Раскрываць таямніцы драўлянага свету

Аднойчы давялося пабываць у Кукаўскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна. Першае, што кінулася ў вочы, — гэта парадак, чысціня і незвычайныя экспазіцыі на школьным двары. З камянёў выкладзены масткі-пераходзікі, цвітуць вясновыя кветкі: нарцысы і цюльпаны. Неўзабаве я звярнула ўвагу на вялікія штучныя драўляныя рамонкі. Каля іх хочацца прыпыніцца і абавязкова зрабіць фота на памяць. Хто ж аўтар гэтай кветкавай кампазіцыі? Чые майстравітыя рукі вырабляюць такую прыгажосць? Высветлілася, што Андрэй Літвіновіч, дырэктар школы, разам са сваімі вучнямі на ўроках працы і занятках дэкаратыўна-прыкладнога гуртка ствараюць не толькі кветкі, але і шмат цікавых вырабаў з дрэва. Наогул, у школе дзейнічае бізнес-праект пад рамантычнай назвай “Пунсовая кветачка”, які прадугледжвае не толькі далучэнне дзяцей да працы, занятасць іх у свабодны ад навучання час, але і стварэнне з драўлянага матэрыялу незвычайных вырабаў. Напрыклад, такіх рамонкаў, якія прыгожа будуць глядзецца не толькі на вулічнай тэрыторыі, але і стануць незвычайным дэкорам унутры памяшкання. Вырабляць такія рэчы, ды яшчэ і навучаць майстэрству вучняў, — бясспрэчна, талент.

У Кукаўскай сярэдняй школе Андрэй Цімафеевіч на паса­дзе дырэктара працуе першы год. Па прафесіі ён настаўнік працы і чарчэння. Калі чатыры гады назад прыйшоў працаваць у гэтую школу, то адразу прапанаваў вучням заняцца разьбой па дрэве. Спачатку жадаючых было шмат, але з часам высветлілася, што ствараць вырабы з дрэва — скарбонкі, падстаўкі для ручак ці іншыя прадметы — справа не з лёгкіх, патрабуе не толькі цярпення, уседлівасці, але і акуратнасці, і крэатыўнага падыходу. А яшчэ, займаючыся такой справай, трэба мець нейкія падставы для творчасці. Працуючы з вучнямі ў майстэрні, Андрэй Літвіновіч ведае, што гэты занятак павінен быць не толькі сродкам выхавання. Яго галоўная мэта — атрымаць задавальненне ад самога працэсу стварэння драўлянага шадэўра.

Памятае мужчына, што калі быў вучнем Люсінскай сярэдняй школы, то з вялікім жаданнем наведваў урокі малявання, дзе пазнаваў разам з настаўніцай Валянцінай Іванаўнай першыя радасці мастацтва. А колькі задавальнення яму, маленькаму хлопчыку, прыносілі карпатлівыя гадзіны каля такарнага станка на ўроках працы, якія ўмела выкладаў Рыгор Іванавіч Амель­яновіч! Ужо тады Андрэй добра ведаў, кім ён стане ў будучыні і мэтанакіравана падаў дакументы ў Аршанскі педагагічны каледж. З вялікім жаданнем працаваць вярнуўся на Ганцавіччыну. Першае працоўнае месца маладога настаўніка — Востраўская сярэдняя школа. Тут былі яго першыя крокі ў прафесію, першыя перамогі. Яго вучань, Арцём Барысевіч, на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні атрымаў дыплом. Іх агульная работа — драўляная хлебніца — зроблена не толькі па-майстэрску, але і з душой, таму была дастойна ацэнена журы. Колькі потым было створана разнастайных вырабаў — не злічыць! Як лічыць Андрэй Цімафеевіч, нельга двойчы зрабіць аднолькавыя рэчы. Кожная творчая работа патрабуе індывідуальнага падыходу, мае сваю непаўторнасць. Дома, калі даводзіцца займацца творчасцю, абавязкова ўключае тэлевізар і на фоне старога добрага кіно, камедый Леаніда Гайдая, з задавальненнем бярэцца за работу. Гэтыя фільмы яго дзяцінства дабаўляюць добрыя ноткі ў настрой, хвалююць унутраны свет майстра і даюць ня­стрымную энергію.

Мець здольнасць да творчасці — вялікі дар прыроды. І хаця Андрэй Літвіновіч не лічыць сябе вялікім майстрам, сваё майстэрства ён стараецца ўдасканаліць. І гэты дар — адчуваць дыханне, настрой, характар дрэва, з любоўю і вялікім жаданнем раскрываць таямніцы драўлянага свету — настаўнік перадае сваім вучням. Ён бачыць іх гаспадарамі на зямлі, дзе яны нарадзіліся і жывуць, гаспадарамі дбайнымі, якія ўмеюць ствараць і цаніць прыгажосць.

Таццяна МАЛЯЎКА.