Раўненне на героя

- 10:08Адукацыйная прастора

Заўсёды цікавей спасцігаць азы навук, паглыбляцца ў культурна­гістарычную спадчыну і традыцыі беларускага народа, пабачыўшы частку прадметаў вывучэння на свае вочы.

Менавіта з гэтай мэтай дзесяцікласнікі Кастрычніцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза І.П.Собалева разам з настаўнікам гісторыі ў рамках Рэспубліканскага пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні экскурсій наведалі Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.П.Шмырова.

Дзеці змаглі паўдзельнічаць у квест-гульні “Партызанская сцежка”. Падчас яе навучэнцы знаходзілі адказы на розныя пытанні, адгадвалі рэбусы, крыжаванкі і абрэвіятуры. Затым паслухалі змястоўную экскурсію аб жыцці і баявым подзвігу Міная Шмырова, паглядзелі дакументальны фільм, прысвечаны герою. Асабліва ўразіў навучэнцаў расказ пра чатырох заложнікаў, дзяцей партызанскага камбрыга, расстраляных фашыстамі ў лютым 1942 года. Навучэнцы азнаёміліся з экспазіцыяй музея, з многімі экспанатамі змаглі сфатаграфавацца. Асаблівую ўвагу прыцягнула выстава, прысвечаная генацыду беларускага народа.

Падобная форма правядзення вучэбных заняткаў дапамагае школьнікам не толькі даведацца пра падзеі мінулага, але і ўсвядоміць асабістую далучанасць да гэтых падзей, фарміруе пачуццё грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.

Таццяна ДЗІКЛОВА,
настаўніца гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна.
Фота аўтара.