Ратавальнік з камп’ютарам

- 11:04Выхаванне

 

У верасні традыцыйна НДЦ “Зубраня” сабраў больш за дзвесце юнакоў і дзяўчат на 18-ты злёт юных ратавальнікаў-пажарных. Каманды-ўдзельніцы з усіх рэгіёнаў, а таксама з Мінска і Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС на працягу дваццаці дзён не толькі спаборнічалі адна з адной, але і правялі незабыўныя дні ў адным з маляўнічых месцаў Беларусі — на беразе Нарачы.

Аб злёце, конкурсах, хваляваннях, радасці і засмучэннях раскажуць тыя, хто на працягу ўсяго гэтага часу быў у гушчы падзей, — непасрэдныя ўдзельнікі злёту.
Максім Якімюк, Гродзенская вобласць, удзельнік конкурсу “Пажарна-выратавальны спорт”: “Злёт пачаўся са спаборніцтваў па пажарна-выратавальным спорце. Яны складаюцца з некалькіх этапаў: пераадоленне 100-метровай паласы з перашкодамі, пад’ём па штурмавой лесвіцы, эстафета 4х100 м. Мы вельмі хваляваліся, таму што ад нас залежаў не толькі вынік, але і агульны настрой каманды. Першая перамога — гэта магутны стымул для далейшых дасягненняў. На мой погляд, спартыўныя поспехі — гэта праца, пастаянная барацьба з сабой, упартасць, настойлівасць, воля да перамогі і, вядома, шанцаванне. Усе гэтыя складнікі супалі — і мы прынеслі сваёй камандзе першае месца ў гэтым конкурсе”.Аляксандр Дзям’янчык, капітан каманды Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце, удзельнік конкурсу “Агляд строю”: “Для мяне гэты конкурс вельмі важны і адказны. У ім як на далоні адразу відаць, як працуе каманда. Мы вельмі доўга трэніраваліся, бо трэба прайсці строем па пляцы, выканаць некалькі практыкаванняў. Суддзі не прапусцяць ні адной памылкі. Мы зрабілі гэта! Першае месца наша!”
Павел Канаш (Мінск), удзельнік конкурсу “Інтэрнэт-пошук”: “Я ўдзельнічаю ў гэтым конкурсе не першы раз і магу назваць сябе ў некаторай ступені прафесіяналам. Па ўмовах конкурсу, трэба знайсці правільныя адказы на вельмі закавырыстыя пытанні і зрабіць гэта хутчэй за сапернікаў. У мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. Магу дадаць, што гэтае ўменне вельмі дапамагае ў вучобе — знайсці патрэбны рэферат па прадмеце. Цяпер у маладзёжным асяроддзі модна быць адукаваным, прасунутым, таму “рэспект” арганізатарам за гэты конкурс”.
Кацярына Сазановіч, Мінская вобласць, удзельніца конкурсу “Знаўцы АБЖ”: “Ведаць, як правільна паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, на мой погляд, вельмі важна. Калі ў галаве ёсць алгарытм паводзін, то ты зможаш з ёй справіцца і дапамагчы таму, хто трапіў у бяду. Для мяне складанасць конкурсу была ў тым, што з вялікай колькасці адказаў неабходна выбраць правільныя, плюс за 50 хвілін адказаць на 50 пытанняў. Я ўпершыню ўдзельнічала ў конкурсе, сур’ёзна рыхтавалася, мой вынік лепшы, але я ўсё роўна не зусім задаволена сабой, таму буду старацца, каб у наступным годзе зноў быць першай”.
Віталь Кудасаў, член журы конкурсу “КВЗ”: “Конкурс “КВЗ” самы любімы як у дзяцей, так і ў кіраўнікоў злёту. Магу сказаць, што планка вельмі высокая. Нягледзячы на тое, што конкурс вясёлы, рыхтуюцца да яго ўсе вельмі сур’ёзна. Жартаваць з агеньчыкам лепш за ўсіх у гэтым годзе атрымалася ў хлопчыкаў і дзяўчынак з Мінска і Мінскай вобласці. Яны проста малайцы! Абедзве каманды па праве заслужылі першае месца”.
…Засталіся ззаду хваляванні, трывогі і стомленасць. Заслужаныя ўзнагароды, прызы і памятныя сувеніры юным ратавальнікам-пажарным уручыў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Аляксандравіч Вашчанка. Пераможцамі злёту юных ратавальнікаў-пажарных сталі прадстаўнікі сталіцы, сярэбраны кубак павезлі гомельскія ліцэісты, “бронза” дасталася юным ратавальнікам з Гродна.

Іна ЧУГАЙ,
Цэнтр прапаганды МНС Рэспублікі Беларусь.