Раскрыць талент кожнага дзіцяці. У гэтым бачыць сваю галоўную задачу кіраўнік узорнага харэаграфічнага ансамбля “Кужалёк” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва Марына Прохарава.
Сёння ў склад ансамбля ўваходзіць больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў. Вялікі вопыт і прафесіяналізм дазваляюць Марыне Мікалаеўне ў кароткія тэрміны раскрываць схільнасці і здольнасці навучэнцаў. У рабоце з дзецьмі педагог заўсёды імкнецца дасягнуць высокага выканальніцкага майстэрства. Яна адказна падыходзіць да аналізу і пастаноўкі нумароў канцэртнай праграмы. На занятках і рэпетыцыях шмат часу ўдзяляе адпрацоўцы танцавальных элементаў, таму выступленні ўдзельнікаў калектыву вызначаюцца чысцінёй ліній і выразнасцю рухаў.
Педагог знаходзіцца ў бесперапынным творчым пошуку новых ідэй, нестандартных харэаграфічных рашэнняў, пастаянна працуе над пашырэннем рэпертуару. Марына Прохарава прытрымліваецца правіл: паважаць і захоўваць традыцыі; адчуваць час і не баяцца эксперыментаў; удасканальвацца і развівацца; тварыць, нават калі цяжка; імкнуцца да поспехаў, не забываючы аб інтарэсах кожнага дзіцяці. Вучні Марыны Мікалаеўны ведаюць, што танцуюць не толькі для сябе, але і каб радаваць гледача. У рэпертуары ансамбля пастаноўкі беларускіх і рускіх народных, сцэнічных танцаў, эстрадныя і сольныя нумары.
Адзін з асноўных прынцыпаў Марыны Прохаравай — выкарыстанне мінімальнай колькасці танцавальных элементаў пры максімуме іх разнастайнасці. Доўгае вывучэнне і прапрацоўка невялікай колькасці рухаў даюць магчымасць дзецям якасна іх засвоіць, што з’яўляецца падмуркам для далейшых заняткаў. Мноства спалучэнняў гэтых элементаў стварае ўражанне навізны і дае прастор фантазіі дзяцей. Заняткі становяцца творчым працэсам. Вялікае выхаваўчае значэнне мае складанне самімі вучнямі танцавальных камбінацый і эцюдаў.
На працягу 30 гадоў самабытныя нумары ў выкананні ансамбля штогод адзначаюцца на рэспубліканскіх творчых конкурсах. Неардынарная праграма прадастаўляе магчымасці для канцэртнай дзейнасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Калектыў з’яўляецца пераможцам шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў.
Яркія і запамінальныя танцавальныя нумары ансамбля “Кужалёк” — вынік творчага падыходу і крэатыўнасці Марыны Прохаравай. За добрасумленную працу, уклад у развіццё і папулярызацыю харэаграфічнага мастацтва Марына Мікалаеўна ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, прэміяй “Дасягненне” Магілёўскага гарадскога ўпраўлення культуры.
Наталля КАВАЛЁВА,
метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва