Раўненне на героя!

- 12:14Нам пішуць

Кожны год 12 красавіка адзначаецца Дзень касманаўтыкі. Юрый Гагарын — савецкі лётчык, пра якога кожны ведае са школы. Лётчык-касманаўт стаў узорам і легендай не толькі для людзей СССР — ён самы вядомы чалавек на Зямлі! Касмічная слава першага героя-касманаўта ніколі не згасне ў гісторыі чалавецтва. Піянерская дружына Мярэцкаўскага дзіцячага сада — базавай школы Глыбоцкага раёна носіць імя Ю.А.Гагарына ўжо больш за паўстагоддзя. Гэтымі красавіцкімі днямі піянеры жылі справамі праекта “Касмічнае падарожжа”.

Да ўрачыстай даты рыхтаваліся загадзя. Вучні 5 класа выпусцілі сценгазету “З Днём касманаўтыкі”. У фае школы на картках-зорачках былі падрыхтаваны заданні віктарыны “Што я ведаю пра космас і касманаўтаў?”, а побач размясціліся карцінкі з інфармацыяй-падказкай. Такім чынам, дзеці маглі знайсці адказы на пытанні і ўзбагаціць свае веды. Атмасферу стварала касмічная музыка групы “Задыяк”. Для піянераў старэйшага ўзросту тут знайшліся касмічныя крыжаванкі.

12 красавіка ў школе піянеры сабраліся на ўрачысты збор дружыны “Гагарын — наш герой”. У праграме — вершы, музыка, ілюстрацыі і дакументальны фільм пра героя дружыны. Было прынята рашэнне папаўняць піянерскі пакой матэрыяламі пра Юрыя Гагарына. Для сістэматызацыі інфармацыі піянерам прапанавана зрабіць лэпбук “Пра космас і касманаўтаў”.

Для акцябрат у праекце таксама знайшлося шмат цікавага. Малодшыя школьнікі любяць маляваць. За тыдзень да святочнай даты дзеці прадставілі свае работы на выставу “Я малюю космас”. Акцябраты 4 класа пагулялі ў касмічны КВЗ, а для вучняў 2—4 класаў была арганізавана праграма з заданнямі і конкурсамі на касмічную тэматыку. Мэтай усіх мерапрыемстваў было пашырэнне ведаў пра героя дружыны. Матэрыял праекта садзейнічаў усведамленню піянерамі таго, якімі якасцямі павінен быць надзелены чалавек, каб стаць касманаўтам.

Касмічная слава першага героя-касманаўта ніколі не згасне ў гісторыі чалавецтва. А піянерская дружына імя Юрыя Гагарына і надалей будзе раўняцца на свайго героя.

Дзіяна ЛЯВОНАВА,
педагог-арганізатар
Мярэцкаўскага дзіцячага сада — базавай школы Глыбоцкага раёна.