Раскрыць патэнцыяльныя магчымасці кожнага вучня і педагога

Сёння наша “Суботняя планёрка” праходзіць у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, дзе ў 2018—2019 навучальным годзе ў 30 установах адукацыі і спорту вучацца і выхоўваюцца 2419 школьнікаў і 949 дзяцей дашкольнага ўзросту. Аб дасягненнях раёна, асаблівасцях работы з маладымі педагогамі, рэалізацыі інавацый і планах на будучыню расказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алеся Аляксееўна ЦІТОВА.

— Характарызуючы работу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна ў мінулым навучальным годзе, можна гаварыць аб захаванні тэндэнцыі росту якасных паказчыкаў, — пачынае Алеся Аляксееўна. — Выпускніца Бярэзінскай гімназіі Ганна Віктаровіч (настаўніца Д.М.Казлова) атрымала 100 балаў па рускай мове. Навучэнцы раёна на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрымалі 11 дыпломаў: па адным дыпломе І і ІІ ступені, 9 дыпломаў ІІІ ступені (у 2017 годзе — 5). Летась па выніках удзелу ў абласным конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў атрыманы дыплом ІІ ступені, а на рэспубліканскім конкурсе — дыплом ІІІ ступені. Дзесяцікласніца Бярэзінскай гімназіі Ірына Ганчарук у 2018 годзе стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Па выніках навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair і Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект” дыпломамі І і ІІ ступені ўзнагароджаны навучэнец сярэдняй школы № 3 Беразіна Мікіта Хадаронак.

Бярэзінскі раённы выканаўчы камітэт стымулюе і заахвочвае навучэнцаў, якія сталі пераможцамі прадметных алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Так, летась на гэтыя мэты выдзелена каля 10 тысяч рублёў для 120 навучэнцаў.

— Як арганізаваны ў раёне профільнае навучанне і дапрофільная падрыхтоўка?

— У гэтым навучальным годзе на базе 3 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае навучанне для 62 навучэнцаў 10 класа і 61 навучэнца 11 класа. У сярэдняй школе № 2 Беразіна створаны педагагічная і аграрная групы.

Штогод у сакавіку праводзіцца прафарыентацыйнае раённае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. На базе сярэдняй школы № 2 Беразіна сёлета адкрыты раённы рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі навучэнцаў.

— Над якімі інавацыйнымі праектамі працуюць педагагічныя калектывы раёна?

— Нашы педагогі дастаткова актыўна прымаюць удзел у інавацыйных праектах.З аднаго боку, гэты ўдзел патрабуе дастаткова вялікага маральнага, фізічнага і псіхалагічнага напружання ад усёй каманды, з іншага, як сказаў Льюіс Кэрал, “каб толькі стаяць на месцы, трэба вельмі хутка бегчы!”.

Сёлета ў раёне рэалізоўваюцца 5 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў: “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы” (Паплаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый навучэнцаў шляхам стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя” (сярэдняя школа № 2 Беразіна), “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны” (пачатковая школа № 1 Беразіна), “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара” (Лешніцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа) і “Укараненне мадэлі дыстанцыйнага навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (Цэнтр дзіцячай творчасці Бярэзінскага раёна).

— Алеся Аляксееўна, якая работа праводзіцца з маладымі спецыялістамі, каб яны замацаваліся на сваіх рабочых месцах?

— Ва ўстановах адукацыі і спорту раёна сёлета прыступілі да работы 8 маладых педагогаў. За кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнік з ліку найбольш вопытных педагогаў-прадметнікаў ці намеснікаў дырэктара, якія наведваюць заняткі, аналізуюць іх, выяўляюць праблемы, сумесна складаюць планы складаных тэм, праводзяць сумесныя мерапрыемствы і г.д. Індывідуальны падыход да педагога дазваляе раскрыць патэнцыяльныя магчымасці кожнага, праявіць творчы падыход да работы. У сваю чаргу маладыя спецыялісты наведваюць заняткі сваіх настаўнікаў, а таксама ўсе адкрытыя ўрокі.

З мэтай замацавання маладых спецыялістаў створана сістэма матэрыяльнай падтрымкі. Акрамя гарантаваных выплат, прадугледжаных працоўным заканадаўствам, маладым спецыялістам ва ўстановах адукацыі прадугледжаны шэраг мер стымулюючага характару. Па-першае, з усімі маладымі спецыялістамі заключаны кантракты, згодна з якімі асобныя катэгорыі работнікаў (выхавальнікі дашкольнай адукацыі, педагогі дадатковай адукацыі, трэнеры-выкладчыкі па спорце, інструктары-метадысты) атрымліваюць надбаўку да акладу ад 25% да 45%. Па-другое, усім маладым спецыялістам, якія працуюць па кантрактах, прадугледжаны 3 аплатныя каляндарныя дні да працоўнага адпачынку. Па-трэцяе, асобным маладым спецыялістам, якія здымаюць кватэру, часткова кампенсуюцца выдаткі за аплату жылля.

Арганізавана работа школы маладога спецыяліста, адзін раз у два гады праводзіцца конкурс “Педагагічны дэбют”, традыцыйна ў лістападзе — снежні ладзяцца сустрэчы з маладымі спецыялістамі, на якіх прысутнічаюць прадстаўнікі райвыканкама, упраўлення па адукацыі, раённага прафсаюзнага камітэта, грамадскіх аб’яднанняў. З мэтай памяншэння адтоку кадраў з раёна выкарыстоўваецца мэтавая форма падрыхтоўкі кадраў для ўстаноў адукацыі.

— Якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння?

— Хвалююць пытанні, звязаныя з якасцю адукацыі, арганізацыяй занятасці навучэнцаў, развіццём неабходнай матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, аснашчэннем іх сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. На гэта і будуць накіраваны нашы намаганні. Рашэнне праблем — у штодзённай карпатлівай працы. Упэўнена, што педагогі раёна з гэтымі пытаннямі паспяхова справяцца.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.