Расці, мой сад, цудоўны сад!

- 14:44Сацыяльны ракурс

15 мая — Міжнародны дзень сям’і, устаноўлены рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН у верасні 1993 года, так што адзначаем мы яго 26-ы раз. Адзначаем у сем’ях маленькіх і вялікіх, няпоўных і мнагадзетных, а таксама ў замяшчальных — сем’ях, што прымаюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія не маюць апекі біялагічных бацькоў.

У Асіповічах, што на Магілёўшчыне, у дзіцячым доме сямейнага тыпу Раісы Мікалаеўны і Аляксандра Уладзіміравіча Шамак зараз 8 хлопчыкаў і дзяўчынак, якім так неабходны цяпло і клопат.

Да вялікай сям’і

Раіса Мікалаеўна Шамак вялікую частку свайго жыцця прысвяціла выхаванню і адукацыі дзяцей — і сваіх (іх у сям’і Шамак двое), і прыёмных, вучняў розных школ, бо па адукацыі яна педагог. Скончыла спачатку Аршанскае педагагічнае вучылішча (цяпер каледж), потым завочна Магілёўскі педагагічны інстытут (зараз універсітэт) імя А.А.Куляшова. Працавала год у Мінску, пэўны час у родных Верайцах Асіповіцкага раёна, апошнія пяць гадоў — у гарадской беларускамоўнай гімназіі. І тут і там на пэўным этапе работы Раіса Мікалаеўна вяла класы, якія з’яўляліся эксперыментальнымі пляцоўкамі для новых метадаў навучання, мела ўзнагароды за сваю работу, як атрымлівае іх і падчас работы маці-выхавальніцай.

Між іншым дачка Раісы Мікалаеўны і Аляксандра Уладзіміравіча таксама стала педагогам — выкладае англійскую мову ў школе № 207 Мінска, мае дваіх дзяцей. Сын выбраў іншую прафесію, скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, спецыялізуючыся на ваеннай сферы (зараз ён капітан у адстаўцы), так што можна сказаць, пайшоў па бацькавых слядах, бо А.У.Шамак — былы ваенны. Аляксандр Уладзіміравіч не захацеў сядзець на пенсіі, працуе вадзіцелем у Глускім раённым спажывецкім таварыстве, у склад якога не так даўно ўвайшло Асіповіцкае РайСТ.

— Гэта правільна, — гаворыць яго жонка, — і справа не толькі ў тым, каб зарабіць, не сядзець без справы, але і ў тым, каб паказаць добры прыклад дзецям. Яны, я ўпэўнена, павінны бачыць, што тата працуе і працуе добра, мае граматы, падзякі, а для прыёмных дзяцей гэта важна ўдвая. І хаця афіцыйна мой муж не з’яўляецца бацькам-выхавальнікам, ён усё роўна бацька, прыклад для дзяцей, бо мы сям’я. Таксама тлумачу дзецям, што і я працую, хоць нядаўна і выйшла на пенсію.

А ў 2002 годзе, калі сын вучыўся ў каледжы, дачка — у 10 класе, муж і жонка Шамакі сталі прыёмнымі бацькамі для маленькай Каці, якую ўзялі з мясцовага дзіцячага прытулку. Здарылася гэта зусім не знянацку. Раіса Мікалаеўна ўзгадвае, што ў той час разгарнулася актыўная кампанія па інфармаванні насельніцтва аб магчымасці ўзяць прыёмных дзяцей або стаць апекунамі, шмат пра гэта расказвалі ў працоўных калектывах. Праводзілася такое інфармаванне і ва ўстановах адукацыі.

— Я слухала-слухала і задумалася, — узгадвае мая суразмоўніца, — а чаму б не? Расказала пра гэтую ідэю дома, муж і дачка падтрымалі (сын ужо жыў не з намі, прыяз-джаў на выхадныя), дачка нават заявіла, што заўсёды хацела малодшую сястрычку. Так нас гэта і захапіла — мы ж яшчэ не старыя, можам дапамагчы нейкаму дзіцяці.
Чатырохгадовая Каця аказалася няпростым дзіцем, у малой былі асаблівасці развіцця, гадавалася яна ў цяжкіх умовах, яе маці нават асудзілі за жорсткае абыходжанне з дзіцем. Раіса Мікалаеўна не тоіць, што было складана, але жанчына пайшла з работы, каб удзяляць як мага больш увагі дзяўчынцы. Праз нейкі час сям’я задумалася пра сяброў для Каці, бо родная дачка паехала вучыцца. Звярнуліся ў аддзел адукацыі, каб узяць на выхаванне яшчэ адну дзяўчынку, а там адмовілі, бо жылі Шамакі ў невялікай кватэры, але пазней ім прапанавалі стварыць вялікую сям’ю — дзіцячы дом сямейнага тыпу, пад які Беларускі дзіцячы фонд выдзеліў дом.

Было страшна, бо рашэнне стварыць такі дом — справа надзвычай сур’ёзная. Але дапамаглі заняткі, якія праводзіліся ў сістэме адукацыі для замяшчальных бацькоў, сустрэчы з бацькамі-выхавальнікамі, успаміны пра ўласнае дзяцінства: сама Раіса Мікалаеўна вырасла ў мнагадзетнай сям’і, дзе яна была сёмым дзіцем. Яе муж, праўда, быў адзіным сынам, але яшчэ ў школе (будучыя муж і жонка вучыліся ў розных установах, але сустрэліся на школьным вечары) ведаў, што яго Рая вырасла ў вялікай сям’і, і яго гэта не палохала.

Так у 2005 годзе ў Асіповічах адкрыўся новы дзіцячы дом сямейнага тыпу, у якім выхоўваліся на той час 11 малых. Старэйшы хлопчык Саша быў адзінаццацікласнікам, малодшыя вучыліся ў 3 класе, так што Каці, якая падрасла, знайшлася кампанія. Дзяўчынка, праўда, спачатку раўнавала — прывыкла, што ўся бацькоўская ўвага скіравана на яе, але потым прывыкла.

— Цудоўныя былі дзеці, наш першы набор, калі можна так сказаць, — гаворыць Р.М.Шамак. — Склалася так, што падабраліся вельмі добрыя хлопчыкі і дзяўчынкі, а можа, мне так здаецца, бо яны былі першымі. Не скажу, што дзеці бываюць дрэннымі і добрымі, дзеці і ёсць дзеці, але першыя так грэлі душу і сэрца, што мы гэтага ніколі не забудзем. Мы і дагэтуль з усімі маем сувязь, ведаем, як яны жывуць, што робяць. Вось Саша прыйшоў у 11 клас з сярэднім балам каля 5, а скончыў школу з балам 7,5. Мы, канечне, дапамагалі, і курсы былі, і рэпетытар, а галоўнае, ён сам хацеў вучыцца і паступіў у БНТУ, працуе па спецыяльнасці, нядаўна заставаўся начаваць у нас, калі прыязджаў у камандзіроўку ў Бабруйск.

А Каця скончыла Каменскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе шмат чаму навучылася — бытавым справам, шыццю, рабоце ў агародзе. Пазней дзяўчына атрымала будаўнічую спецыяльнасць, праўда, з работай ёсць пэўныя праблемы, шукае сябе. Прыёмныя бацькі зрабілі ўсё, каб Каця атрымала жыллё — аднапакаёвую кватэру ў Асіповічах у новым сучасным доме.

“Рэцэпт выхавання

— Мы, як усе замяшчальныя бацькі, пастаянна наведваем семінары, курсы, псіхалагічныя трэнінгі — гэта абавязковая ўмова нашай работы. Таксама займаюся самаадукацыяй, — расказвае Раіса Мікалаеўна. — Так, папалася мне кніга, не памятаю аўтара, а назва — “Як стаць героем для сваіх дзяцей”, у ёй я і адшукала “рэцэпт выхавання”. Гэтыя словы варта ўзяць у дужкі, бо ўніверсальных рэцэптаў няма, вопыт выхавання кожнага дзіцяці дае штосьці новае, тым больш што мы выхоўваем дзяцей з цяжкім лёсам. Але у кнізе, што я ўзгадала, быў рэцэпт, што можна ўзяць як аснову: бераце добрае стаўленне, дадаяце адабрэнне, змешваеце гэта з пэўнай колькасцю любові і ўвагі, дадаяце абавязкаў, прыпраўленых праяўленнем бацькоўскай улады і аўтарытэту. Я, праўда, у гэтым рэцэпце на першае месца паставіла любоў, а ў астатнім мяне ўсё задавальняе.

Так яна і робіць у сваім жыцці — на першае месца ставіць любоў, на якой заснавана ўсё жыццё. Толькі тыя людзі могуць выхоўваць дзяцей, якія іх любяць, гаворыць мая гераіня. Разам з гэтым у сям’і не забываюць пра выхаванне павагі да дарослых, адказнасці, іншых якасцей. Адсюль і пэўныя патрабаванні да дзяцей, але за першую заўвагу дзіця ў сям’і ніколі не караюць, пры сістэматычных праблемах у паводзінах забараняюць, напрыклад, ісці на дзіцячую дыскатэку, глядзець тэлевізар — такія вось пакаранні. Працай тут не караюць, бо праца павінна прыносіць радасць, тым больш што агульныя справы аб’ядноўваюць.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце 
№ 52, 14 мая 2019 года.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва дзіцячага дома сямейнага тыпу Р.М. і А.У.Шамак.