Раскрыць таленты і не толькі: чым здзіўляе сярэдняя школа № 2 Копішча?

- 13:40Репортаж

Амфітэатр для заняткаў музыкай, цыкларама для фотаздымкаў і блогінгу, пляцоўкі ціхага адпачынку, space­прастора і памп­трэкі — гэта толькі некаторыя з лакацый, якімі вылучаецца новая сярэдняя школа № 2 Копішча Мінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Урокі блогінгу

Пасля таго як забудоўшчык перадаў установу Мінскаму раёну, калектыву засталося самае важнае — вывучыць схемы размяшчэння карпусоў і кабінетаў і чакаць вучняў. Дырэктар Кацярына Сачэк расказала, што школу параўноўваюць з кампусам і для гэтага ёсць падставы: вялікія сучасныя кабінеты, прасторныя калідоры і многа розных пляцовак для адпачынку і развіцця шматлікіх талентаў школьнікаў гарманічна спалучаюцца паміж сабой.

Асаблівасць новай установы адукацыі заключаецца ў тым, што яна цалкам спраек­тавана па ўнікальнай ідэі і пабудавана з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій.

“Наша школа складаецца з трох асобных блокаў, два з якіх — вучэбныя карпусы, — прэзентуе школу талентаў Кацярына Леанідаўна. — У адным будуць займацца навучэнцы малодшых класаў, а ў другім — старшакласнікі. Сярэдні корпус будзем выкарыстоўваць для агульнашкольных мерапрыемстваў, правядзення заняткаў у гуртках і для іншых актыўнасцей, якія праводзяцца пасля ўрокаў”.

Адказваючы на пытанне, чаму ўстанову назвалі школай талентаў, К.Сачэк сказала, што гэта была ідэя забудоўшчыка (“А-100 Дывелапмент”): архітэктары планавалі стварыць такую прастору, дзе кожнае дзіця зможа рэалізавацца і адкрыць у сабе талент у адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі і жаданнямі. І ведаеце, з першага погляду здаецца, што ў тых, хто будзе тут вучыцца, усё атрымаецца.

“У нашай школе, у яе кабінетах і холах, кожны з выхаванцаў зможа самавыявіцца і самарэалізавацца, прымераць на сябе ролю архітэктара, мастака, танцора, блогера, — працягвае кіраўнік. — Калі дзецям падабаецца вывучаць навукі, то і для гэтага ў нас прадугледжаны ўсе магчымасці. Галоўнае — заявіць пра сябе і не саромецца”.

Вучэбныя кабінеты школы выкананы ў мінімалістычным стылі, афарбоўка сцен аднатоннага светла-шэрага колеру, і гэта таксама нясе сваю ідэю. Забудоўшчык так і планаваў: у класах, дзе ідуць урокі, дзяцей нічога не павінна адцягваць ад вучобы. Холы таксама аднатонныя, але іх напаўненне якраз прызначана для таго, каб вучням было дзе патраціць энергію на перапынку і адпачыць. І ў корпусе для пачатковай школы, і ў тым, дзе бу­дуць вучыцца старшакласнікі, ёсць фае-пляцоўка з музычнымі інструментамі. Яны не тыповыя, па сваіх памерах дастаткова вялікія і прызначаны для таго, каб адначасова некалькі вучняў маглі тут пра­явіць свае эмоцыі.

Паміж паверхамі для школьнікаў прадуманы месцы для адпачынку — прыступкі-лавачкі з мяккімі падушкамі. Тут можна пасядзець, пачытаць кнігу альбо проста паразмаўляць з аднакласнікамі. Цікавы і прывабны па сваім напаўненні трэці блок. Новы навучальны год яшчэ не пачаўся, але педагогі ўжо ведаюць, якая лакацыя ў ім стане найбольш папулярнай сярод навучэнцаў.

“У нас прадумана вялікая прыгожая цыкларама, дзе юныя блогеры змогуць здымаць ролікі альбо рабіць фотаздымкі, сэлфі, — працягвае К.Сачэк. — Плануем, што будзем праводзіць заняткі па блогінгу, але не самі, а з запрашэннем экспертаў, блогераў, якіх ведаюць і глядзяць дзеці”.

Першы трэці клас

Жнівень — самы адказны час для любога дырэктара, нават для кіраўніка абсалютна новай школы. Пасля таго як была прызначана на пасаду дырэктара, Кацярына Сачэк пачала падбіраць педагагічныя кадры. Многія з настаўнікаў — яе калегі, якія працавалі ў розных школах Мінска. Але і маладыя спецыялісты таксама прыйшлі ў школу талентаў — іх 17.

“Мы не заказвалі для сябе многа спецыялістаў, бо тады, калі школа была зда­дзена, ужо амаль усюды прайшлі размеркаванні і педагогі разышліся па ўстановах адукацыі, — тлумачыць дырэктар. — Але наш калектыў папоўніўся настаўнікамі пачатковых класаў — іх 4, таксама выкладчыкамі англійскай мовы, хіміі і педагогам-псіхолагам. Калі гаварыць пра тых, каго нам не хапае, гэта кухары. У нас цудоўны харчаблок, сучасная сталовая, і хочацца, каб дзецям падабаліся стравы, якія гатуюць спецыялісты. Так, у нас ёсць некалькі кухараў, але хацелася б папоўніць іх штат”.

Сярод тых, хто сёлета пачне вучыць у школе талентаў дзяцей, — настаўніца пачатковых класаў Марыя Валянцінаўна Скрабіна.

“Пасля заканчэння ў 2019 годзе Мінскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа прыйшла на адпрацоўку ў сярэднюю школу № 173 Мінска, — расказвае пра сябе педагог. — Менавіта там пачаўся мой прафесійны шлях. Я набрала свой першы клас і выпусціла яго”.

Успамінаючы, чаму выбрала для сябе педагогіку і вырашыла паступаць пасля 9 класа ў каледж, Марыя Валянцінаўна адзначыла, што ёй было важна як мага хутчэй прыносіць карысць людзям. За час работы ў школе № 173 педагог атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю, а год назад стала настаўніцай першай кваліфікацыйнай катэгорыі.

“У школу талентаў я прыйшла, калі ўбачыла аб’яву аб вакансіях, — прызнаецца М.Скрабіна. — Не буду хаваць: мне хацелася раскрыць сябе ў новым акружэнні, у іншай установе адукацыі. Сярэдняя школа № 2 Копішча — ідэальны варыянт. Гэта новая, тэхналагічная, сучасная ўстанова адукацыі, якая максімальна напоўнена і бліскуча абсталявана”.

Прыемна, што забудоўшчык паклапаціўся не толькі пра дзяцей, але і пра настаўнікаў. Для педагогаў прадугледжаны камфортныя настаўніцкія і зоны для адпачынку.

“Падабаецца, што ў школе ёсць месцы, куды, акрамя настаўніцкай, можна пайсці з калегамі і абмеркаваць пытанні, якія хвалююць, — дадае Марыя Валянцінаўна. — Што тычыцца вучняў, то ва ўстанове створана цудоўная атмасфера, якая будзе спрыяць таму, каб яны былі зацікаўлены ў атрыманні новых уменняў і навыкаў”.

У Дзень ведаў да Марыі Скрабінай прыйдуць вучыцца трэцякласнікі, і педагогу гэта падабаецца.

“Трэці клас — дастаткова далікатны, таму што пачынаюцца першыя адзнакі, — тлумачыць настаўніца. — У дзяцей, якія прыйдуць у новую школу, зноў пачнецца адаптацыя да акружэння. Разам з гэтым пачнецца адзнакавае навучанне. Рэакцыя як саміх вучняў, так і бацькоў на з’яўленне адзнак у дзённіку вельмі розная. У гэтым і заключаецца асноўная складанасць. Але я думаю, што будзе цікава і ў нас усё атрымаецца”.

Захаваць унікальнасць

Праз тыдзень сярэдняя школа № 2 Копішча напоўніцца дзіцячымі галасамі. Сюды ўпершыню прыйдуць тыя, у каго на працягу навучальнага года педагогі бу­дуць старацца раскрыць унікальныя здольнасці.

Прыкметна, што іх развіццю ў вучняў спрыяе не толькі школа, але і прышкольная тэрыторыя. На ёй вельмі гарманічна размясціўся амфітэатр, дзе будуць праходзіць шматлікія мерапрыемствы, а таксама заняткі на свежым паветры, калі дазволіць надвор’е. Тут жа — памп-трэк, найноўшыя спартыўныя пляцоўкі, гамакі для адпачынку і інш.

“Вельмі важна зберагчы тое, што нам дасталася, — падсумоўвае Кацярына Сачэк. — Наша школа ўнікальная, прыгожая і цікавая, а значыць, і павінна такой застацца. Сёння мая асноўная задача — забяспечыць якасць адукацыі, бяспеку дзяцей і зрабіць усё магчымае, каб школьнікам было цікава вучыцца. Мы — школа талентаў, а значыць, інакш быць не можа”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА