Раскопкі ў пясочніцы, на гарадзішчы

- 11:57Выхаванне

Памятаеце дзяцінства? Двор, пясочніца, рыдлёвачка… Прага да капання зямлі не пакідае некаторых людзей і ў дарослым жыцці. Яны зусім не дзівакі. Знаёмцеся — гэта археолагі, людзі сур’ёзныя, адукаваныя, кандыдаты навук, дацэнты, прафесары. З дапамогай усё тых жа рыдлёвачак, усё тых жа шуфлікаў яны кожнае лета праводзяць раскопкі, каб даказаць, што мы — народ са шматвекавой гісторыяй, культурай, традыцыямі, што нам ёсць чым ганарыцца. Да гэтай сур’ёзнай, пачэснай справы кожнае лета далучаюцца сотні навучэнцаў — удзельнікаў археалагічных летнікаў.

Цяжкая праца

На археалагічныя раскопкі дылетанты нярэдка глядзяць праз ружовыя акуляры. Уяўляецца старажытнае гарадзішча, што ўзвышаецца над поймай звілістай ракі, дружная праца археолагаў у раскопе, у канцы якой кожнага чакае заслужаная ўзнагарода (калі не старадаўні скарб, то хаця б невялікая манетка са стагоддзя гэтак XV, а можа, нават XIV ці ХІІІ). Што і гаварыць — рамантыка, паэзія працы і адпачынку, пошук, чаканне сустрэчы з нечым таямнічым, загадкавым! Аднак здымем ружовыя акуляры — і перад намі паўстане іншая карціна: спякотны летні дзень, рыдлёўка, з дапамогай якой нам неабходна выкапаць вялізную яму глыбінёй 2 метры і плошчай каля 40 м2. Прычым кожныя прыгаршчы зямлі ўважліва перабраць, перагледзець. Адным словам, нас чакае манатонная цяжкая праца, з мазалямі на руках, з ручаямі поту, надакучлівымі камарамі, мухамі, брудным ад пылу целам. Уявілі? Гэта і ёсць археалагічная рамантыка, паэзія працы і адпачынку.

Дружная сям’я

Аднак невядомая археалагічная сіла кожнае лета прымушае дзясяткі вучоных, сотні хлопчыкаў і дзяўчынак правесці некалькі летніх дзён на раскопках. Прычым не толькі сярод поля або лесу, але і на агародзе — на тэрыторыі курганоў, гарадзішчаў. Менавіта ў такім незвычайным месцы праходзяць летнія канікулы навучэнцаў Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. На працягу 10 гадоў на базе Свіслацкай сярэдняй школы па ініцыятыве раённай арганізацыі БРСМ і падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама праводзіцца археалагічны летнік працы і адпачынку. Кожны год у ім працуюць і адпачываюць ад 30 да 50 старшакласнікаў. Гэта не толькі пераможцы алімпіяд, але і выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, тыя, хто знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Нягледзячы на такую стракатасць, у летніку заўсёды пануе сяброўская атмасфера. Навучэнцаў аб’ядноўвае праца, жаданне знайсці незвычайны артэфакт мінулага. Многае залежыць і ад праграмы, а яна прадугледжвае не толькі работу з рыдлёўкай і выкананне пэўнай працоўнай нормы. Увечары хлопцаў і дзяўчат чакаюць спартыўныя і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.
Па словах начальніка лагера Святланы Браніславаўны Хацкевіч, кожная археалагічная змена — гэта незабыўны перыяд жыцця як для дарослых, так і для дзяцей. Многія гавораць, што ніколі ў жыцці так актыўна не працавалі з рыдлёўкай і пры гэтым так актыўна не гулялі ў настольны тэніс, футбол, валейбол, як у археалагічным летніку. Нядзіўна, што многія прыязджаюць сюды і на наступны год. Такім чынам фарміруецца сапраўдная археалагічная сям’я. Дарэчы, такім чынам рыхтуюцца і педагагічныя кадры для раёна. Некаторыя выхаванцы летніка пасля ўдзелу ў раскопках паступаюць на гістарычны факультэт, як, напрыклад, Юлія Маліноўская, якая цяпер вучыцца на гістфаку БДУ, Марыя Сахарава, студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова.
— Першы раз я адпачывала ў летніку ў 2006 годзе, калі скончыла 9 класаў. Скажу шчыра, не думала, што ўдзел у раскопках стане для мяне лёсавырашальным і я звяжу сваё дарослае жыццё з гісторыяй і педагогікай. Першы год на раскопках, потым другі, трэці… А пасля заканчэння школы паступіла на гістфак Магілёўскага ўніверсітэта. Удзел у раскопках сфарміраваў рысы характару, неабходныя для настаўніка. Гэта радасць ад работы ў калектыве, заўсёды добры настрой, паважлівыя адносіны да сваіх калег і вучняў. Не забывала пра летнік і падчас студэнцкага жыцця. Кожнае лета працавала тут выхавальнікам. Вось і цяпер, згодна з ужо добрай традыцыяй, прыехала ў Свіслач на археалагічныя канікулы. А як жа іначай! Мы ж адна археалагічная сям’я! — упэўнена педагог-арганізатар Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Юлія Ігараўна Мінчэня.

Археалагічны рай

Свіслач для археолага — сапраўдны рай. Справа ў тым, што мясцовае гарадзішча знаходзіцца на сутоцы Свіслачы і Бярэзіны. Калісьці Свіслацкі замак (яго макет знаходзіцца ў школьным краязнаўчым музеі) адыгрываў важную ролю ў жыцці Мінскага княства, быў фарпостам, кантраляваў зручныя гандлёвыя рачныя шляхі. На думку кандыдата гістарычных навук Вадзіма Іванавіча Кошмана, пад кіраўніцтвам якога і праводзяцца раскопкі, на месцы цяперашняга раскопу калісьці было неўмацаванае паселішча, дзе жыла асноўная частка свіслацкага насельніцтва. Плошча раскопу складае 32 м2, ён дзеліцца на квадраты 22 м, і, згодна з методыкай, работа на ім вядзецца з паслойным зняццем зямлі, пераборкай і выбаркай артэфактаў. Кожны слой мае памеры ад 10 да 20 см, але часта гэта вышыня штыка рыдлёўкі. Спадзяванні Вадзіма Іванавіча трапіць у раскопе на слой XVII—XVIII стагоддзяў апраўдаліся. Ужо знойдзены элемент жаночага абутку гэтага перыяду.
— Пакуль што мы дастаём у асноўным рэшткі керамікі стагадовай даўніны, якія не ўяўляюць вялікай археалагічнай каштоўнасці. Аднак, паглыбляючыся, можам выйсці на больш даўнія напластаванні. У мінулым годзе мы праводзілі раскопкі на замчышчы. Там культурны слой дасягаў 2 метры, тут, напэўна, будзе роўны метру. Яшчэ адна мэта раскопак — знайсці на тэрыторыі мястэчка напластаванні эпохі Старажытнай Русі, лакалізаваць месца першапачатковага неўмацаванага паселішча. Яны павінны быць, яны недзе ёсць, але пакуль што на іх ніяк не ўдаецца трапіць, — дзеліцца Вадзім Іванавіч.

Заалогія, іхтыялогія

Па выніках раскопак на кожным квадраце раскопу пішацца дзённік, які стане асновай для навуковай справаздачы. У дзённіку фіксуюцца ўсе знаходкі. Яны падзяляюцца на масавыя і індывідуальныя. Масавыя — гэта найбольш распаўсюджаныя фрагменты керамікі, кафлі, косці, а індывідуальныя — больш рэдкія і каштоўныя вырабы з каляровага металу, жалеза, шкла, прадметы, па якіх можна з большай верагоднасцю сказаць, да якога перыяду гісторыі яны адносяцца. Усё знойдзенае спачатку раскладваецца ў асобныя пластмасавыя кошыкі, потым перасыпаецца ў цэлафанавыя пакеты, пасля мыецца, шліфуецца, замалёўваецца, падпісваецца.
— Для кожнай гістарычнай эпохі характэрны свае знаходкі. Гэта ў наш час пэўныя мадэлі машын, тэлефонаў існуюць некалькі гадоў, максімум — некалькі дзесяцігоддзяў. Раней рэчы бытавалі стагоддзямі. Напрыклад, для эпохі Старажытнай Русі характэрна кераміка пэўнага тыпу, фармоўкі, пэўныя рэчы, якія сустракаюцца толькі ў гэты перыяд (пярсцёнкі, віды коп’яў, стрэл, жаночыя ўпрыгажэнні, пацеркі, замкі і ключы). Найбольш рэдкімі з’яўляюцца знаходкі XIV—XV стагоддзяў. Напластаванні гэтага часу невялікія, і сустракаюцца ў іх пераважна рэшткі керамікі. Для XVI, XVII, XVIII стагоддзяў характэрны знаходкі кафлі, напрыклад, зялёнай паліванай, з геральдычнымі і сюжэтнымі выявамі, масава сустракаецца і нумізматычны матэрыял. Так, у адзін з папярэдніх летнікаў мы праводзілі раскопкі на былой местачковай плошчы. Там мы з вучнямі знайшлі рэшткі брукаванкі XVIII стагоддзя, падмурка дома, а таксама печы з кафляй, якая сведчыць пра заможнасць мясцовага насельніцтва, — расказвае Вадзім Іванавіч.
Частыя знаходкі археолага — гэта косці жывёл, рыб. Пасля іх спецыяльнага аналізу можна вызначыць асаблівасці харчавання мясцовага насельніцтва, яго этнічны склад. Так, вядома, што на месцы кампактнага пражывання яўрэйскага насельніцтва амаль не сустракаюцца косці свіней. На замчышчы было знойдзена шмат костак буйных дзікіх жывёл (зубраў, аленяў, ласёў). Гэта сведчыць пра тое, што тут жыла дружына, феадалы, бо паляванне было заняткам вышэйшых саслоўяў. Пацвярджаюць гэта і косткі бабра, паляванне на якога ў многія часы было забаронена. Дзякуючы такім артэфактам можна вызначыць і віды, памеры звяроў, птушак, рыб, якія раней сустракаліся ў навакольных лясах і рэках. Так што археолаг — гэта яшчэ і заолаг, іхтыёлаг.

 

Дрыгавіцкія курганы

Калі для юных археолагаў Асіповіцкага раёна летнія дзянькі праходзяць на гарадзішчы, а вечары і ночы — у будынку Свіслацкай сярэдняй школы, то для юных даследчыкаў старажытнай гісторыі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці археалагічнае лета — гэта лес, палаткі, ежа на вогнішчы, збор не толькі артэфактаў мінулага, але і ягад, грыбоў, — адным словам, жыццё як у старажытных дрыгавічоў, курганы якіх яны і даследуюць. У адрозненне ад стацыянарных прышкольных археалагічных летнікаў старадарожскі раённы археалагічны летнік для навучэнцаў, мабыць, адзіны палатачны ў краіне.
За шэсць летніх археалагічных сезонаў было праведзена восем змен, у якіх працавалі, адпачывалі, шукалі, знаходзілі, вывучалі старажытную гісторыю роднага краю сотні навучэнцаў. А колькі выкапана зямлі за гэты час! А колькі знойдзена каштоўных прадметаў! І ўсё ж асноўная мэта летніка, як паведаміў яго начальнік настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Віталь Анатольевіч Юрэвіч, — гэта не знайсці Вавілон або золата-брыльянты, а даведацца, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, хто яны такія, адкуль прыйшлі. Адна справа — чытаць падручнік па гісторыі, няхай і вельмі якасны, а іншая — у сваіх руках трымаць прадметы мінулага, выявы якіх змяшчаюцца ў гэтым падручніку. Важна, каб падчас археалагічных раскопак у дзяцей развівалася пачуццё гордасці за родны край, каб яны не саромеліся таго, што нарадзіліся ў невялікай вёсцы або ў райцэнтры.
Падчас летніка дзеці не толькі капаюць зямлю, яны ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах. Гэта і гульні, віктарыны, і сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, бардамі, іншымі творчымі людзьмі. Цікавай з’яўляецца традыцыя прыёму ў археолагі, падчас якой вучні ў жартоўнай форме даюць клятву. Яны абяцаюць сумленна праца-ваць з рыдлёўкай, не грызці знойдзеныя косці, слухацца выхавальнікаў. Напярэдадні ад’езду, у апошні вечар, рыхтуюць канцэртную праграму. Кожнаму вучню ўрачыста выдаецца сапраўдная берасцяная грамата — своеасаблівае пасведчанне археолага, якое праз многія гады будзе нагадваць пра незабыўнае археалагічнае лета.
У гэтым годзе летнік праходзіў каля вёскі Пасекі, у ваколіцах якой знаходзяцца два дрыгавіцкія курганы Х—ХІ стагоддзяў. Гэта той час, калі хрысціянства пачынала распаўсюджвацца на нашых землях, аднак былі моцнымі і паганскія традыцыі. Даследаваннем курганоў займаліся 22 навучэнцы, якім дапамагалі каля 10 мясцовых валанцёраў. Разам з педагогамі яны знайшлі, напрыклад, посуд з выявай крыжа, сярэбраныя пярсцёнкі добрай якасці, пераплаўленыя з арабскіх манет. У папярэднія гады каля вёскі Паставічы старадарожскія навучэнцы адкапалі шэсць цікавых пахаванняў. Як мяркуе кандыдат гістарычных навук Алег Вільгельмавіч Іоў, гэта былі пахаванні мужчын ва ўзросце каля 20 гадоў. У некаторых былі праламаныя чарапы, каля аднаго знойдзена баявая сякера, што сведчыць пра гібель падчас баявога канфлікту. У гэтым месцы быў знойдзены і фрагмент скандынаўскага посуду. Магчыма, ён належаў варагам, якія рухаліся па Пцічы, рабуючы на сваім шляху славянскія паселішчы. Усяго з 2010 года ў Старадарожскім раёне педагогамі і навучэнцамі было даследавана 12 дрыгавіцкіх курганоў.
“Наша задача — не толькі даведацца пра гісторыю раёна, але і папулярызаваць яе. Раней сцвярджалася, што ў старажытныя часы Старадарожчына была глухім краем, тут не было ніякага жыцця, што паўсюль была дрыгва, у мясцовых жыхароў не было ніякіх кантактаў са знешнім светам. Аднак тыя знаходкі, той матэрыял, які мы здабываем, паказвае, што тут было даволі актыўнае, вірлівае жыццё. Кантакты былі з самымі рознымі рэгіёнамі, прычым не толькі сучаснай Беларусі. Гэта і Арабскі халіфат, і Скандынавія. Старадарожчына была ў эпіцэнтры жыцця старажытнага свету”, — адзначыў Віталь Анатольевіч.

Далучайцеся!

Двор, пясочніца, рыдлёвачка… Гэта было ў маленстве. Гарадзішча, раскоп, рыдлёўка… Гэта ўжо прыметы археалагічнага дзяцінства і юнацтва, неад’емная частка летняга адпачынку для соцень беларускіх навучэнцаў, якія частку самых доўгіх канікул праводзяць сярод поля і лесу, нават на агародзе за цяжкай працай і не менш цікавым адпачынкам. Вось такая рамантыка, вось такая паэзія, вось такое яно — археалагічнае лета.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара
і Віталя ЮРЭВІЧА.