“Раз словечко, два словечко — будет песенка…”

Менавіта гэтыя словы згадваюцца, калі глядзіш на фіналістаў і арганізатараў конкурсу velcom YOUTH, якія поплеч стаяць на сцэне першай у Беларусі канферэнцыі TEDХYouth@Minsk. Кожны з іх — адметнае слова сацыяльнай агульнарэспубліканскай песні, якая на працягу 10 месяцаў гучала па ўсёй Беларусі і цяпер наўрад ці забудзецца.

Праект, які ахапіў каля 850 удзельнікаў з 230 устаноў адукацыі больш як 80 населеных пунктаў і амаль 65 тысяч праглядаў майстар-класаў, прыйшоў да лагічнага завяршэння. 10 фіналістаў конкурсу сабраліся на сцэне, дзе расказалі пра ўласны шлях ад ідэі да ажыццяўлення вялікага праекта.

Пяць крокаў ад малюнка на сцяне

Стваральны шлях гамяльчаніна Ільі Баркоўскага пачаўся з малюнка на сцяне. Да гэтага хлопец неаднаразова перамагаў у конкурсах, алімпіядах і канферэнцыях. Па словах юнака, усё прыемнае ад іх зводзілася да таго, што ён паказваў дыплом матулі і… забываўся на ўсё гэта: адным словам, думаў не пра карысць ад сваёй дзейнасці, а пра перамогу. Усё змяніў дзень, калі Ілья разам з сяброўкай ехаў у музычную школу. Праз акно аўтобуса на фасадзе гмаху падлеткі ўбачылі партрэт невядомага чалавека. Паколькі яны не ведалі хто гэта, прый­шлося звярнуцца да настаўніцы гісторыі і пасля да пісьмовых крыніц, архітэктараў горада. Як высветлілася, невядомая постаць на шматпавярхоўцы — знакаміты гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Той дом, на якім з’явілася выява, таксама часткова распрацоўваўся творцам, аднак завяршыць архітэктурны праект не далі рэпрэсіі — менавіта таму партрэт на пабудове не завершаны.

Так падлетак зрабіў пяць крокаў, якія прывялі яго на сцэну TEDХYouth@Minsk. Першы крок — выяўленне задачы (высвятленне асобы на фасадзе, збор інфармацыі, выступленне на канферэнцыях). Затым, як пажартаваў хлопец, “два гуманітарыі вырашылі стварыць сайт” і заняліся вывешваннем QR-кода на дамах, спраектаваных С.Шабунеўскім. Чацвёрты крок дапамог выйсці за межы адной асобы, распраца­ваць своеасаблівы турыстычны маршрут горада, які б раскрываў новыя асобы архітэктуры Гомеля. І апошняя, самая каштоўная прыступка, — “імёны, якія вяртаюцца да жыхароў горада”.

Бабёр, агурок, згушчонка і… кола БелАЗа

Настасся Шор намалявала “Прывабны вобраз горада, у якім “нічога не адбываецца”. Старшакласніца з Жодзіна пераканана, што ў сувенірных крамах павінны прадавацца рэчы, якія адлюстроўваюць адметнасці горада. І галоўнае для школьніцы — высветліць непаўторнае.

На думку дзяўчыны, персаніфікацыя пэўнага населенага пункта ў апошні час стала магчымай дзякуючы з’яўленню адметных помнікаў: бабра ў Бабруйску, згушчонкі ў Рагачове, агурка ў Шклове. Лагатыпы і слоганы памалу з’яўляюцца нават у вёсках. Назіраючы за гэтым, Нас­ця справядліва абурылася: “Чаму такога няма ў Жодзіне?” Падумала і вырашыла дзейнічаць. Так, яна распрацавала лагатып горада і прыдумала слоган “Толькі тут, Жодзіна”.

— Вельмі хочацца, каб на пытанне, у якім горадзе Беларусі вам хочацца жыць, моладзь адказвала: “Толькі тут, Жодзіна”, — рэзюмавала канкурсантка.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 55, 21 мая 2019 года.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.