Расія: зрабіць патрабаванні да выдавецтваў больш жорсткімі

- 13:21Паралелі, Рознае

Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі мае намер зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да выдавецтваў, якія выпускаюць падручнікі. Выдавецтвам могуць забараніць выпускаць падручнікі, калі сярод іх прадукцыі ёсць рашэбнікі, а таксама вучэбныя дапаможнікі без заключэння экспертаў. Гэта пазначана ў праекце загада адукацыйнага ведамства. Выдаўцы асцерагаюцца, што новы загад прывядзе іх да страт. Гэта другі ўдар пасля вясновага скандалу, калі частка падручнікаў не трапіла ў афіцыйны спіс.

Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі мае намер зрабіць больш жорсткім патрабаванне да выдавецтваў, якія маюць права выпускаць падручнікі для расійскіх школьнікаў. Праект загада ведамства апублікаваны на Адзіным партале для размяшчэння інфармацыі. На працягу 15 дзён, гэта значыць да 27 снежня, ён праходзіў грамадскае абмеркаванне. Калі дакумент прымуць, ён заменіць аналагічны загад міністэрства ад 2009 года.
Мінадукацыі і навукі плануе пашырыць спіс аргументаў, якія дазваляюць адмовіць выдавецтвам у праве друкаваць падручнікі для школьнікаў.
Адборам арганізацый, якія змогуць выпускаць вучэбныя дапаможнікі, займаецца навукова-метадычны савет пры Мінадукацыі і навукі Расіі. Менавіта гэты савет будзе вырашаць, рэкамендаваць ці не рэкамендаваць уключаць выдавецтва ў пералік. Пералік арганізацый з ліку рэкамендаваных саветам зацвярджае Мінадукацыі і навукі. Як вынікае з праекта загада, міністэрства зможа карэкціраваць пералік арганізацый і пасля зацвярджэння.
У прыватнасці, у чорны спіс трапяць выдавецтвы, якія публікуюць рашэбнікі. Гэта брашуры з пакрокавымі рашэннямі заданняў “да падручнікаў федэральнага пераліку і кампанентаў вучэбна-метадычнага комплексу без метадычнага суправаджэння, а таксама да кантрольна-вымяральных матэрыялаў”.
Акрамя таго, забарона будзе накладзена на выдавецтва, калі ў змесце выпушчанага ім вучэбнага дапаможніка будзе выяўлена інфармацыя, якая наносіць шкоду здароўю і (або) развіццю дзяцей, а таксама калі будуць “выяўлены факты, якія пацвярджаюць парушэнне працэдуры праходжання экспертызы падручніка”, або “калі хаця б на адзін вучэбны дапаможнік, адзначаны саветам, не прадстаўлена экспертнае заключэнне”.
У выдавецтвах не спяшаюцца адкрыта каменціраваць узмацненне жорсткасці, але пацвярджаюць, што размовы аб прыняцці новага загада луналі ў паветры ўжо каля двух гадоў. Новыя патрабаванні не толькі дададуць выдавецтвам цяганіны з дакументамі, але і пазбавяць кагосьці вялікага кавалка хлеба, лічаць эксперты.
У папулярным выдавецтве “Дрофа”, якое ў тым ліку выпускае падручнікі, каменціраваць новыя патрабаванні адмовіліся, але падкрэслілі, што выпускам гатовых дамашніх заданняў не займаюцца.
Рашэбнікі не выпускаем. Гэта прынцыповая пазіцыя выдавецтва”, — расказаў “Газете.гu” дырэктар па знешніх камунікацыях выдавецтва “Просвещение” Сяргей Грыгарэнка.
Ён падкрэсліў, што прэтэнзій да падручнікаў “Просвещения” няма. “Усе нашы падручнікі, якія ўвайшлі ў федэральны пералік, адпавядаюць тым патрабаванням, якія былі выстаўлены міністэрствам, і таму яны прайшлі ўсе віды экспертызы. Прадукцыя, выпушчаная “Просвещением”, высокай якасці і адпавядае ўсім патрабаванням. Будуць новыя патрабаванні — будзем ім адпавядаць”, — сказаў С.Грыгарэнка.
Супрацоўнік аднаго з буйных выдавецтваў, які папрасіў не раскрываць яго імя, паказаў на іншы пункт праекта загада, які ўдарыць па многіх выдавецтвах: “У праекце загада ёсць яшчэ пункт № 8, у адпаведнасці з якім арганізацыя не дапускаецца саветам да ўдзелу ў адборы, калі яна выпускае вучэбныя дапаможнікі — сшыткі, даведачныя матэрыялы да падручнікаў, якія выдаюцца іншым выдавецтвам. Выдавецтваў, якія выпускаюць вучэбныя дапаможнікі, шмат. Яны жывуць гэтым. Гэта іх хлеб. І яны яго, верагодна, пазбавяцца”.
Да таго ж, паводле новых правіл, акрамя падручнікаў, экспертызу павінны праходзіць усе вучэбныя дапаможнікі.
“Раней мы экспертызу рабілі толькі для падручнікаў — гэта навуковая, педагагічная і грамадская экспертыза, — адзначыў супрацоўнік выдавецтва. — Але экспертызу на вучэбныя дапаможнікі мы ніколі не праходзілі. Галоўнае, каб не атрымалася, як з мінулым загадам № 1047. Мы выканалі ўсе патрабаванні, прайшлі экспертызы — акадэмікі глядзелі нашы падручнікі, правяралі іх. А калі мы прыехалі ў Мінадукацыі і навукі, то даведаліся, што ў федэральны пералік увайшла толькі чацвёртая частка нашых падручнікаў. Чаму — незразумела. А ёсць выдавецтвы, у якіх ні адзін падручнік не ўвайшоў у пералік.
У чарговым загадзе быццам бы ўсё напісана зразумела. Будзем выконваць патрабаванні. Але асцярогі з-за папярэдняга вопыту засталіся. І як усё будзе на справе, невядома”.
Гэта ўжо другое ўзрушэнне для выдавецтваў у гэтым годзе. Скандал вакол падручнікаў пачаўся вясной, калі Міністэрства адукацыі і навукі Расіі ўнесла карэктывы ў работу выдавецтваў. Ведамства зацвердзіла федэральны пералік вучэбных матэрыялаў для школьнікаў, аднак у ім адсутнічаў шэраг папулярных кніг. У гэтым спісе, напрыклад, не знайшлося месца некаторым лінейкам падручнікаў па рускай мове Генрыеты Гранік, па матэматыцы — Людмілы Петэрсан і Барыса Гейдмана, не было падручнікаў пачатковай школы, якія вучаць дзяцей па сістэме Леаніда Занкова. Тады паміж міністэрствам і некаторымі выдавецтвамі разгарэўся канфлікт. Выдаўцы, настаўнікі, бацькі звярталіся ў Грамадскую палату, у Дзярждуму, непасрэдна ў Мінадукацыі і навукі і ў Мінюст, які ўпершыню ў гэтым годзе не стаў рэгістраваць загад аб федэральным пераліку падручнікаў. Нягледзячы на тое, што Мінадукацыі і навукі магло ўнесці змены ў дакумент, зыходзячы са шматлікіх пажаданняў, ведамства гэтага не зрабіла.