Расце актыўнасць палітычных партый на першых этапах мясцовых выбараў

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным на сайце ЦВК, адзначыла ўсё большую актыўнасць палітычных партый на першых этапах выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў — 2018.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, 4 снежня завяршыўся важны этап гэтай кампаніі — утвораны акруговыя выбаркамы па выбарах дэпутатаў абласных Саветаў, а таксама дзевяць раённых камісій горада Мінска па выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета. “Гэтыя органы будуць працаваць непасрэдна з кандыдатамі ў дэпутаты і ўжо прымаюць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Таму тыя патэнцыяльныя кандыдаты, якія жадаюць вылучыцца шляхам збору подпісаў, могуць падаваць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы”, — заўважыла яна.

У заяве павінен змяшчацца спіс членаў ініцыятыўнай групы. Мінімальная колькасць — тры чалавекі, максімальная — дзесяць. Пры гэтым члены групы могуць не пражываць на тэрыторыі той выбарчай акругі, дзе буду ць збірацца подпісы. Галоўнае, каб выбаршчыкі, якія будуць ставіць гэтыя подпісы, пражывалі на тэрыторыі той акругі, дзе вылучаецца кандыдат.

Лідзія Ярмошына таксама праінфармавала аб тым, хто ўвайшоў у склад акруговых, Мінскіх раённых выбаркамаў. “У нас вырасла колькасць тых, каго намініравалі на гэтыя пасады грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі. Так, колькасць партыйных вылучэнцаў у складзе акруговых, раённых выбарчых камісій павялічылася на 2 працэнты. А ад прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў у цэлым — на 8 працэнтаў. Пры гэтым зменшылася колькасць тых, хто вылучаўся ад працоўных калектываў альбо шляхам збору подпісаў грамадзян”, — канстатавала яна.

Старшыня ЦВК звярнула ўвагу на асаблівую актыўнасць асобных партый. “У склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі не толькі партый, якія прытрымліваюцца прадзяржаўнай палітыкі, але і партыі, якія адносяць сябе да катэгорыі апазіцыйных”, — заўважыла Лідзія Ярмошына. Напрыклад, колькасць прадстаўнікоў партыі “Справядлівы свет” павялічылася ў акруговых камісіях у параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі амаль у тры разы. У два з лішнім разы вырасла колькасць прадстаўнікоў партыі БНФ. Актыўна працуе Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, у яе таксама павялічылася колькасць прадстаўнікоў амаль у два разы. Значна ўзмацніла свае пазіцыі Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды. “Усё гэта сведчыць аб тым, што ў нас актыўна фарміруецца грамадзянская супольнасць”, — лічыць кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Што тычыцца грамадскіх аб’яднанняў, найбольш актыўна сябе праяўляюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, РГА “Белая Русь” і Беларускі саюз жанчын.

“Такім чынам, мы бачым: тыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія жадаюць працаваць на гэтыя выбары, актыўна прымаюць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі і, зразумела, будуць таксама ўплываць на ход выбараў”, — рэзюмавала Лідзія Ярмошына.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, будзе размеркавана крыху больш за 18 тысяч мандатаў. Тэрміны вылучэння кандыдатаў — з 10 снежня 2017 года па 8 студзеня 2018 года ўключна. Перыяд перадвыбарнай агітацыі прадоўжыцца да 18 лютага.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *