Расце прывабнасць і прэстыж

Павышэнне міжнароднага статусу Беларусі ў адукацыйнай сферы з мэтай развіцця экспарту адукацыйных паслуг — такая задача была і застаецца самай актуальнай у развіцці міжнароднага супрацоўніцтва нацыянальнай сістэмы адукацыі. Якія прыярытэты характэрны для сённяшняй міжнароднай палітыкі Міністэрства адукацыі, як расце дынаміка міжнародных кантактаў, якімі знакавымі падзеямі азнаменаваны мінулы і сёлетні год — аб гэтым гутарым з начальнікам упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва галіновага міністэрства І.Л.ШЫТКОЎСКАЙ.

— Ірына Леанідаўна, наша міністэрства выйшла на новы віток развіцця экспарту адукацыйных паслуг, і мы маем у гэтым пэўныя вынікі. Якія найбольш яскравыя рысы гэтага руху вы б абазначылі?

— Перш за ўсё варта адзначыць, што істотна пашырана дагаворна-прававая база міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі і маладзёжнай палітыкі. Так, у мінулым годзе падпісаны міжведамасныя дагаворы аб супрацоўніцтве з Таджыкістанам у сферы дашкольнай адукацыі, з Узбекістанам і Інданезіяй у сферы вышэйшай адукацыі, міжурадавае пагадненне з Малдовай у сферы адукацыі. Установамі адукацыі, іншымі арганізацыямі сістэмы адукацыі заключаны 364 дамоўленасці з адукацыйнымі, навуковымі і іншымі арганізацыямі з 40 краін свету (у цэлым нашы ўстановы адукацыі ўстанавілі супрацоўніцтва з 83 краінамі ў рамках 4100 пагадненняў). Мы спадзяёмся, што ў хуткім часе гэтыя дамоўленасці будуць рэалізаваны ў канкрэтных праектах і праграмах. Гэта можа быць стварэнне новых адукацыйных структур (падрыхтоўчых аддзяленняў, філіялаў (факультэтаў) універсітэтаў, сумесных інфармацыйна-адукацыйных і іншых цэнтраў), а таксама рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм. Як вядома, у мінулым годзе быў адкрыты Цэнтр беларускай адукацыі, навукі і культуры на базе Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С.Осімі, Беларуска-Узбекскі адукацыйны цэнтр на базе Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі, Беларуска-Кыргызскі адукацыйна-навукова-культурны цэнтр на базе Міжнароднага ўніверсітэта Кыргызскай Рэспублікі і інш. Акрамя таго, створаны сумесны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Тэхналагічнага ўніверсітэта Таджыкістана ў Рэспубліцы Таджыкістан. Пачалася падрыхтоўка ўзбекскіх грамадзян у рамках рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм БДПУ з Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі ў 2018 годзе, БДУІР з Ташкенцкім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій імя Мухамада аль-Харэзмі, БДТУ з Ташкенцкім хіміка-тэхналагічным інстытутам і Ташкенцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя Карымава.

Па выніках візітаў дэлегацый прадстаўнікоў адукацыі з Зімбабвэ ў Беларусь і дэлегацыі нашай краіны ў Судан мы разлічваем на актывізацыю супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. Цяпер з абодвух бакоў вядзецца прапрацоўка пытанняў па стварэнні сумесных факультэтаў, рэалізацыі праграм акадэмічнай мабільнасці, абмену вопытам у падрыхтоўцы кадраў па тых спецыяльнасцях, якія найбольш запатрабаваны ў гэтых краінах.

— Важнай падзеяй мінулага года стаў удзел нашага міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі ў парыжскай канферэнцыі міністраў па пытаннях развіцця Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

— Сапраўды, для нашай адукацыйнай галіны і ў цэлым для краіны гэтую падзею можна па праве лічыць знакавай, якая дае добры пасыл для далейшых дзеянняў. Беларусь прыняла ўдзел у гэтай канферэнцыі як раўнапраўны член Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. У дыскусіях неаднаразова падкрэслівалася, што ўсе 48 краін, якія маюць свае ўласныя праблемы ў развіцці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, аб’ядноўваюць намаганні, каб пераадолець іх праз сумесныя кансультацыі і навучанне. Беларусь развівае сваю сістэму вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з балонскімі прынцыпамі і з улікам нацыянальных інтарэсаў. Наша пазіцыя падтрымліваецца еўрапейскім бокам, і гэта для нас вельмі значна. У бягучым годзе мы працягваем узаемадзеянне з Еўрасаюзам па пытанні рэалізацыі Стратэгічнага плана дзеянняў у развіцці адукацыі ў адпаведнасці з прынцыпамі і інструментамі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, адметным стала ў мінулым годзе і сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства адукацыі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі з удзелам кіраўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Папярэдняе пасяджэнне прайшло ў 2015 годзе. За гэты час галіновымі міністэрствамі дзвюх краін была праведзена вялікая работа па развіцці сістэм адукацыі і навуковай дзейнасці. На сумесным пасяджэнні абмяркоўваліся перспектывы агульнай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, выкананне першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы ў сферы адукацыі, навукі і маладзёжнай палітыкі, рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі ў Беларусі і Расіі, значныя напрамкі фарміравання агульнай адукацыйнай прасторы. Цяпер вядзецца выкананне прынятых рашэнняў.

— Ірына Леанідаўна, якія напрамкі міжнароднай дзейнасці выбраны сёння, каб пашырыць пазнаванне нашай краіны за мяжой? Як гэтаму будзе спрыяць механізм прадастаўлення грантаў замежным грамадзянам для навучання ў Рэспубліцы Беларусь?

— У дакладзе Еўрапейскай камісіі аб ролі ўніверсітэтаў у Еўропе гаворыцца пра тое, што базісам эканомікі і грамадства, заснаваных на ведах, з’яўляецца спалучэнне чатырох элементаў: вытворчасць ведаў, перадача ведаў праз адукацыю, распаўсюджванне ведаў і выкарыстанне іх у інавацыях. Рэспубліка Беларусь, якая выклікае прыхільнасць да сябе за кошт развітой сістэмы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, павінна актыўна выкарыстоўваць гэты рэсурс для павышэння прывабнасці нацыянальнай сістэмы адукацыі.

З 2014 года Беларусь з’яўляецца членам міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі WorldSkills International, мэтай якой з’яўляецца павышэнне прэстыжу прафесійнай адукацыі, прыцягненне моладзі ў вытворчы сектар эканомікі. Удзел нашай краіны ў міжнародным руху WorldSkills дазволіў мадэрнізаваць сістэму прафесійнай адукацыі, павысіць яе папулярнасць сярод моладзі. Адметным крокам стала рэалізацыя ў вышэйшай школе мадэлі “Універсітэт 3.0”, якая арыентавана на стварэнне магчымасцей камерцыялізацыі інтэлектуальнага прадукту праз прадпрымальніцкую актыўнасць універсітэта.

Мы сталі актыўна выкарыстоўваць такую форму прэзентацыі нашай сістэмы, як правядзенне Дзён адукацыі Беларусі ў замежных краінах.

Такія прэзентацыі прайшлі ў Азербайджане, Узбекістане, Кыргызстане, Казахстане. Калектыўныя экспазіцыі “Адукацыя ў Беларусі” прадстаўлены ў выставачных мерапрыемствах у Таджыкістане, Туркменістане, Расіі, Казахстане, Марока, Кітаі, Узбекістане, Іраку, Іарданіі, Егіпце, В’етнаме. Арганізаваны дзелавыя візіты ўстаноў адукацыі нашай краіны ў Грузію, Судан і Кітайскі Тайбэй. Прайшла прэзентацыя адукацыйных магчымасцей нашых устаноў адукацыі на базе дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве для дыпламатычнага корпуса ў Расійскай Федерацыі, акрэдытаванага ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве. Арганізаваны рэкламныя туры ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі для кансалтынгавых (рэкрутынгавых) арганізацый Кітая, Індыі, Таджыкістана, Шры-Ланкі, Кіпра і інш., у тым ліку праведзена прэзентацыя рэсурсных цэнтраў РІПА для кіраўнікоў дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь.

У мінулым годзе быў запушчаны сайт studyinby.com, дзе змяшчаюцца звесткі аб магчымасцях атрымання замежнымі грамадзянамі адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на рускай, англійскай і кітайскай мовах. Уведзены ў эксплуатацыю сайт intcenter.by Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі, вядзецца пастаянная работа па прасоўванні адукацыі Беларусі ў сацыяльных сетках, на партале Export.by.

Стабільнасць і ўнікальнасць сістэмы прафесійнай адукацыі, адсутнасць якіх-небудзь сутыкненняў і канфліктаў на этнічнай аснове прыцягваюць у нашу краіну замежных студэнтаў. У бягучым годзе ва ўстановах прафесійнай адукацыі Беларусі вучацца больш за 23 тысячы замежных грамадзян са 108 краін свету (у 2017/2018 навучальным годзе — 20 218 чалавек са 102 краін свету). Мы спадзяёмся, што ўвядзенне механізма прадастаўлення грантаў для навучання замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з прынятым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2018 года № 232 “Аб грантах на навучанне” будзе спрыяць далейшай папулярызацыі беларускай адукацыі на міжнароднай арэне. У адпаведнасці з указам, з 1 верасня 2019 года будзе заснавана штогадовае прадастаўленне да 100 грантаў на навучанне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за мяжой, у дзяржаўных установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Значная работа вялася ў павышэнні статусу нашай краіны за мяжой у міжнародным гуманітарным вымярэнні, што тычыцца аздараўлення. Так, на працягу года былі арганізаваны аздараўленчыя кампаніі для дзяцей з Кітая, Японіі, Сірыі. У рамках дзяржаўнай палітыкі ў сферы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа прыняты на навучанне прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія пражываюць у Літве і Латвіі, праведзены летняя школа беларускай мовы і культуры, міжнародная летняя школа беларусістыкі.

— Хацелася б асабліва вылучыць кітайскі вектар міжнароднага супрацоўніцтва. Як вядома, гэты год аб’яўлены Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі. Як пачыналася гэтая ініцыятыва?

— У жніўні мінулага года адбыўся візіт міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь у Кітайскую Народную Рэспубліку для ўдзелу ў чацвёртым пасяджэнні камісіі па супрацоўніцтве ў сферы адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. У межах гэтага візіту была дасягнута дамоўленасць рэалізацыі ў 2019 годзе ініцыятывы “Год адукацыі Беларусі ў Кітаі”. Таксама дасягнуты прынцыповыя дамоўленасці па прыярытэтных напрамках сумеснай работы — умацаванне супрацоўніцтва паміж універсітэтамі ў рэалізацыі навуковых і адукацыйных праектаў, акадэмічных абменаў, стварэнне сумесных адукацыйных структур, прапрацоўка магчымасці адкрыцця кампуса аднаго з вядучых кітайскіх універсітэтаў у Рэспубліцы Беларусь, сумесная падрыхтоўка кадраў, працяг практыкі арганізацыі аздараўлення дзяцей.

Калі гаварыць у цэлым пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, то сумеснымі намаганнямі міністэрстваў адукацыі дзвюх краін удалося істотна нарасціць дынаміку ўзаемных кантактаў, умацаваць прамыя міжуніверсітэцкія сувязі, рэалізаваць шэраг праектаў у сферы адукацыі і ўніверсітэцкай навукі. Установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны заключана больш за 350 прамых дамоўленасцей аб супрацоўніцтве з універсітэтамі КНР. У рамках гэтых пагадненняў рэалізуюцца двухбаковыя навуковыя і адукацыйныя праекты, прадугледжаны акадэмічныя абмены, стварэнне сумесных адукацыйных структур. Так, напрыклад, паспяхова працуе сумесны інстытут БДУ і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта. Падрыхтоўка ажыццяўляецца па такіх важных кірунках, як ядзерная фізіка і тэхналогіі, матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі, механіка і матэматычнае мадэляванне, з выдачай будучым выпускнікам дыпломаў абодвух універсітэтаў.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт разам з Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэтам рэалізуе сумесную адукацыйную праграму “Лагістыка ў канцэпцыі адраджэння Вялікага шаўковага шляху”. У рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм удзельнічаюць і іншыя беларускія ўніверсітэты: БДУІР, БДТУ, ВДУ імя П.М.Машэрава, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.
Мы нарошчваем студэнцкія абмены. Больш за 3 тысячы кітайскіх студэнтаў вучацца ў Беларусі, каля 1 тысячы беларускіх студэнтаў — у Кітаі. Наша супрацоўніцтва пацвярджае і адкрыццё ўжо 4 інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя: на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Прычым на базе БНТУ адкрыты першы ў сваім родзе Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы, які спецыялізуецца на моўным навучанні з ухілам на навуковую і тэхнічную спецыялізацыі. Акрамя таго, у некаторых установах сярэдняй адукацыі нашай краіны дзейнічаюць класы Канфуцыя. Дзякуючы сумесным намаганням, у Беларусі з цікавасцю вывучаецца кітайская мова, а ў Кітаі — беларуская. Ужо адкрыты 9 цэнтраў вывучэння Беларусі ў кітайскіх універсітэтах.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Года адукацыі Беларусі ў Кітаі адбылася 10 студзеня на базе Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенкі, намесніка міністра адукацыі КНР Цянь Сюэцзюня, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у КНР К.В.Рудага, іншых высокіх афіцыйных асоб.

У ходзе цырымоніі быў зачытаны віншавальны адрас віцэ-прэм’ера нашай краіны І.В.Петрышэнкі. З прывітальнымі словамі выступілі кіраўнікі беларускай і кітайскіх дэлегацый.

Асноўнай задачай Года адукацыі мы бачым пашырэнне пазнавальнасці Беларусі сярод грамадзян Кітая. Мы імкнёмся іх пазнаёміць не толькі з гасцінным беларускім народам, культурай і гісторыяй нашай краіны, але і з сістэмай адукацыі Беларусі. Лагічна, на мой погляд, што Год адукацыі пераняў эстафетную палачку ад Года турызму Беларусі ў Кітаі, які праходзіў у мінулым годзе.

У рамках Года адукацыі мы плануем правядзенне маладзёжных і студэнцкіх абменаў, узаемных адукацыйных прэзентацый, форумаў, фестываляў, канферэнцый, семінараў аб культуры і гісторыі Беларусі і Кітая, летніх школ для студэнтаў і школьнікаў, іншых мерапрыемстваў, якія спрыяюць узаемнай пазнавальнасці нашых сістэм адукацыі і актывізацыі ўзаемадзеяння дзвюх краін.
Мы ўжо запусцілі праект “Адукацыйная карта Беларусі” і разлічваем на яго паспяховасць у гэтым годзе. Гэта рэалізацыя праграмы адукацыйнага турызму, падчас якой ажыццяўляюцца азнаямленчыя туры для грамадзян, кансалтынгавых кампаній, СМІ Кітая ва ўстановы адукацыі нашай краіны.

Мы плануем стварыць на Нацыянальным адукацыйным партале Беларусі інфармацыйна-вучэбны сегмент, дзе будуць размешчаны матэрыялы аб сістэме адукацыі і культуры Кітая, аб выніках даследаванняў беларуска-кітайскіх адносін.

Упэўнена, што Год адукацыі Беларусі ў Кітаі, як і ўвогуле міжнароднае супрацоўніцтва нашай адукацыйнай галіны, будзе насычаны яркімі падзеямі, надасць новы імпульс узаемадзеянню з іншымі краінамі свету, павысіць экспарт адукацыйных паслуг.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.