Расклад заняткаў — па дадатку

- 11:05Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Францыска Скарыны падведзены  вынікі конкурсу сярод маладых навукоўцаў на распрацоўку лепшага дадатку для  мабільных  тэлефонаў. Арганізатары конкурсу — навукова-даследчы сектар сумесна з прафсаюзным камітэтам студэнтаў — запрасілі паўдзельнічаць у ім усіх жадаючых: студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і маладых спецыялістаў.

Пераможцы конкурсу — студэнты факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Максім Кульбакоў, Ягор Панкратаў, Раман Місачэнка, куратар Сяргей Масловіч.

Асноўная задача, якую паставілі перад удзельнікамі, — стварыць цікавы, актуальны і запатрабаваны дадатак для мабільных тэлефонаў, які дазволіць палеп­шыць і аўтаматызаваць вучэбныя, навуковыя, выхаваўчыя ці гаспадарчыя працэсы ва ўніверсітэце або вырашыць іншыя важныя задачы ў розных сферах жыцця.

— Прадстаўленыя праекты, а іх было каля дзесяці, мы ацэньвалі па трох крытэрыях, — расказаў рэктар УВА Сяргей Хахомаў. — Па-першае, дадатак трэба было распрацаваць на дзвюх самых папулярных аперацыйных сістэмах: iOS і Android. Па-другое, ён павінен функцыянаваць максімальна гладка, без збояў. Ну і нарэшце, праект павінен стаць карысным для вялікай колькасці людзей.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі студэнты і выкладчыкі факультэтаў матэматыкі і тэхналогій праграмавання, а таксама фізікі і інфармацыйных тэхналогій.

Па выніках конкурсу трэцяе месца дасталася даведачнаму мабільнаму дадатку пра стэнды і экспанаты музея ўніверсітэта. Яго аўтары — Канстанцін Кароўкін і Ілья Грыгор’еў, куратар — Дзмітрый Кузьмянкоў. Актуальнасць распрацоўкі звязана з тым, што зараз ідзе падрыхтоўка да святкавання 90-годдзя ўстановы.

Другое месца прысуджана распрацоўцы пад назвай “Абітурыент ГДУ”. Па ім можна адсочваць, як мяняецца прахадны бал, колькі чалавек падалі заявы на тую ці іншую спецыяльнасць, і многае іншае. Аўтары — Нестар Федзін, Дзмітрый Касцючэнка, куратар — Яўгеній Дзей.

Пераможцам конкурсу стаў праект “Расклад вучэбных заняткаў”. Яго распрацавалі студэнты факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Максім Кульбакоў, Ягор Панкратаў, Раман Місачэнка, куратар — Сяргей Масловіч. У створанай маладымі людзьмі праграме адлюстроўваецца расклад для розных факультэтаў і груп. У дадатку ўтрымліваецца ўся неабходная інфармацыя: якая пара і калі пачынаецца, нумар аўдыторыі, імя і прозвішча выкладчыка. На першы погляд усё проста, але для паспяховага выканання задачы трэба было вырашыць шмат арганізацыйных момантаў. Як высветлілася, на ўсіх факультэтах ёсць свае асаблівасці, якія трэба было абавязкова ўлічыць. Безумоўна, гэтая распрацоўка палегчыць жыццё не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў.

Работа па распрацоўцы мабільных дадаткаў вядзецца пастаянна. Студэнты і выкладчыкі ГДУ ствараюць цікавыя, актуальныя і запатрабаваныя праекты, якія дазваляюць палегчыць жыццё гараджан, палепшыць вучэбныя, навуковыя і выхаваўчыя працэсы ва ўніверсітэце. Актыўна ўкараняецца ў практыку “Турыстычны даведнік па Гомелі”. Гомельская гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі ўжо выкарыстоўвае ў сваёй рабоце мабільны дадатак “Геалакацыя пацыентаў і машын хуткай дапамогі”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.