Раскрывае дзіцячыя таленты

- 12:22Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Неталенавітых дзяцей не бывае, пэўныя здольнасці ёсць у кожнага вучня, трэба толькі іх выявіць і раскрыць. Такім прынцыпам кіруецца ў сваёй рабоце педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 21 Магілёва Юрый СМАЛЯКОЎ.

— Творчасць вабіла мяне з дзяцінства. Яна хутка стала неад’емнай часткай майго жыцця. Колькі сябе памятаю, заўсёды бавіў вольны час у нашым мясцовым Доме культуры, — расказвае Юрый Ваціслававіч.

У сферы культуры ён некалі і пачаў свой працоўны шлях. Але ўжо тады не толькі выступаў асабіста, а нават вёў разнастайныя творчыя гурткі.

— Менавіта ў першыя га­ды работы канчаткова прыйшло ўсведамленне, што маё прызванне — адкрываць дзецям дзівосны свет творчасці, — дзеліцца Ю.В.Смалякоў.

Першыя крокі ў сферы дадатковай адукацыі Юрый Ваціслававіч рабіў 25 гадоў ­назад у 21-й гарадской школе. У гэтай установе ён плённа працуе і зараз.

— Гэта прафесіянал сваёй справы і вельмі неабыякавы педагог, на занятках якога заўсёды пануе атмасфера добразычлівасці і ўзаемара­зумення з дзецьмі, — гаво­рыць пра Ю.В.Смалякова дырэктар школы Галіна Аляк­сееўна Віктарава.

І ў гэтых словах няма перабольшання. Для Юрыя Ваціслававіча сапраўды першачарговым з’яўляецца наладжванне кантакту і прыязных узаемаадносін з навучэнцамі. Зараз ён кіруе чатырма аб’яднаннямі па інта­рэсах, дзе далучае дзяцей да вакалу і жывога роднага слова. Яго гурткі наведваюць звыш 60 хлопчыкаў і дзяўчынак.

— З кожным вучнем імкнуся знайсці агульную мову, улічваючы індывідуальныя здольнасці і рысы характару. Для кожнага дзіцяці падбіраю свой рэпертуар, які найлепшым чынам раскрывае яго патэнцыял, — гаво­рыць Ю.В.Смалякоў.

На яго погляд, нейкага адзінага, універсальнага сродку зносін з вучнямі не існуе: да кожнага трэба знайсці свой падыход. І Юрый Ваціслававіч гэты падыход шукае — праз спагаду і дабрыню да дзяцей, уменне выклікаць цікавасць і захапіць творча­сцю.

— У кожным гуртку ў нас цёплыя, даверныя ўзаема­адносіны з навучэнцамі. Мы
часта гутарым на розныя тэмы як сапраўдныя сябры. І для мяне гэта вельмі важна, бо лічу, што быць педагогам — значыць не толькі вучыць, але і выхоўваць. Стараюся перадаць вучням свой жыццёвы вопыт, дапамагчы ім стаць сумленнымі і добрымі людзьмі, прыстойнымі грамадзянамі, — адзначае Ю.В.Смалякоў.

Галоўная асаблівасць заняткаў Юрыя Ваціслававіча — стварэнне сітуацыі поспеху. Нават самыя маленькія дасягненні вучняў ніколі не застаюцца без увагі педагога, бо ён упэўнены: пахвала, матывацыя значаць вельмі многае і найлепшым чынам стымулююць дзяцей да далейшага развіцця, як і цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў.

— Адукацыйную траекторыю, пэўныя арыенціры будуем разам з мамамі і тата­мі. Агульная зацікаўленасць, адзіныя алгарытмы навучання і выхавання дазваля­юць прывесці вучня да чаканых вынікаў, — падкрэслівае Ю.В.Смалякоў. 

Вучні Юрыя Ваціслававіча штогод вызначаюцца высокімі дасягненнямі. Яны пастаянныя пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў. Адпаведна адзначаецца і праца Ю.В.Смалякова. За паспяховае развіццё дзіцячай творчасці ён неаднаразова атрымліваў ганаровыя граматы, падзячныя лісты і дыпломы рознага, у тым ліку і міжнароднага, узроўню.

— Перамогі ў конкурсах і спаборніцтвах — гэта важкі паказчык. Але значнасць мае не толькі заваяванне актыўным вучнем гран-пры. Поспехам лічу і тое, калі сціплы навучэнец, які доўгі час на занятках толькі назіраў, раптам па ўласнай ініцыятыве выхо­дзіць на сцэну і выразна чытае верш. Для мяне асабліва значна, калі дзіця раскрываецца і пачынае ­праяўляць сябе. Гэта асноўнае, да чаго імкнуся, — расказвае Юрый Ваціслававіч.

За некалькі дзесяцігоддзяў Ю.В.Смалякоў выпусціў у дарослае жыццё не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Зараз яго творчыя гурткі наведваюць ужо дзеці некаторых былых вучняў. Гэты давер і своеасаблівая пераемнасць для Юрыя Ваціслававіча — самая галоўная радасць і задавальненне ад педагагічнай працы.

Ганны СІНЬКЕВІЧ.