Раскошныя аазісы з’явіліся каля дзіцячых дамоў краіны

- 13:00Новости

Завяршылася рэспубліканская акцыя па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Кветкі дабра”. Яе фіналам сталі раскошныя аазісы каля дзіцячых дамоў краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ініцыятарам творчага праекта выступіў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Пры яго падтрымцы навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з вясны стваралі свае ландшафтныя праекты, наладжвалі сувязі з мясцовымі дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу і разам з іх юнымі гаспадарамі на іх жа тэрыторыях увасаблялі гэтыя праекты.

У фінале акцыі сустрэліся 30 навучэнцаў і 15 педагогаў устаноў адукацыі з усіх рэгіё­наў краіны. Юныя ландшафтныя дызайнеры прэзентавалі свае праекты па стварэнні духмяных садоў бесперапыннага цвіцення ў рэгулярным стылі з выкарыстаннем аднагадовых і шматгадовых вострадухмяных кветкавых раслін і вострасмакавых агародных раслін і міні-садоў пладова-ягадных раслін.

Выступленні канкурсантаў ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты па ландшафтным дызайне Рэспублі­канскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а таксама каардынатар сацыяльных праектаў Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч. Практычныя ўменні канкурсантаў ацэньвала журы падчас іх работы над стварэннем модульнага кветніка на тэрыторыі дзіцячага гарадка Ленінскага раёна сталіцы, дзе ­выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

Ніхто з фіналістаў не застаўся без узнагарод, але ёсць сярод іх і дзве каманды пераможцаў. У намінацыі “Сад маёй мары” імі сталі навучэнцы Цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Баранавіч (кіраўнікі Б.К.Івашка і Т.У.Варабей), а ў намінацыі “Духмяны сад” — творчы калектыў навучэнцаў Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства (кіраўнікі І.В.Трошына і Т.Я.Зубко).

Для лідскай каманды гэта быў дэбют. Творчае супрацоўніцтва яны наладзілі з домам сямейнага тыпу сям’і Віктара і Дануты Гурчын.

“Мы для гэтай вялі­кай сям’і стварылі духмяную клумбу, — расказвае Таццяна Яўгенаўна Зубко. — Гэта кампазіцыя з вострадухмяных раслін, якія дзеці могуць выкарыстоў­ваць з карысцю для свайго здароўя, для ўмацавання імуннай сістэмы. Яе мы размясцілі ў зоне адпачынку з альтанкай і мангалам, таму падчас сямейных вячорак дзеці і іх бацькі-выхавальнікі змогуць ужываць травы, якія растуць тут жа, прыпраў­ляць імі стравы на агні, заварваць духмяную гарбату, супакоіц­ца пасля напружанага дня, удыхаючы водар лаванды, мелісы і інш. Усяго мы высадзілі ў сваёй кампазіцыі каля 25 відаў раслін”.

Таццяна Варабей, метадыст Цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Баранавіч, адзначыла, што яе каманда прымала ўдзел у гэтай акцыі ўжо другі год запар і другі раз увасабляла свой творчы праект на тэрыторыі дзіцячага дома сямейнага тыпу сям’і Аляксандра і Ірыны Біруковых.

“Выхаванцы нашага цэнтра і гэтага дзіцячага дома з мінулага конкурсу сябруюць, падтрымліваюць сувязі, таму працяг нашых творчых зносін лагічны, — па­тлумачыла Таццяна Ула­дзіміраўна. — У мінулым годзе мы на іх тэрыторыі закладвалі міксбордар, сёлета — пладова-ягадны садзік. У ім пасадзілі саджанцы некалькіх гатункаў яблынь розных тэрмінаў паспявання, чарэшню, грушу, сліву, бясшыпы агрэст і нават ма­лінавае дрэва. Акрамя пладовых дрэў і кустоў, саду дадалі яркіх фарбаў, пасадзіўшы аднагадовыя кветкава-дэкаратыўныя культуры. Цяпер свой новы сад даглядаюць усе 13 выхаванцаў гэтага дзіцячага дома, акрамя самай малодшай, чатырнаццатай, — яна яшчэ немаўлятка”.

Правільна адзначылі педагогі з Баранавіч: прыгажосць выратуе свет, а тая прыгажосць, якую стварылі ўдзельнікі акцыі “Кветкі дабра” сумеснымі намаганнямі, яшчэ і навучыць іх па-добраму ставіцца да прыроды і жыць у гармоніі з ёй.

Пераможцы былі ўзнагароджаны дып­ломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а выхаванцы дамоў сямейнага тыпу, якія прымалі ўдзел у рэалізацыі праектаў, атрымалі падарункі ад Беларускага дзіцячага фонду. Падарункам для дзяцей сталі экскурсійна-адукацыйная праграма “Памятныя месцы Мінска” і адукацыйная экскурсія “Экасвет” у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.

Святлана НІКІФАРАВА