Педагогі ўстановы вучаць школьнікаў берагчы прыроду і правільна карыстацца гаючымі ўласцівасцямі раслін. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, якія травы растуць на 64 квадратных метрах тэрыторыі прышкольнага вучэбна-доследнага ўчастка і чым яны карысныя.
Экалагічнае выхаванне — адзін з прыярытэтных напрамкаў сістэмы адукацыі. Гэта спосаб уздзеяння на пачуцці вучняў, іх свядомасць, погляды і ўяўленні.
— Яднанне з прыродай вучыць дзяцей любіць родны край, школьнікі разумеюць, што павінны берагчы расліны, а з нядаўніх часоў яны яшчэ вучацца правільна карыстацца іх лячэбнымі ўласцівасцямі, — гаворыць настаўніца хіміі і біялогіі Настасся Неўмяржыцкая. — Ініцыятыва расказаць школьнікам пра карысную мяту, лаванду і іншыя духмяныя травы з часам ператварылася ў нешта большае. У нашай установе была створана “Аптэка на градцы”. Улічваючы мясцовыя кліматычныя ўмовы, склад глебы, было вырашана размясціць “аптэку” на тэрыторыі прышкольнага вучэбна-доследнага ўчастка, плошча якога складае 64 квадратныя метры. Для вырошчвання лекавых раслін выкарыстоўвалі высокія градкі ў выглядзе перавернутых парасонаў.
Тэмпература паветра ў гарадах на некалькі градусаў вышэйшая, чым у наваколлях: абсалютны максімум складае 38°С, працягласць цёплага перыяду ў Лельчыцах — да 252 дзён.
Пры выбары лекавых раслін кіраваліся перш за ўсё іх лячэбнымі ўласцівасцямі, устойлівасцю, прыгожым цвіценнем. У выніку ўсе раней высаджаныя травы выдатна сабе адчуваюць на зямлі Лельчыцкага раёна.
— Напрыклад, бадан радуе цвіценнем у той час, калі іншыя кветкі яшчэ не распусціліся, — працягвае педагог. — Але не ўсе ведаюць, што бадан не толькі яркая вясновая кветка. Яе лісце выкарыстоўваецца для гатавання смачнай і карыснай гарбаты. Сушанае лісце мае прыемны, тонкі пах, а сам напітак валодае танізуючым дзеяннем, а таксама станоўча ўплывае на абмен рэчываў. Асобнае месца на градках займае мацярдушка звычайная, або арэгана, таксама вядомая пад назвай мацярынка. Гэта далёкая сваячка мяты, мелісы, шалфею, базіліку. Яна выкарыстоўваецца ў кулінарыі і медыцыне, мае цудоўны водар. Расліна — найбагацейшая крыніца антыаксідантаў, змяшчае аскарбінавую кіслату, эфірнае масла. Гэта дэкаратыўная расліна, але прыгажосць яе простая, лугавая.
Школьнікі асабліва любяць даглядаць лясныя суніцы. Гэта нядзіўна, бо яны шануюцца за смачныя ягады і гаючыя ўласцівасці, лічацца крыніцай вітамінаў. Ягады суніцы сакавітыя, смачныя і салодкія, з моцным водарам. Дарэчы, у гэтай расліны гаючыя ўсе часткі: ягады, лісце, карэньчыкі. Аб тым, каб збіраць багаты ўраджай ягад усё лета, добра паклапаціліся педагогі і навучэнцы, высадзіўшы рэмантантны гатунак суніц, які дае плады ўсе цёплыя сонечныя дні. У апошнія гады лаванда таксама становіцца ўсё больш папулярнай раслінай, выкарыстоўваецца ў якасці інгрэдыенту ў свечках, мыле, ласьёнах і парфумерыі. Удыханне водару лаванды дапамагае супакоіць нервовую сістэму.
— Наша “аптэка” яшчэ багатая на лекавую мелісу, мяту, палявую незабудку, лекавы жывакост, чабор, шалфей, эхінацэю і дзявоцкі рамонак, — пералічвае Настасся Васільеўна. — Гаючыя ўласцівасці гэтых “зялёных лекараў” ва ўсіх на слыху, іх усё часцей выкарыстоўваюць у народнай медыцыне. На нашай “Аптэцы на градцы” расце дастатковая колькасць лекавых раслін, якія можна выкарыстоўваць як у прафілактычных мэтах (у якасці агульнаўмацавальнага сродку), так і ў лячэбных (пры пэўных захворваннях або станах арганізма). Духмяную траву можна дабаўляць і ў якасці прыправы — гэта не толькі карысна, але і вельмі смачна.
Відавочныя перавагі такой “аптэкі”: знаходзіцца далёка ад шашы, у ёй не прымяняюцца нітраты і пестыцыды, а значыць, сабраныя лекавыя расліны экалагічна чыстыя. Акрамя таго, кожны з навучэнцаў можа не купляць у аптэцы корань бадану, лісце мяты, кветкі рамонку, а вырасціць і нарыхтаваць іх самастойна. А правілы нарыхтоўкі і захоўвання дзецям нагадае захоплены экалагічным выхаваннем педагог.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадаставіла Настасся Неўмяржыцкая