Раўненне на героя-разведчыка: вучні Хізаўскай школы ганарацца, што ёй прысвоена імя Льва Хадановіча

- 13:40Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Два гады назад Хізаўскай сярэдняй школе Кармянскага раёна па ініцыятыве Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі” прысвоена імя героя — Льва Сяргеевіча Хадановіча. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён быў памочнікам камандзіра ўзвода разведкі. У няпоўныя 18 гадоў пайшоў на фронт абараняць Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Атрымаў баявыя ўзнагароды, сярод якіх два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэны Чырвонага Сцяга, Славы ўсіх трох ступеней. Сёння гісторыю жыцця і подзвігу малодшага лейтэнанта Льва Хадановіча дасканала вывучаюць вучні мясцовай школы. Яе дырэктар Маргарыта Мінава сабрала дакументы пра знакамітага земляка. Маргарыта Віктараўна расказала, што будучы герой Вялікай Айчыннай нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы пад назвай Струмень.

Гэтая вёска знаходзілася на левым беразе Сожа на паўночным усходзе Кармянскага раёна, але пасля чарнобыльскай трагедыі была знесена. У пачатку вайны сям’я Хадановіч паспела выехаць у горад Елец Арлоўскай вобласці. У той час там стаяў 45-ы запасны стралковы полк, які ўваходзіў у склад 44-й запасной стралковай брыгады Бранскага фронту. Льву Хадановічу было няпоўных 18 гадоў, але ён прыпісаў сабе некалькі месяцаў і звярнуўся да камандавання з просьбай прызваць яго на ваенную службу. Тэрмін навучання чырвонаармейцаў быў скарочаны да некалькіх дзён — далей курсанты працягвалі навучанне ўжо ў складзе падраз­дзяленняў. Льва з таварышамі тады адправілі на ўзмац­ненне часцей Бранскага фронту, якія абаранялі подступы да Арла. Калі восенню 1941 года пачалося наступленне фашыстаў на Маскву, злучэнні Чырвонай Арміі некаторы час іх стрымлівалі. Але ў пачатку кастрычніка немцы занялі Бранск і многія нашы байцы трапілі ў акружэнне. Льву Хадановічу і нешматлікім яго таварышам пашанцавала: яны выжылі, але прарвацца да сваіх не змаглі. З баямі дайшлі да бранскіх лясоў, дзе стварылі партызанскі атрад. А ўжо ў ліпені 1942 года ўліліся ў склад партызанскага атрада імя героя грамадзянскай вайны Клімента Варашылава.

Бясстрашнага Льва Хадановіча накіравалі ў дыверсійную групу разведвальнага ўзвода атрада. Так у 18 гадоў ён стаў разведчыкам-пад­рыўніком. Разведчыкі былі ўзброены нямецкай і венгерскай зброяй, апраналіся ў нямецкую форму. Група партызанскіх дыверсантаў за час дзеянняў атрада ў нямецкім тыле пусціла пад адхон 7 эшалонаў з тэхнікай і жывой сілай фашыстаў.

Прадстаўленне байца да ўзнагароджання першым баявым ордэнам — Чырвонай Зоркі — камандзір і камісар партызанскага атрада напісалі 30 жніўня 1943 года, але атрымаць гэтую ўзнагароду Леў змог толькі ў 1947 го­дзе. Дарэчы, у ліпені і жніўні 1943 года ў складзе групы ён браў удзел у правядзенні дыверсіі з мініраваннем чыгункі на станцыі Буда-Кашалёўская Гомельскай вобласці. У выніку пад адхон былі спушчаны два эшалоны. Таксама Леў Хадановіч мініраваў чыгуначную лінію Гомель — Буда-Кашалёва. Тады быў пушчаны пад адхон нямецкі састаў з запаснымі часцямі да самалётаў і аўтамашын. Л.С.Хадановіч таксама ўдзельнічаў у налёце на лясны склад фашыстаў у вёсцы Забалоцце Буда-Кашалёўскага раёна — у выніку было спалена 1200 кубаметраў дроў.

У верасні 1943 года іх партызанская брыгада сустрэлася з наступаючымі падраз­дзяленнямі 139-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі, і тады Льва Хадановіча паў­торна прызвалі ў Чырвоную Армію — ва ўзвод пешай разведкі 718-га стралковага палка. Дарэчы, менавіта байцам гэтага палка прысвечана вядомая песня “На безыменнай вышыні”, якая была напісана да фільма “Цішыня”. Дакументы сведчаць, што ўзвод выконваў баявыя задачы. У тым ліку байцы ўдзельнічалі ў разведцы боем, выяў­лялі агнявыя пункты фашыстаў, бралі ў палон “языкоў”. Ідучы на заданне, разведчыкі здавалі свае ўзнагароды, дакументы, лісты і фатаграфіі.

— Узамен яны бралі гранаты, каб у крайняй сітуацыі падарваць саміх сябе, — расказвае Маргарыта Віктараўна. — Акрамя таго, у разведчыкаў быў закон: не толькі параненых, але і забітых сваіх не пакідаць ворагу — выно­сіць чаго б гэта ні каштавала. За свае подзвігі памочнік камандзіра ўзвода палкавой разведкі Леў Хадановіч быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, другім ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Цікавы факт: 31 мая 1945 года Леў Хадановіч быў прадстаўлены да звання Герой Савецкага Саюза. Але ж загадам па 49-й арміі за гэты подзвіг ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Адносна баявога эпізода, за які Леў Хадановіч атрымаў гэтую ўзнагароду, вядома: 13 лютага 1945 года ў адным з баёў на подступах да польскага горада Гдыня на чале групы разведчыкаў ён пракраўся ў размяшчэнне немцаў. Адзін захапіў у палон нямецкага афіцэра, пры якім былі вельмі каштоўныя дакументы, якія змяшчалі звесткі пра пярэдні край абароны немцаў на гэтым кірунку наступлення савецкіх войскаў. Да таго ж 27 сакавіка 1945 года падчас рэйду ў тыл да немцаў старшына Хадановіч узяў у палон нямецкіх салдат і даставіў іх праз лінію фронту ў размяшчэнне свайго палка.

— Такім чынам, у няпоўныя 22 гады наш зямляк стаў поўным кавалерам ордэна Славы, — расказвае дырэктар школы. — Падставай для ўзнагароджання ордэнам Славы І ступені паслужыла яго ўмелае кіраўніцтва разведчыкамі пры пераправе праз Одэр падчас правядзення Берлінскай наступальнай аперацыі ў красавіку 1945 года.

139-я стралковая дывізія, у якой служыў Леў Хадановіч, закончыла баявыя дзеян­ні 9 мая 1945 года на Эльбе ў Германіі і ўвайшла ў склад Групы савецкіх акупацыйных войскаў. Леў Сяргеевіч быў выбраны для ўдзелу ў Парадзе Перамогі ў Маскве. Неўзабаве 28 ліпеня 1945 года старшыні Льву Хадановічу загадам міністра абароны СССР было прысвоена першае афіцэрскае званне — малодшы лейтэнант. Ён быў прызначаны на пасаду каман­дзіра разведвальнага ўзвода 806-га стралковага палка 146-й стралковай дывізіі, якая таксама ўваходзіла ў склад Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі. А ў сакавіку 1947 года малодшы лейтэнант Леў Сяргеевіч Хадановіч быў звольнены ў запас па дэмабілізацыі.

 

— Вучні нашай школы ведаюць, — працягвае аповед Маргарыта Віктараўна, — што на баявым рахунку разведчыка Льва Сяргеевіча Хадановіча 15 асабіста захоп­леных “языкоў”. Іх ён перацягнуў на сабе, часта пад абстрэлам немцаў, праз лінію фронту. Наш зямляк увайшоў у гісторыю сучаснай Беларусі як чалавек, які здзейсніў шмат подзвігаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, пасля вайны Леў Сяргеевіч рэгулярна сустракаўся з людзьмі ў працоўных і маладзёжных калектывах, размаўляў з вучнямі школ і вайскоўцамі. У красавіку 1985 года з нагоды 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ветэран быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. 9 мая 1985 года ён другі раз прайшоў па Краснай плошчы ў Маскве сярод ветэранаў вайны. Яшчэ праз 5 гадоў, у 1990-м, Леў Хадановіч удзельнічаў у парадзе Перамогі ў Маскве трэці раз, а ў 1999 го­дзе быў узнагароджаны дзявятым ордэнам — “За службу Радзіме” ІІІ ступені.

Пасля дэмабілізацыі з арміі ў 1948 годзе Леў Хадановіч скончыў Гомельскі рачны тэхнікум і быў накіраваны ў горад Пінск Брэсцкай вобласці для работы ў рачным флоце — на Днепра-Бугскі тэхнічны ўчастак. У гэтым палескім горадзе герой вайны правёў большую частку свайго жыцця. Ажаніўся з дзяўчынай, якая родам са старажытнага Турава Жыткавіцкага раёна, выхаваў трох сыноў. Памёр ветэран 30 ліпеня 2007 года ва ўзросце 83 гадоў. Сёння ў Пінску, дзе ён пахаваны, імем Льва Хадановіча названа вуліца.

Леў Хадановіч казаў: “Мы былі простыя салдаты і не заўсёды ведалі, за што нас узнагароджвалі. Рабілі шмат чаго, але камандзіры ведалі ўсё пра нашы подзвігі і падавалі рапарты”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота прадастаўлена
Хізаўскай сярэдняй школай