяльна можна дадаць у “Яндекс.Учебник” цікавыя тэматычныя задачы. Гэта дазваляе яшчэ больш зацікавіць дзіця прадметам.

На што яшчэ здольны вялікія даныя ў школе? Ці могуць яны адказаць на пытанне, які падручнік ці методыка больш эфектыўныя? Вось гэта пакуль — з галіны міфаў, запэўніваюць эксперты.

“У гэтай сферы, на мой погляд, ёсць праблема занадта завышаных чаканняў. Сістэма адукацыі не прымае хуткіх рашэнняў. Нельга проста ўзяць і перанесці ў школу той вопыт, які быў дасягнуты ў іншых галінах з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, — заўважае І.Залескі. — Каб сур’ёзна зразумець, якія методыкі працу­юць, патрэбны шматгадовыя даследаванні, якія ўлічвалі б велізарную колькасць фактараў. Ніводная разумная машына такога яшчэ не ўмее. Гэта перспектыва вельмі далёкай будучыні.

Што мы сёння можам рэальна паглядзець? Напрыклад, па статыстыцы запытаў у “Яндэксе” зразумець, якія тыпы заданняў настаўнікі часцей за ўсё шукаюць у інтэрнэце, чаго ім не хапае ў падручніках. У першую чаргу, гэта заданні для прасунутага ўзроўню. Як правіла, у класе ёсць 1—2 вучні, якія беглі наперадзе, ім трэба даць больш складаную работу, а ўзяць яе няма дзе. Акрамя таго, педагогі часта шукаюць заданні для падрыхтоўкі да розных экзаменаў, тэстаў і атэстацый”.

Падрыхтоўка да АДЭ, дзякуючы “разумным” алгарытмам, таксама становіцца больш простай і эфектыўнай. Напрыклад, на “Яндекс.Репетитор” кожны месяц заходзіць 700 тысяч карыстальнікаў. Яны рашаюць 3 мільёны задач! Што паказвае аналіз гэтых даных?

Напрыклад, у АДЭ па рускай мове ёсць некалькі задач, з якімі школьнікі традыцыйна спраўляюцца дрэнна: правільны адказ даюць толькі ў 35—40% выпадкаў. Прычыны? Іх таксама падкажа статыстыка. Справа ў тым, што школьнікам цяжэй даюцца заданні з множным выбарам, дзе ў адказе трэба пазначыць адразу некалькі лічбаў або слоў. І гэта тычыцца ўсіх прадметаў, не толькі рускай мовы.

“Часам цяжкасці звязаны з тым, што тэма аб’ектыўна складаная, на школьных уроках ёй удзяляецца недастаткова ўвагі. Прыклады — задачы з тэмы “Палітыка” ў АДЭ па грамадазнаўстве, тэорыя верагоднасцей у матэматыцы. Іх паспяхова рашаюць толькі 35% карыстальнікаў, — адзначае Ілья Залескі. — Зараз мы распрацоўваем сістэму, якая дазволіць любому вучню атрымліваць індывідуальныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы і рашэнні задач. “Разумны” алгарытм вызначыць, якія тэмы канкрэтнаму выпускніку трэба падцягнуць перад АДЭ,  і прапануе дадатковую трэніроўку па іх”.

Разумныя сістэмы ўжо ў найбліжэйшыя гады змогуць на аснове вялікіх даных скла­даць лічбавае партфоліа вучня — адсочваць статыстыку па яго паспяховасці і гуртках, алімпіядах, у якіх ён удзельнічае. Толькі ў маскоўскім “Адзіным агульнагарадскім электронным дзённіку” сёння штомесяц фіксуецца 10 млн школьных адзнак. Распрацоўваецца інструмент аналізу гэтых вялікіх даных. Ці зможа сістэма прадказваць “пяцёркі” і “двойкі”, якія атрымае дзіця? Безумоўна. Але ніякай сенсацыі, як запэўніваюць эксперты, тут няма.

“Разумныя” алгарытмы аналізуюць паспяховасць па ўсім вядомым прынцыпе: спачатку ты працуеш на залікоўку, а пасля яна — на цябе. Мы з вамі таксама гэта ўмеем. І калі дзіця атрымлівае “пяцёркі” па фізіцы два гады запар, то, напэўна, на трэці год яно таксама будзе выдатнікам, — кажа Ілья Залескі. — Што тычыцца гурткоў і секцый, то тут аўтаматызаваныя сістэмы, якія аналізуюць статыстыку па наведвальнасці, сапраўды могуць быць карысныя. Напрыклад, калі дзіця ходзіць на гурток інфарматыкі і робататэхнікі, сістэма можа рэкамендаваць яму, дапусцім, паглядзець яшчэ гурткі 3D-мадэлявання і прататыпавання. Гэта нельга назваць паўнавартасным выкарыстаннем штучнага інтэлекту — хутчэй нейкай рэкамендацыйнай сістэмай, скіраванай на прафарыентацыю дзяцей”.