Распрацоўкі для краіны і на экспарт

10 лістапада — Сусветны дзень навукі за мір і развіццё. Дата афіцыйна зацверджана ЮНЕСКА і будзе адзначацца ўжо 20­ы раз. Тэма 2021 года: “Пабудова супольнасцей, гатовых да змянення клімату”. Карыстаемся выпадкам, каб нагадаць пра важнасць навукі для развіцця чалавецтва і асобных дзяржаў.

Як паведаміў начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Пётр Пякуцька, у сістэме Міністэрства адукацыі дзейнічаюць 36 навуковых арганізацый (універсітэты, навукова-даследчыя інстытуты, цэнтры і інш.), 6 навукова-тэхналагічных паркаў, 3 цэнтры трансферу тэхналогій. Функцыянуе інфармацыйна-маркетынгавы вузел Міністэрства адукацыі, які забяспечвае прасоўванне распрацовак у рэальны сектар эканомікі.

Міністэрства адукацыі выступае дзяржаўным заказчыкам каля 1200 навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ. Іх спектр вельмі шырокі. Даследаванні праводзяцца для большасці галін, у тым ліку для медыцыны і сельскай гаспадаркі.

Навуковыя арганізацыі Мініс­тэрства адукацыі цесна супрацоўнічаюць з установамі Нацыянальнай акадэміі навук. Як прыклад, Пётр Пякуцька назваў супрацоўніцтва вучоных БНТУ і Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН, якія распрацоўваюць новыя тэхналагічныя працэсы аднаўлення аўтамабільных дэталей плазменна-вакуумным напыленнем. З удзелам спецыялістаў БНТУ і Інстытута фізікі НАН даследуюцца працэсы распылення керамічных мішэней на аснове аксіду цынку (выкарыстоўваюцца ў мікра-, опта-, нанаэлектроніцы). І падобных прыкладаў шмат. Акрамя таго, фарміруюцца сумесныя пулы з навукоўцамі іншых краін для выканання міждзяржаўных праектаў.

Беларуская навуковая прадукцыя запатрабавана на замежных рынках. Міністэрства адукацыі ажыццяўляе экспарт распрацовак у 37 краін.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.