Расія: звыш 29 тысяч студэнтаў выйшлі ў фінал алімпіяды “Я — прафесіянал”

- 12:15Паралелі

Больш за 29 тысяч удзельнікаў студэнцкай алімпіяды “Я — прафесіянал” выйшлі ў фінал спаборніцтва, які стартуе анлайн у сярэдзіне лютага і працягнецца да канца красавіка, паведамляе прэс-служба АНА “Расія — краіна магчымасцей”.

“Я — прафесіянал” — адзін з флагманскіх праектаў прэзідэнцкай платформы “Расія — краіна магчымасцей”, які рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Мэта праекта — падтрымка таленавітых студэнтаў розных спецыяльнасцей, якая дазволіць ім прадоўжыць навучанне ў вядучых ВНУ краіны і пачаць кар’еру ў буйной кампаніі. Прыняць удзел у алімпіядзе могуць навучэнцы бакалаўрыяту, спецыялітэта і магістратуры расійскіх ВНУ.

“Заключны этап алімпіяды збярэ студэнтаў з 674 ВНУ і 80 рэгіёнаў краіны. Да 30% заданняў гэтага этапу заснаваны на рэальных кейсах кампаній-партнёраў алімпіяды і скіраваны на праверку прыкладных кампетэнцый удзельнікаў”, — прыводзяцца ў паведамленні словы генеральнага дырэктара АНА “Расія — краіна магчымасцей” А.Камісарава.

Паводле даных кіраўніка алімпіяды Валерыі Касамары, вядучымі напрамкамі спаборніццтва па колькасці фіналістаў сталі наступныя: “Праграмная інжынерыя”, “Лячэбная справа і педыятрыя”, “Матэматыка”, “Будаўніцтва”, “Экалогія”, “Псіхалогія”, “Юрыспрудэнцыя”, “Машыннае навучанне”, “Матэрыялазнаўства і тэхналогіі матэрыялаў”, “Філалогія”.

Вынікі заключнага этапу спаборніцтваў будуць падведзены ў маі. У залежнасці ад набраных балаў, дыпламанты будуць падзелены на прызёраў, пераможцаў і медалістаў. Усе яны змогуць выкарыстаць ільготы пры паступленні ў магістратуру, аспірантуру і ардынатуру вядучых расійскіх ВНУ і атрымаюць магчымасць прайсці стажыроўку ў буйной профільнай кампаніі. Для залатых, сярэбраных і бронзавых медалістаў алімпіяды прадугледжаны дадатковы бонус — прэміі ў памеры ад 100 да 300 тысяч рублёў, дадалі ў прэс-службе.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.