Як зрабіць школьныя ўрокі больш актыўнымі і прадукцыйнымі

Пасля канікул, поўных актыўнасці і руху, школьнікі вяртаюцца ў класы, дзе ім трэба сядзець спакойна. Улічваючы тое, што ад настаўнікаў патрабуюць дэталёвага вывучэння школьнай праграмы, яны часта прыходзяць да высновы, што актыўныя ўрокі і свабодная гульня — гэта пустая трата часу. Чаму гэта не так і як прыўнесці рух у клас, расказваецца ў артыкуле партала “Мел”.

Даследаванні сведчаць, што актыўныя дзеці лепш засяроджваюцца, хутчэй апрацоўваюць інфармацыю падчас урока і лепш запамінаюць, чым тыя вучні, якія праводзяць увесь дзень се­дзячы. Падтрыманне актыўнага ладу жыцця дабратворна ўплывае на ментальнае здароўе, павялічваючы прыток крыві да мозгу — гэта значыць, рух наўпрост спрыяе навучанню, фізічнаму і неўралагічнаму здароўю.

Многія з настаўнікаў ве­даюць, наколькі важна падтрымлі­ваць актыўную дзейнасць дзіцяці, але школьныя класы не прыстасаваны для таго, каб вучні праводзілі там час актыўна. І ўсё ж некаторым педагогам удаецца падтрымліваць фізічную актыўнасць школьнікаў падчас усяго вучэбнага дня, прычым без дадатковай дапамогі збоку.

Чаму ўрокі за партай не павінны быць стандартам?

“Сядзі спакойна, не круціся!” — мы часта чуем у школе. Апошнім часам гэтую мантру прамаўляюць з-за боязі, што сучасныя дзеці не ўмеюць засяроджвацца. Гэта называюць “эпохай адцягненай увагі”.

Паводле даследаванняў Універсітэта Дзьюка (ЗША), уменне навучэнцаў канцэнтравацца становіцца адным з найважнейшых фактараў іх далейшага поспеху. Даследчыкі працавалі з больш чым 1000 дзяцей з Новай Зеландыі і на працягу 8 гадоў адсочвалі іх здольнасць да факусіравання ўвагі. Пасля, ужо ў сталым узросце, аналізавалі іх здароўе і фінансавую стабільнасць. Дзеці, здольныя да самакантролю, прадэманстравалі менш праблем з грашыма і здароўем.

Улічваючы бясконцы паток кантэнту са смартфонаў, планшэтаў, камп’ютараў, нядзіўна, што дзеці сёння здаюцца менш засяроджанымі, чым 30 гадоў назад. Але абмежаванні — гэта не выйсце! За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў час, які школы адводзяць на фізічнае выхаванне, няўхільна скарачаецца, хаця эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што дзецям неабходна як мінімум 60 мінут фізічнай актыўнасці кожны дзень.

Ведаючы гэта, уважлівыя настаўнікі робяць актыўную гульню часткай вучэбнага працэсу. Гульні і рух даюць дзецям магчымасць зняць стрэс і адпачыць ад школьнай руціны. І хоць дзяцей, несумненна, трэба вучыць паводзіць сябе спакойна падчас урока, адначасова яны павінны разумець, калі іх цела мае патрэбу ў перапынку, таму што яно патрабуе гэтага нават ад дарослых.

Як знайсці час для актыўнасці?

Дысцыпліна і парадак падчас вучобы фарміруюць звычкі і правілы паводзін для дзяцей на ранніх этапах жыцця. Часта яны не мяняюцца і ў дарослым узросце. На рабоце вы можаце па­чуць ад калег: “Я выходжу на вуліцу, каб падыхаць свежым паветрам” або “Мне трэба прагуляцца, каб ачысціць галаву”.

Хуткі 15-мінутны перапынак дапамагае дарослым справіцца з астатняй часткай дня. Тое ж самае тычыцца дзяцей. Што яшчэ больш важна: фізічнае ўзаема­дзеянне закладвае асновы сацыяльных навыкаў і асабліва дапамагае тым вучням, якія часта саромеюцца або маюць цяжкасці ў развіцці. Дзеці вучацца эмпатыі, развіваюць лідарскія навыкі і павышаюць самаацэнку, працуючы ў камандзе.

Штодзённая актыўнасць развівае рухальны апарат і спрыяе рабоце мозгу. Акрамя таго, рух павялічвае прыток крыві і кіслароду, што станоўча ўплывае на кагнітыўнае развіццё, фізічнае здароўе і псіхічны стан.

Вось некалькі спосабаў, якімі настаўнікі могуць скарыстацца, каб зрабіць урокі больш актыўнымі.

1. Устанавіце правілы для гульняў.

Прапанова больш рухацца ў класе можа выклікаць хаос. Але, як і ва ўсіх новых стратэгіях, ключавым становіцца фарміраванне асноўных правіл, каб дзеці ведалі, чаго чакаць. Перш чым прапанаваць ім рухацца, растлумачце, навошта вы гэта робіце. Заплануйце ўсе актыўнасці, нават такія, як скокі, загадзя вызначце выразныя мэты, часавыя рамкі і план адступлення на выпадак, калі ўрок пойдзе зусім не так, як вы чакалі.

2. Зрабіце больш актыўнай вучэбную дзейнасць.

Арганізуйце “паходы ў галерэю”, падчас якіх дзеці павінны перамяшчацца па памяшканні, каб убачыць ілюстрацыі да розных частак урока. Прапануйце дзецям разбіцца на групы, каб адказаць на пытанні, а затым папрасіце іх напісаць адказы на дошцы. Гуляйце ў настольныя гульні, звязаныя з тэмай урока, калі ў іх ёсць заданні на фізічную актыўнасць. Папрасіце дзяцей несці выкананыя работы да вашага стала, а не проста перадаваць іх наперад. Нават гэта можа ўнесці дадатковую актыўнасць у іх дзень.

3. Арганізуйце перакусы.

Перакус або другое снеданне — добры спосаб стрымаць голад да абеду. Перакус важны для дзіцячага арганізма. Пусты страўнік можа адцягваць увагу ад вучобы, а прапанова перакусіць лёгка ператворыцца ў спосаб парухацца.

4. Практыкуйце кароткія прагулкі.

Хуткая прагулка на свежым паветры вельмі добра ўплывае на стан дзіцяці, дапамагаючы яму расслабіцца. Калі надвор’е дазваляе, арганізуйце ўрокі, якія можна правесці на вуліцы, ці заплануйце 15-мінутны перапынак у сярэдзіне дня, каб клас мог выйсці на тэрыторыю школы. Прагулка на свежым паветры — адна з самых простых і эфектыўных форм штодзённай фізічнай актыўнасці.

Пакуль мы далёкія ад таго, каб фізічная актыўнасць стала часткай штодзённых урокаў. Але варта да гэтага імкнуцца, таму што дзеці, калі рухаюцца, успрымаюць урокі значна лепш і ра­дзей разглядаюць іх як працу.

Зразумела, што ўплыў фізічнай актыўнасці на вучэбны працэс трэба даследаваць больш дэталёва. Дакладную карэляцыю паміж рухам і поспехамі ў вучобе можна будзе вызначыць, паназіраўшы за паказчыкамі дзяцей на розных этапах іх развіцця. Як толькі мы навучымся ацэньваць канкрэтную эфектыўнасць фізічнай актыўнасці, зможам лепш зразумець, як і калі ўкараняць актыўныя ўрокі ў сістэму адукацыі і якія з іх прынясуць дзецям найбольшую карысць для здароўя і навучання.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.