Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць адзінства ў царкве. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
“На жаль, наша царква вельмі часта ў гісторыі станавілася заложніцай міждзяржаўных адносін, часам — нашых няправільных учынкаў, — адзначыў беларускі лідар. — Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол — гэта заўсёды дрэнна. І гэта дрэнныя наступствы. Наступствы найбольш небяспечныя. Таму мы з вялікім хваляваннем ставімся да таго, што адбываецца сёння ў праваслаўі”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сучасны свет змяніўся. “Мала таго, што паскорыўся, ён змяніўся не да лепшага. І заложнікі ўжо ўсё насельніцтва нашай планеты. Гэта перш за ўсё дрэнны настрой. А настрой — гэта заўсёды было адказнасцю царквы. Таму гэта б’е перш за ўсё па царкве, па яе служыцелях”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў патрыярха ў Беларусі, адзначыўшы, што гэта родная зямля для абодвух. “Заўсёды напярэдадні нашых сустрэч я ўспамінаю ваш перыяд служэння ў царкве да патрыяршага сану. У нас, у Беларусі, заўсёды былі вельмі цёплыя ўспаміны. І я вам гаварыў, у мяне ў памяці засталося ваша перамяшчэнне са Смаленска ў Калінінград, абавязкова праз нашу Беларусь (патрыярх Кірыл раней служыў архіепіскапам Смаленскім і Калінінградскім і часта быў праездам у Беларусі. — Заўв.БелТА.). Напэўна, з таго часу вы ўлюбіліся ў гэтую не чужую для вас зямлю”, — сказаў прэзідэнт.
Ён пажадаў патрыярху Кірылу мудрасці і цярпення. “Мы як прыхаджане будзем старацца падтрымліваць яднанне ўсіх працэсаў, каб захаваць мір на зямлі. Ужо вельмі блізка мы падышлі да небяспечнай мяжы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.