Ратавальнікі вачыма дзяцей

- 9:56Выхаванне

У гэтым годзе ўжо дваццаты раз Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей” сабраў работы самых лепшых, таленавітых, цікавых, творчых навучэнцаў ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў з усіх куткоў Беларусі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна на конкурс былі прадстаўлены работы ў 8 намінацыях: “Казка”, “Апавяданне”, “Верш”, “Выраб”, “Плакат”, “Мадэль пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі”, “Малюнак”, “Скульптура малых форм”.

Пра тое, як ствараліся работы, што натхніла на ўдзел у конкурсе і як стаць лепшым, расказалі ўдзельнікі конкурсу.

Яраслаў Шабойлаў і Арсеній Галаўнёў з Бабруйска са сваёй “Ратавальнай станцыяй будучыні” сталі лепшымі ў намінацыі “Вырабы”. Ідэя прыйшла хлопцам адначасова, таму яны і заняліся праектам разам:

— Гэта наш дэбют у конкурсе, таму рабілі ўсё пад пільным кіраўніцтвам нашага настаўніка. Лічым, што для першага разу атрымалася нядрэнна, улічваючы, што займацца ў гуртку мы пачалі толькі ў верасні мінулага года. Шчыра верым, што наша ратавальная станцыя будучыні спатрэбіцца работнікам МНС у якасці прататыпа якой-небудзь новай распрацоўкі.

Алесь Талочка і Віталь Бублейка (Вярэйкі, Гродзенская вобласць), пераможцы ў намінацыі “Мадэль пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі”, расказалі, чаму вырашылі прыняць удзел у конкурсе.

— Мы даўно захапляемся пажарнай тэхнікай, таму хацелі зрабіць нешта сваімі рукамі, — прызнаецца Алесь. — Канструявалі мадэль удвух, таму што мы лепшыя сябры і некалькі гадоў займаемся ў адным гуртку. Наша машына ездзіць пры дапамозе пульта кіравання і можа патушыць агонь на адлегласці ў 3 метры.

Дарэчы, над сваёй работай хлопцы працавалі 7 месяцаў, але, акрамя гэтага, ужо гатовы чарцяжы чарговага вырабу, які будзе прадстаўлены на конкурсе ў 2019 годзе.
Яшчэ адна папулярная намінацыя — “Малюнак”. Тут свае работы прадставілі ўдзельнікі ў трох узроставых катэгорыях (7—10, 11—14 і 15—17 гадоў). Пераможца ў намінацыі “Малюнак” сярод хлопцаў і дзяўчат 15—17 гадоў Уладзіслаў Дзюрдзь адлюстраваў на сваёй карціне “Трубач. Трывога” ратавальніка з мінулага. Тэма малюнка, як аказалася, была абрана невыпадкова.

— Я ўжо даўно захапляюся гісторыяй. Хацеў праз сваю карціну расказаць пра мінулае пажарнай справы і рады, што члены журы гэта ацанілі.

Расказваць пра работы, прадстаўленыя на конкурс, пра дзяцей, якія працавалі над імі, можна бясконца. Цікавых работ было вельмі многа, і выбраць з іх лепшыя журы аказалася няпроста. З упэўненасцю можна сказаць, што кожная з іх — гэта погляд на праблему бяспекі і велізарнае жаданне праз творчасць уявіць свет без бед і трагедый.

Выстава “Ратавальнікі вачыма дзяцей” праходзіла на працягу тыдня, з работамі змаглі азнаёміцца каля 2 тысяч наведвальнікаў. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў конкурсу прайшло ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Усяго былі адзначаны 57 фіналістаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі заслужаныя дыпломы і падарункі з рук намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Худалеева і арганізатараў конкурсу.

Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.