Расцвіла “Блакітная пралеска”

- 15:35Выхаванне, Рознае

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў Міжнародны конкурс юных мадэльераў “Блакітная пралеска”.

Сёлетні конкурс стаў 22-м па ліку. Традыцыйна ў ім прымаюць удзел усе ўстановы дадатковай адукацыі Мінска, а таксама тэатры моды з блізкага замежжа. У гэтым годзе на суд журы было прадстаўлена 49 калекцый адзення і 23 індывідуальныя мадэлі.
Геаграфія конкурсу з году ў год пашыраецца. Так, сёлета, акрамя Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, у ім узялі ўдзел юныя мадэльеры з такіх гарадоў, як расійскі Кіраў і літоўскі Укмерге.
У фінал конкурсу выйшлі 37 калекцый адзення, якія спаборнічалі ў такіх намінацыях, як “Легенды старажытных гарадоў” (гістарычная, культурная спадчына ў сучасным аспекце); “Горад дзяцінства” (калекцыі адзення для дзяцей да 10 гадоў, выкананыя старэйшымі навучэнцамі); “Праспект свету” (новыя, смелыя ідэі ў калекцыях моднага адзення для моладзі); “Увага, на старт!” (адзенне для спорту і актыўнага адпачынку, школьная форма); “Горад будучыні” (погляд у будучыню, выражэнне пачуццяў, эмоцый праз авангардныя калекцыі); “Шлях у воблакі” (адзенне для ўрачыстых выпадкаў).

Другі дзень фіналу ўключаў творчыя спаборніцтвы для 16 індывідуальных мадэлей. Дэвізам конкурсу сталі словы “Эксперыментаваць, вынаходзіць, тварыць і ўражваць”, а тэмай — “Я крочу па …” (Мінску, Маскве, Лондане і г.д.). Конкурс праходзіў у трох узроставых катэгорыях: 5—10 гадоў, 11—14 гадоў і 15—18 гадоў.
Вызначыць самых творчых і таленавітых мадэльераў аказалася справай няпростай нават для прафесійнага журы, у склад якога ўвайшлі лепшыя спецыялісты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама вядомыя беларускія дызайнеры і мастакі.
І ўсё ж у намінацыі “Легенды старажытных гарадоў” лаўрэатамі сталі: калекцыя “Антрэпрызы рускіх сезонаў” з Цэнтра пазашкольнай работы “На Сумском” Масквы, калекцыя “Фарбы Кітая” з Маскоўскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі “Мар’іна”, калекцыя “Дружына” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска, калекцыя “Жамчужынкі Расіі” з Палаца творчасці дзяцей і моладзі Кірава, калекцыя “Мірскі кірмаш” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Мінска, калекцыя “Малочныя рэкі, пернічныя гарады” з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, калекцыя “Гармоніка і час” з Цэнтра пазашкольнай работы “На Сумском” Масквы.

У намінацыі “Горад дзяцінства” лаўрэатамі члены журы назвалі калекцыю “Дражэ”, якую прадставіла студыя моды літоўскага фонду “Згода”, калекцыю Spooky girls in the big сity з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Арт” Мінска, калекцыю “Пырскі лета” з МДПДіМ.
Спецыяльны прыз газеты “Пераходны ўзрост” у гэтай намінацыі атрымала калекцыя “Агні вялікага горада” з сярэдняй школы № 114 Мінска.
У намінацыі “Праспект свету” лепшымі названы: калекцыя “Інь-ян” з гімназіі № 13 Мінска, калекцыя “Пэпі” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”, калекцыя “Атлантыда” з літоўскага фонду “Згода”.
У намінацыі “Горад будучыні” лепшымі аказаліся калекцыі “Межы свету” з МДПДіМ, “Шпацыр па Елісейскіх палях” з Цэнтра пазашкольнай работы “На Сумском” Масквы, “Тайны марскіх глыбінь” з Палаца творчасці дзяцей і моладзі Кірава.
Намінацыя “Шлях у воблакі” прынесла перамогу толькі дзвюм калекцыям: “Горад анёлаў” з Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска і “Белыя ружы ў тваёй далоні” з літоўскай студыі “Грожыа мазаіка”.
Ужо 22 гады ўнікальнасць дзіцячага конкурсу “Блакітная пралеска” заключаецца ў тым, што юныя мадэльеры ствараюць калекцыі адзення сваімі рукамі падчас заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах і студыях. Яны становяцца творцамі сапраўднага цуду — ад нараджэння ідэі да стварэння эскіза, вырабу мадэлей і дэманстрацыі ўласнай моднай калекцыі.

 

Наталля АЛЁХІНА.