Расія: задаволеных сваімі ВНУ стала больш

- 11:11Паралелі

Штогадовае даследаванне “Расійскія ВНУ вачыма студэнтаў” прадставілі ў панядзелак “Сацыяльны навігатар” МІА “Расія сёння” і праект “Тыповы абітурыент”. Сёлета ў даследаванні, заснаваным на студэнцкіх інтэрнэт-водгуках, прынялі ўдзел 98 дзяржаўных ВНУ Расіі. Было прааналізавана 1377 старонак, напісаных больш чым 800 студэнтамі.

Лідарамі па колькасці станоўчых водгукаў студэнтаў сталі Нацыянальны даследчыцкі ядзерны ўніверсітэт “МІФІ”, Маскоўскі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт імя А.Е.Кутафіна, Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расіі.

Сярод ВНУ з найбольшай доляй адмоўных водгукаў — Маскоўскі авіяцыйны інстытут, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Уральскі федэральны ўніверсітэт імя Барыса Ельцына. Кіраўнік праекта “Тыповы абітурыент” Уладзіслаў Белы, каменціруючы вынікі даследавання, падкрэсліў, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць студэнтаў, задаволеных абранай ВНУ. Летась такіх было ўсяго 36%, сёлета — 45%. Разам з тым, паводле яго слоў, колькасць незадаволеных студэнтаў засталася ранейшай, але скарацілася колькасць тых, хто нейтральна ставіцца да сваёй ВНУ.

Як паказала даследаванне, студэнтаў па-ранейшаму хвалюе зацікаўленасць, прафесіяналізм і ўзрост выкладчыкаў, наяўнасць інтэрнатаў і ўмовы пражывання ў іх, пазіцыі ВНУ ў рэйтынгах, а таксама знакамітыя выпускнікі. У спіс хвалюючых дабавіліся пытанні, звязаныя з навуковым жыццём ВНУ, яе міжнароднымі сувязямі, кантынгентам аднакурснікаў, адлічэннем студэнтаў, атрыманнем стыпендыі і платнай адукацыяй.