Раўненне на сцяг

- 15:09Нам пішуць

Вось і скончыўся чарговы піянерскі конкурс “Раўненне на сцяг!”. І не проста конкурс, а важны, адказны, цікавы момант у жыцці кожнага піянера, і асабліва — сцягавай групы, бо конкурс быў прысвечаны подзвігу юных герояў-антыфашыстаў, 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Конкурс ставіў мэту паўплываць на развіццё цікавасці дзяцей і падлеткаў да гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, фарміраваць практычныя навыкі валодання піянерскімі сімваламі, рытуаламі, выкарыстання іх у жыццядзейнасці піянерскай дружыны, прадэманстраваць уменні і навыкі, дасягненні піянерскай дружыны, даць магчымасць дзецям і падлеткам праявіць творчыя магчымасці.

У конкурсе ўзялі ўдзел 13 піянерскіх дружын Мсціслаўскага раёна ў 5 намінацыях. На піянерскім зборы дзеці вырашылі ўдзельнічаць у дзвюх намінацыях: “Мы верныя піянерскаму сцягу” (сцягавыя групы) і “Кіруемся традыцыямі сваімі” (група ўскладання). Вынік парадаваў і дзяцей, і кіраўніка: ганаровыя першыя месцы ў дзвюх намінацыях! Хвіліны радасці і вялізная адказнасць, бо наперадзе — выступленне ў абласным аглядзе-конкурсе піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!”.

І вось доўгачаканы дзень настаў. У Палац піянераў Магілёва дзеці спяшаліся ў адпаведнай форме: дзяўчынкі — з белымі бантамі; белыя пальчаткі, пілоткі і, вядома, піянерскія гальштукі стваралі асаблівую святочную атмасферу. Сцяганосцы з гонарам ўносілі сцягі.

У аглядзе-конкурсе ўзялі ўдзел 42 парадна-цырыманіяльныя атрады з 34 устаноў адукацыі Магілёўскай вобласці. І нашы намаганні і старанні апраўдаліся: ганаровае другое месца! Піянерыя — моцная арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўсіх дзяцей незалежна ад узросту, нацыянальнасці і сацыяльнага становішча. Новых перамог вам, дарагія піянеры!

Ірына Емяльянава,
педагог-арганізатар
Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна