Расія: заданне на восень

- 11:33Паралелі

Напярэдадні новага навучальнага года кабмін Расійскай Федэрацыі падрыхтаваў праект праграмы мадэрнізацыі сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў. Праграма будаўніцтва і рэканструкцыі расійскіх школ запатрабуе да 2025 года больш за 3 трыльёны рублёў. Пры гэтым эканамічная сітуацыя ў краіне ў сувязі з падзеннем цэн на нафту і санкцыйным процістаяннем з Захадам не самая простая, а значыць, і магчымасці бюджэту не павялічацца, таму праблемных момантаў дастаткова. 
Гэтыя і іншыя праблемы былі абмеркаваны падчас нарады па пытаннях падрыхтоўкі сістэмы адукацыі да чарговага навучальнага года, якую днямі правёў прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

На сённяшні дзень большасць расійскіх школ гатовы адкрыць дзверы для навучэнцаў. “Ёсць абсталяванне, інвентар, школьныя аўтобусы, забяспечаны доступ да інтэрнэту, у некаторых школах створаны ўмовы для інклюзіўнага навучання, закуплены падручнікі”, — заявіў кіраўнік кабінета міністраў. На асаблівым кантролі знаходзіцца сітуацыя ў тых рэгіёнах краіны, якія сутыкнуліся летам з пажарамі і паводкамі.
Таксама Д.Мядзведзеў звярнуў увагу на праблему навучання дзяцей, вымушана перамешчаных з тэрыторыі Украіны: “Рэгіянальныя ўлады для іх браніруюць месцы ва ўстановах адукацыі”. Па словах міністра адукацыі і навукі Дзмітрыя Ліванава, сітуацыя тут стабілізаваная і месцы ў школах для дзяцей-бежанцаў прадугледжаны.Праблемай школьнай адукацыі застаецца дэфіцыт саміх навучальных устаноў. Толькі тры чвэрці школ у Расіі працуюць, як і павінны, у адну змену, а ўсе астатнія — у дзве і нават тры. Тым больш, лічыць кіраўнік кабміна, школьнікі павінны вучыцца ў нармальных, сучасных і падрыхтаваных будынках. “Пакуль, на жаль, у краіне нямала школ, дзе, шчыра кажучы, усё выглядае даволі сумна, патрабуецца капітальны рамонт, — падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў. — У шэрагу рэгіёнаў пытанне стаіць востра. На працягу года гэтую праблему спрабавалі вырашаць, але з рознай ступенню паспяховасці”.
Цяпер да працэсу падключыцца федэральны цэнтр. Прэм’ер заявіў, што распрацаваны праект праграмы па будаўніцтве і рэканструкцыі школ, які разлічаны на перыяд да 2025 года. “Нам трэба яшчэ канчаткова ўсё зверыць, паглядзець на нашы магчымасці, тым больш што ў цэлым гэтая праграма запатрабуе вельмі значных капітальных укладанняў, — адзначыў Д.Мядзведзеў. — Паводле папярэдніх ацэнак, каля 3 трыльёнаў рублёў”. У выніку ў агульнаадукацыйных арганізацыях павінна з’явіцца звыш 6,5 млн месцаў.
У новым навучальным годзе ў Расіі будзе працаваць 43 210 школ, колькасць школьнікаў павялічыцца на 560 тысяч. Міністр Д.Ліванаў паведаміў, што да 1 верасня па краіне ўведзена ў строй 107 новых сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў і яшчэ 42 плануецца ўвесці да канца каляндарнага года. “У параўнанні з 2010 годам у нас колькасць аварыйных школьных будынкаў у паўтара разу скарацілася, тым не менш 683 школьныя будынкі ўсё яшчэ знаходзяцца ў аварыйным стане”, — паведаміў ён. Складаней за ўсё сітуацыя ў вёсках, дзе 22% школ да гэтага часу не маюць водазабеспячэння і каналізацыі.
Пры планах будаўніцтва новых школ зараз фіксуецца тэндэнцыя да скарачэння іх колькасці ў гарадах, што выклікана працэсам узбуйнення ўстаноў. “Мы лічым, што калі гэта не ўплывае на даступнасць і якасць адукацыі, то гэта працэс нармальны, — заявіў кіраўнік Мінадукацыі і навукі, адказваючы на заўвагу прэм’ера-міністра. — Але гэта тычыцца толькі буйных гарадоў”.
“Мы звяртаем увагу рэгіёнаў на тое, што нават невялікія сельскія школы павінны абавязкова працаваць, — звярнуўся Дзмітрый Ліванаў да рэгіянальных улад. — Гэта вельмі важны элемент сацыяльнага жыцця, інфраструктуры вёскі, тым больш што сучасныя адукацыйныя тэхналогіі дазваляюць праводзіць якаснае навучанне дзяцей у невялікіх школах”.
Як высветлілася, ёсць праблемы і са школьнай формай. Па словах Генадзя Анішчанкі, каля 80% школьнай формы, якая прадаецца ў Расіі, не адпавядае тэхрэгламенту па бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей. Прасцей кажучы, чатыры з пяці камплектаў небяспечныя, паколькі пашыты з няякасных тканін. Асноўны пастаўшчык такога тавару — Кітай.
Дзеці праводзяць у школьнай форме па 6—8 гадзін у дзень, таму яе якасць моцна ўплывае на здароўе. Практычна ўся гэтая форма сертыфікавана, дакументы выдаюцца прыватнымі лабараторыямі, акрэдытаванымі Расакрэдытацыяй. Інфармацыя пра склад матэрыялу, паказанага на этыкетцы школьнай формы, як правіла, працэнтаў на 30 непраўдзівая. Па словах Г.Анішчанкі, дзіцячае адзенне павінна забяспечваць нармальны цепла- і газаабмен арганізма з навакольным асяроддзем і нармальны ўзровень тэмпературы цела, вільготнасці скуры, яе дыхання. У дзіцячым узросце механізмы тэрмарэгуляцыі недасканалыя, пераграванне і пераахаладжэнне арганізма можа прывесці да парушэнняў у стане здароўя. Калі ўлічыць, што дзеці праводзяць у школьнай форме як мінімум 6—8 гадзін у дзень, становіцца зразумела, што яна аказвае каласальны ўплыў на здароўе дзіцяці.
Пры гэтым школьная форма, вырабленая ў Расіі з айчынных натуральных тканін, як правіла, адпавядае тэхрэгламенту і з’яўляецца бяспечнай для здароўя дзяцей, аднак яна рэдка трапляе на прылаўкі магазінаў: яе закупачны кошт вышэйшы, чым у адзення з сінтэтыкі. Гандляры не могуць рабіць на яе высокую нацэнку, інакш форма будзе бацькам не па кішэні. На танную імпартную форму магазіны “накручваюць” 100—150%.
Эксперты прапаноўваюць зацвердзіць у кожным рэгіёне парадак забеспячэння формай, пры якім яна трапіла б у школы напрамую ад вытворцаў. Такім чынам, цана для бацькоў знізілася б удвая, а якасць была б гарантаваная. Плюс гэта спрыяла б развіццю швейных вытворчасцей на месцах, што можа даць эканоміцы каля 40—50 тысяч дадатковых працоўных месцаў. Але для гэтага патрэбна хаця б рэгіянальная ўніфікацыя школьнай формы. “Мы лічым, што школьная форма павінна быць адзінай для суб’екта або буйнога муніцыпалітэта. Толькі так мы зможам забяспечыць масавую вытворчасць школьнага адзення сіламі айчынных прадпрыемстваў, знізіць спажывецкія цэны на яе і апрануць дзяцей у бяспечную форму”, — лічыць прэзідэнт Нацыянальнага саюза вытворцаў школьнай формы Яўген Томак.