Раскрыць дзіцячыя таленты

“Больш за 30 гадоў я працую выхавальнікам і ніколі не пашкадавала аб сваім прафесійным выбары, — гаворыць Ірына Мікалаеўна Сцепаненка, выхавальніца ясляў-сада № 2 Лоева. — У маленькіх дзяцей, як у добрую глебу, ты кладзеш зярняткі іх будучых асобасных якасцей, талентаў і дасягненняў, якія ў далейшым прарастаюць і даюць першыя ўсходы. Настаўнікі пачатковых класаў, пераймаючы эстафету, аберагаюць пяшчотныя парасткі і развіваюць далей. Тое, што закладзена ў дзіцяці ў дашкольным узросце, аказвае ўплыў на ўсё яго жыццё, як гаворыцца, што пасееш, тое і пажнеш. Маім першым выпускнікам сёння па 35 гадоў, яны памятаюць мяне, дзякуюць і прыводзяць да мяне сваіх малышоў”.

Ірына Сцепаненка скончыла Лоеўскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”. Некаторы час жыла і працавала разам з мужам ва Украіне. Па вяртанні на Ра­дзіму прадоўжыла педагагічную дзейнасць. Уладкаваўшы дачку, а ў яе іх тры, у мясцовы дзіцячы сад, пачала там працаваць.

“Прафесію выхавальніка я параўноўваю з не менш складанай і цікавай прафесіяй клоўна ў цырку. Згадзіцеся, усе выхавальнікі павінны быць крыху клоўнамі, — з жартам разважае гераіня. — Клоўн — гэта гімнаст, акрабат, жанглёр, дрэсіроўшчык. Яго задача — выклікаць смех у гледачоў. І выхавальнік павінен многае ўмець: шыць, спяваць, танцаваць, быць акцёрам, мастаком, канструктарам, архітэктарам, псіхолагам, мець пачуццё гумару, каб пры неабходнасці рассмяшыць дзяцей. Але галоўнае, што яму неабходна ўмець, — раскрываць дзіцячыя здольнасці і таленты. У раннім узросце яшчэ складана вызначыць, якія ў дзіцяці схільнасці. Аднак калі малому 4—5 гадоў, дарослы можа многае даведацца пра яго, нават калі будзе проста назіраць за ім падчас самастойнай дзейнасці і гульняў. Ёсць малышы, якія любяць канструяванне, а ёсць тыя, хто любіць маляваць, майстраваць з нетрадыцыйных матэрыялаў, займацца лепкай або аплікацыяй і г.д. Развіваць малога варта ў тым кірунку, які яму падабаецца”.

Ірына Мікалаеўна называе сябе ўніверсальнай жанчынай, паколькі ў яе шмат інтарэсаў, уменняў і хобі, як у вядомай прымаўцы “і швец, і жнец і на дудзе ігрэц”. Яна можа, напрыклад, мэблю вырабіць, асвоіла дрэваапрацоўчы станок і для сваёй групы змай­стравала гульнявое абсталяванне (дзіцячую кухню з мыйкай, пральнай машынай і хала­дзільнікам, лялечны домік, столікі і крэсельцы). Педагог валодае зварачным апаратам і плануе стварыць для дзіцячага сада вулічныя бетонныя скульптуры (казачных персанажаў), а для гэтага неабходна зрабіць зварку металічнага каркаса. Ірына Мікалаеўна фарбуе і тынкуе сцены, насцілае падлогу, кладзе плітку, робіць цагляны мур, калі трэба, то і печку складзе. Усім гэтым працоўным навыкам яна навучылася ў таты, назіраючы за тым, як ён працуе. Калі штосьці не разумела, то Google быў у дапамогу. А муж маёй гераіні ўсё жыццё працаваў хлебаробам. 

На працягу 25 гадоў Ірына Мікалаеўна спявала ў Лоеўскім вакальным ансамблі “Жывіца”, які носіць званне “народны”. Яна скончыла музычную школу па класе акардэона і некаторы час працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садзе. Сёння педагог вядзе ў садзе гурток “Умелыя ручкі”, дзе вучыць дзяцей вырабляць прыгожыя рэчы, перадае ім канструктарскія навыкі.

“Мне падабаецца працаваць з рознымі матэрыяламі. Тэхналогія габеленапляцення, якой я вучылася на курсах, у чыстым выглядзе мяне не зачапіла, — адзначае педагог. — Заўважыла, што дзецям цікава працаваць не толькі з ніткамі, але і з кардонам, паперай, прыроднымі матэрыяламі, крупамі, пластмасавымі вырабамі і г.д. Ідэй для розных вырабаў шмат, мне дастаткова пагля­дзець на іх, каб зразумець, як стварыць той ці іншы выраб, як растлумачыць гэты працэс дзецям. На занятках мы ствараем дэкаратыўныя рэчы, цацкі, малюем пры дапамозе файлаў, штампаў, спонжыкаў, ватных палачак і г.д. Зараз на інтэрнэт-курсах я вывучаю тэхніку правапаўшарнага малявання, якую можна выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі ад 4 гадоў. Планую асвоіць з выхаванцамі лепку з палімернай гліны”.

У мінулым годзе загадчык установы Ірына Мікалаеўна Савенка прапанавала стварыць на базе сада народны беларускі тэатр лялек (батлейка). За ўвасабленне ідэі ўзялася Ірына Сцепаненка. “У Лоеўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы функцыянуе тэатр батлейка, які дае традыцыйныя паказы, — гаворыць выхавальніца. — Я вырашыла надаць батлейцы адукацыйны кірунак і ставіць спектаклі на пастаяннай аснове. Вырабіла двух’ярусную батлейку з прасаванай фанеры, абцягнула мешкавінай, упрыгожыла дэкаратыўнымі элементамі з джуту. Канструкцыя батлейкі прадугледжвае змену дэкарацый, якія малююцца на фанеры. Змайстравала лялькі: за аснову ўзяла поліпрапілен, які абкруціла джутавай або льняной ніццю, размалявала твары, пашыла вопратку. Акрамя таго, я раблю тэатральныя лялькі з пап’е-машэ, з капрону, выпілоўваю лобзікам фігуркі казачных герояў. Батлейку выкарыстоўваю ў рабоце з выхаванцамі старшай групы, але знаёмлю з гэтым мастацтвам і дзяцей сярэдняй групы.

Малым няпроста даецца беларуская мова. Каб дапамагчы ім у гэтым, я звярнулася да беларускіх казак. Пачалі з простых пастановак пра Калабка і курачку Рабу па-беларуску, затым з’явіліся казкі “Каза-манюка”, “Зімоўе звяроў”, “Як кот звяроў напалохаў”. З дзецьмі мы мяняем канцоўкі казак, згодна з тэхналогіяй ТРВЗ. Заўважыла, што ў працэсе тэатралізацыі выхаванцы лепш запамінаюць сюжэты казак, персанажаў, у іх узбагачаецца эмацыянальная сфера, маўленне. Падабрала для дзяцей і спецыяльныя практыкаванні для развіцця дыкцыі. Тэатр батлейка служыць папулярызацыі акцёрскай прафесіі. Я выступаю за адраджэнне і развіццё тэатральнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. У маіх планах стварыць на базе сада і іншыя віды тэатра”.

Батлейку Ірына Мікалаеўна прадстаўляла ў мінулым годзе на раённым фестывалі педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”. Сёння педагог зноў рыхтуецца да ўдзелу ў фестывалі, дзе прадставіць самаробную кнігу па азнаямленні дзяцей з сімволікай, традыцыямі і культурай беларускага народа. Педагог таксама ўдзельнічае ў раённым конкурсе МНС “Бяспечнае дзяцінства”, для якога разам з выхаванцамі вырабіла са спадручных матэрыялаў пажарную машыну-амфібію будучыні, якая працуе на сонечных батарэях і электрычных акумулятарах. Для тушэння пажараў і ратавання людзей, на думку педагога, павінен выкарыстоўвацца робат.

Надзея ЦЕРАХАВА.