Раённы фестываль чытальнікаў твораў Алеся Бадака прайшоў на Ляхавіччыне

У першы снежаньскі дзень 2017 года ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці дэбютаваў фестываль чытальнікаў твораў Алеся Бадака “Любіць Айчыну — гэта многа”. Удзел у фестывалі прынялі вучні ўсіх школ Ляхавіч і Ляхавіцкага раёна, прысутнічаў на сустрэчы і наш зямляк Алесь Мікалаевіч Бадак.

У прысутнасці аўтара вучні хваляваліся, здаецца, больш чым звычайна. Але вось у зале загучалі вершаваныя радкі паэта-земляка, урыўкі з празаічных твораў. Як потым прызнаўся Алесь Мікалаевіч, яго вельмі ўразіла, як прыгожа вучні дэкламавалі творы. У нейкі момант нават засумняваўся, ці не фанаграмы гэта гучаць са сцэны. А дзеці прачула, з захапленнем чыталі вершы інтымнай, грамадзянскай, філасофскай лірыкі, вучаніцы гімназіі Ляхавіч прачыталі цалкам паэмы “Ра” і “Эміграцыя”, што вельмі ўзрушыла аўтара. Вучні Конькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (менавіта гэтую навучальную ўстанову скончыў Алесь Бадак у 1983 годзе) прадэманстравалі прысутным відэазапіс сустрэчы з маці паэта Марыяй Платонаўнай, настаўнікамі Алеся Бадака.

Алесь Бадак — вядомы паэт-песеннік, таму падчас фестывалю ў зале гучалі песні, напісаныя на яго словы. Нікога не пакінулі абыякавымі радкі з песень “Прыцягненне сэрца”, “Школьны баль”, “Падаюць зоры”. Алесь Мікалаевіч затым прызнаўся, што пакуль гучала песня “Прыцягненне сэрца”, у яго было жаданне патэлефанаваць кампазітару Алегу Елісеенкаву, каб даць магчымасць паслухаць, як прыгожа выконваюць яго песню на Ляхавіччыне.

Вучні атрымалі ўнікальную магчымасць пачуць вершы, урывак з паэмы “Камяні” ў выкананні самога аўтара. Ну, канечне ж, дзеці цікавіліся і творчымі планамі пісьменніка. Аўтар прызнаўся, што вельмі любіць катоў. І цяпер у яго ўзнікла задума напісаць аповесць пра ката, які падарожнічае ў часе. Акрамя таго, апошнім часам Алесь Мікалаевіч захапіўся вывучэннем жыццёвага і творчага шляху ўраджэнца Ляхавіч мемуарыста ХVІ стагоддзя Фёдара Еўлашоўскага.

Напрыканцы фестывалю кожная школа атрымала ў падарунак ад Алеся Бадака і выдавецтва “Мастацкая літаратура” кнігі класікаў і сучасных аўтараў беларускай літаратуры. А яшчэ Алесь Бадак паабяцаў, што такія сустрэчы на Ляхавіччыне стануць традыцыйнымі.

Людміла ЛУЗЯНІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры;
вучні Конькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *