Разам, а не паралельнымі шляхамі

- 16:37Адукацыйная прастора

Прафесійную адукацыю Віцебшчыны чакаюць якасныя пераўтварэнні

Такое рашэнне прынята на міжведамаснай нарадзе з удзелам кіраўніцтва камітэтаў, упраўленняў і аддзелаў аблвыканкама, устаноў прафесійнай адукацыі, прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. Ініцыятарамі і арганізатарамі сустрэчы выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, Савет кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці і абласны саюз наймальнікаў. Пасяджэнне прайшло пад старшынствам кіраўніка абласной выканаўчай улады Мікалая Шарстнёва. Прапанаванае праблемнае поле ўключала шырокі спектр пытанняў, сярод якіх — забеспячэнне кадрамі, развіццё сістэмы прафарыентацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, галіновае ўзаемадзеянне навукі і вытворчасці, павышэнне матывацыі абітурыентаў да набыцця запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцей.

— Праблема не проста ў размеркаванні кадраў, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — Прадпрыемствам неабходны спецыялісты, здольныя працаваць ва ўмовах высокатэхналагічнай вытворчасці. На жаль, падрыхтоўка выпускнікоў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй не заўсёды адпавядае запытам наймальнікаў. Мы сабраліся, каб вызначыць найбольш эфектыўныя спосабы ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і вытворцаў, выслухаць іх пажаданні і стварыць якасна новую сістэму сумеснай работы з улікам усіх наяўных рэсурсаў. Магчыма, наступным крокам стане арганізацыя пэўных кластараў.

Падобны вопыт ёсць. Напрыклад, з 2015 года ў вобласці дзейнічае фармацэўтычны кластар “Саюз медыцынскіх, фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый “Медыцына і фармацэўтыка — інавацыйныя праекты”. У ліку першачарговых задач саюза — выбудоўванне сістэмы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для фармацэўтычнай галіны, а таксама атрыманне новых ведаў і іх практычнае прымяненне пры стварэнні новых вырабаў або тэхналогій.

Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу, што аб’яднанне на тэхналагічнай аснове навучання, практыкі і вытворчасці дазволіць у перспектыве вырашыць пытанне працаўладкавання маладых спецыялістаў. Акрамя таго, для павышэння матывацыі моладзі да набыцця адпаведных спецыяльнасцей будзе выпрацаваны комплекс мер па матэрыяльным стымуляванні.

— Летась першы крок у названым напрамку мы зрабілі сумесна з “Націвітай”, — адзначыў губернатар. — Але важна не толькі заахвочваць лепшых. Патрэбна рэальная матывацыя, каб навучэнец або студэнт быў зацікаўлены атрымаць рабочае месца па спецыяльнасці на канкрэтных прадпрыемствах нашай вобласці. І незалежна ад таго, дзе вучыцца — у каледжы або ўніверсітэце — чалавек павінен пакідаць установу адукацыі прафесіяналам. Выключная роля тут належыць практыцы. Нельга, каб будучы інжынер прайшоў навучанне па віртуальных малюнках і схемах і атрымаў дыплом. Пакуль уласнаручна не разбярэ той жа рухавік некалькі разоў, які гэта інжынер? Ён павінен быць гатовы весці вытворчасць у цэлым, кантраляваць — а значыць, дасканала ведаць усе працэсы на кожным этапе. У адваротным выпадку рызыкуем, што ў адказны момант малады спецыяліст можа або прыняць няправільнае рашэнне, або пераразмеркаваць на кагосьці свае функцыяналы.

Мікалай Шарстнёў упэўнены, што адведзены на практыку перыяд падрыхтоўкі трэба істотна павялічваць. Прычым праводзіць практыку трэба на навейшых узорах тэхнікі, абсталявання і на лепшых прадпрыемствах галіны, каб даць веды, адаптаваць да ўмоў сучаснай вытворчасці і тым часам прыгледзецца да чалавека, наколькі ён прыдатны да прафесіі, ці атрымаецца спецыяліст.

Пастаўлена задача ў найбліжэйшай перспектыве вырашыць шэраг пытанняў. У прыватнасці, гэта тычыцца атрымання вышэйшай адукацыі дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў. Хаця на апошніх курсах многія студэнты падпрацоўваюць, адным з вырашальных фактараў пры паступленні ва ўніверсітэт застаецца матэрыяльная дапамога з боку сям’і. Дзяцей, у якіх няма бацькоў, забяспечвае дзяржава, накіроўвае на гэта велізарныя сродкі, а потым падтрымка перапыняецца. Здараецца, малады чалавек матываваны і здольны стаць студэнтам, але жыць яму прыйдзецца на стыпендыю. Арыентаваць такога абітурыента выключна на рабочыя прафесіі, на думку губернатара, сацыяльна няправільна — трэба даць яму магчымасць рэалізаваць асабісты патэнцыял. У тым ліку забяспечыць фінансавую падтрымку. Калі яе будзе аказваць вытворца — паставіць умовай паспяховую вучобу і далейшае працаўладкаванне на гэтым прадпрыемстве, каб нашы таленавітыя дзеці рэалізаваліся як прафесіяналы і засталіся працаваць на сваёй зямлі.

Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома закрануў такія ключавыя пытанні, як аптымізацыя сеткі ўстаноў, прагназаванне падрыхтоўкі кадраў, унясенне змяненняў у пералік спецыяльнасцей, павелічэнне практычнага складніка вучэбных планаў і праграм, арганізацыя практыкі на прадпрыемствах, мэтавая падрыхтоўка.

Так, пры размеркаванні патокаў выпускнікоў 9-х класаў плануецца, што толькі каля 55% з іх пойдзе ў 10 клас, астатніх трэба арыентаваць на паступленне ў каледжы. Асобны акцэнт кіраўнік зрабіў на матывацыі. На працягу 5 апошніх гадоў рэгіён адчувае значныя праблемы з камплектаваннем груп навучэнцаў і дэфіцыт рабочых кадраў для лёгкай прамысловасці, абутковай вытворчасці, машынабудавання. Паказальны прыклад: у рэальным сектары эканомікі запатрабаваны швачкі, а ніводнай групы, у якой падрыхтоўка ажыццяўляецца выключна па гэтай спецыяльнасці, ва ўстановах прафесійнай адукацыі няма — абітурыенты не жадаюць паступаць. Каб прывабіць моладзь, каледжы вымушаны прапаноўваць камбінаваныя варыянты спецыяльнасцей: “Швачка, цырульнік”, “Швачка, майстар па манікюры”, “Швачка, кухар”. У пэўнай ступені гэта дапамагае вырашыць праблему, але мера недастатковая. Так, заяўка ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” штогод складае 150 чалавек, аднак фактычна швачак — выпускніц устаноў прафадукацыі прыходзіць значна менш. Атрымаўшы дзве спецыяльнасці, выпускніцы не імкнуцца ў швачкі. Вытворца вымушаны шукаць дадатковыя кадры праз цэнтр занятасці, прычым падрыхтоўка арганізуецца і для Віцебска, і для нядаўна адкрытага філіяла ў Обалі Шумілінскага раёна.

Дырэктар прадпрыемства Андрэй Шамшура расказаў, што робіцца ў калектыве для замацавання маладых спецыялістаў: дзейнічае сістэма настаўніцтва, прадпрыемства заключае дагаворы са студэнтамі, маладым спецыялістам прадастаўляецца інтэрнат, пад’ёмныя і розныя выплаты стымулюючага характару. На першыя 3 месяцы ўстаноўлена прыступачная даплата ў памеры 150, 100 і 50 рублёў. Але, па сведчанні кіраўніка, маладыя спецыялісты-швачкі часта не гатовы да выканання складаных вытворчых аперацый. А прасцейшыя, з якіх прыходзіцца пачынаць адаптацыю, азначаюць нізкі разрад і (нават з даплатамі) невысокую зарплату. Таму дырэктар прадпрыемства горача падтрымаў прапанову аб павелічэнні тэрмінаў практыкі.

На ўзроўні вышэйшай адукацыі аб’яднанне спецыяльнасцей па асобных напрамках лічаць абгрунтаваным і перспектыўным. Па словах першага прарэктара Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Валерыя Жызнеўскага, гэта пацвярджае вопыт факультэта вытворчых тэхналогій: спецыяльнасць “Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў” аб’ядноўвае тры ранейшыя. Частковая падрыхтоўка па спецыялізацыях ажыццяўляецца ў адпаведнасці з інтэграваным вучэбным планам: такім чынам удаецца забяспечыць запыты прамысловасці і камплектаванне. Сёлета агучана новае ўзбуйненне: будзе ажыццяўляцца набор на спецыяльнасць, якая аб’яднала традыцыйныя для ўніверсітэта “Канструяванне і тэхналогію швейных вырабаў” і “Канструяванне і тэхналогію вырабаў са скуры”. Пры гэтым вучэбны план дазваляе прафілізацыю пад патрэбы канкрэтнага прадпрыемства, пачынаючы з 3 курса, і далей у рамках магістратуры.

Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта старшыня Савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі вобласці Дзмітрый Лазоўскі азнаёміў з асноўнымі напрамкамі работы па падрыхтоўцы кадраў на прыкладзе ПДУ.

— Мы не задавальняем усе заяўкі прадпрыемстваў на выпускнікоў машынабудаўнічага профілю — іх у два-тры разы болей, — канстатаваў Дзмітрый Мікалаевіч, — набор на адпаведныя спецыяльнасці штогод ідзе з вялікімі цяжкасцямі. На наш погляд, гэта адгалоскі негатыўнай сітуацыі ў галіне, якая назіралася 10—12 год назад, у выніку чаго сфарміравалася ўяўленне аб непаспяховасці адпаведных прафесій. Аднак сёння многае змянілася: ствараюцца новыя вытворчасці, шматлікія прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, дзе патрэбны кадры. І аб гэтым трэба гаварыць, даносіць гэту інфармацыю ўсімі магчымымі спосабамі. Аналагічная сітуацыя са спецыялістамі ў галине электронікі і радыётэхнікі.

Дзмітрый Лазоўскі падтрымаў стварэнне ўніверсальных спецыяльнасцей на першых гадах навучання з магчымасцю далейшай прафілізацыі на старэйшых курсах, прычым заказчыкі кадраў павінны напрамую ўдзельнічаць у фарміраванні вучэбных планаў і праграм. Рэктар ПДУ прапанаваў да абмеркавання комплекс мер па вырашэнні праблемы на ўсіх узроўнях — пачынаючы ад работы з будучымі абітурыентамі да матэрыяльнага стымулявання студэнтаў, мэтавай падрыхтоўкі і перагляду падыходаў да вытворчай практыкі. Эфектыўнай практыка будзе толькі тады, калі студэнт прымаецца на рабочае месца, а курсавыя і дыпломныя праекты неабходна напрамую звязваць з вытворчасцю.

Дырэктар машынабудаўнічай кампаніі “Віцебскія пад’ёмнікі” Андрэй Сідараў зазначыў: “На любой вытворчасці самы дарагі рэсурс — кадры, самыя вялікія выдаткі — заработная плата. Таму мы хацелі б бачыць якасна падрыхтаваных спецыялістаў. На справе, падрыхтоўкі, якую навучэнцы атрымліваюць ва ўстановах прафесійнай адукацыі, часта аказваецца недастаткова, і па гэтай прычыне прадпрыемства арганізавала свой вучэбны цэнтр”.

Андрэй Аляксандравіч скіраваў увагу і на некаторыя праблемы сучаснай вышэйшай школы. Тэхналогіі і тэхніка хутка развіваюцца, а ці паспявае за гэтым развіццём прафесарска-выкладчыцкі склад, ці дасканала ён знаёмы з умовамі сучаснай вытворчасці? І калі не ў поўнай меры, то як тады чакаць падрыхтаванага выпускніка? Яшчэ адно пытанне тычылася сувязі навукі і вытворчасці: прадпрыемства гатова прафінансаваць некаторыя распрацоўкі, але ўніверсітэты не спяшаюцца брацца за іх ажыццяўленне. Калі ісці на кластарнае аб’яднанне, то мэтай павінна стаць і падрыхтоўка навукова абгрунтаваных і эканамічна эфектыўных праектаў для вытворчасці, рашэнне пытанняў іх фінансавання, у тым ліку за кошт сродкаў розных фондаў і дзяржаўных праграм, накіраваных на падтрымку інавацый.

Галоўную задачу, над якой паслядоўна працуе калектыў Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, яго дырэктар старшыня Савета кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці Аляксандр Ласякін акрэслівае лаканічна: падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў заўтрашняга дня. Значныя сродкі штогод накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё новага абсталявання, вялікі аб’ём рамонтна-будаўнічых работ выконваецца гаспадарчым спосабам.

—У найбліжэйшыя месяцы завершым рамонт вучэбна-вытворчых майстэрань № 1 — і база каледжа будзе адпавядаць узроўню заходнееўрапейскіх устаноў прафесійнай адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў тэхнічнага профілю — будаўнічага, станкабудаўнічага, а затым машынабудаўнічага і ў сферы электронікі, — расказаў дырэктар. — У лістападзе мінулага года заключана пагадненне з профільным вучэбным цэнтрам Саюза будаўнічай індустрыі земляў Берлін і Брандэнбург, згодна з якім майстры вытворчага навучання і лепшыя навучэнцы каледжа будуць праходзіць стажыроўку ў Германіі. Мы істотна ўзмацнілі кадравы патэнцыял, сфарміравалі моцную каманду майстроў вытворчага навучання. Большасць з іх маюць вопыт работы на галіновых прадпрыемствах, актыўна займаюцца вынаходніцкай і рацыяналізатарскай дзейнасцю, з’яўляюцца сапраўднымі энтузіястамі сваёй справы, — паведаміў А.Ласякін.

Некалі падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў пачыналася з вучылішчаў пры базавых прадпрыемствах-гігантах, што прымалі на работу ўсіх выпускнікоў. Сёння колькасць наймальнікаў, з якімі супрацоўнічаюць установы прафесійнай адукацыі, часам складае не адзін дзясятак, і ў кожнага прадпрыемства, арганізацыі свае спецыфіка, матэрыяльна-тэхнічная база і тэхналогіі — адпаведна існуе многаварыятыўнасць у адных і тых жа прафесіях. У гэтай сувязі Аляксандр Ласякін падкрэсліў неабходнасць цеснага супрацоўніцтва з вытворцамі, мэтавай падрыхтоўкі, гнуткага і максімальна эфектыўнага графіка вытворчага навучання і практык, правядзення іх менавіта там, дзе потым будзе працаўладкаваны выпускнік. Толькі такім чынам наймальнік можа быць упэўнены, што атрымае патрэбнага яму спецыяліста.

У рэальнасці пакуль тэндэнцыя адваротная. Колькасць прадпрыемстваў, што прымаюць навучэнцаў-практыкантаў на рабочыя месцы з аплатай, скарацілася. Разам з тым выклікае трывогу і зніжэнне зацікаўленасці работнікаў прадпрыемстваў працягваць прафесійную адукацыю на завочнай і вячэрняй формах навучання за кошт бюджэтных сродкаў, аб чым сведчаць вынікі прыёмных кампаній. Каледжам патрэбна дапамога наймальнікаў у прафарыентацыі, бо не хапае нават простага — напрыклад, рэкламных ролікаў прадпрыемстваў для ўстаноў адукацыі, што рыхтуюць для іх кадры.

Сваё меркаванне Аляксандр Міхайлавіч выказаў і наконт стварэння рэсурсных цэнтраў. Яны несумненна павінны быць, але ці мэтазгодна набываць высокатэхналагічны станок ва ўстанову адукацыі, калі на прадпрыемствах вобласці такіх адзінкі? Каштоўнае абсталяванне павінна акупляць сябе, працаваць на вытворчасці — нават у дзве ці тры змены. І ў гэтым графіку неабходна асобна прадугледзець час, каб навучыць працаваць на ім будучых спецыялістаў.

Яшчэ адна прапанова была аб далейшым развіцці ўстаноў прафесійнай адукацыі ў сельскай мясцовасці. Некаторыя з іх маюць выдатную вучэбна-вытворчую базу, інтэрнаты, але загружаны недастаткова. Магчыма, мае сэнс вывучыць варыянты іх работы па ўзоры кадэцкіх вучылішчаў, ажыццяўляць набор з 7 класа, дамовіцца з наймальнікамі аб стыпендыях для лепшых навучэнцаў. Для дзяцей, у першую чаргу з малакамплектных вясковых школ, гэта быў бы шанс атрымаць якасную адукацыю ў сучасных камфортных умовах і адначасова набыць запатрабаваную прафесію.

Узнімалася і пытанне аб арганізацыі разам з Саюзам наймальнікаў абласных конкурсаў прафмайстэрства сярод рабочых з удзелам майстроў вытворчага навучання і лепшых навучэнцаў. Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж гатовы прадаставіць базу для правядзення такіх конкурсаў па сваіх прафесіях. Для ўстановы адукацыі гэта шанс на практыцы ўбачыць, каму і ў каго трэба вучыцца, да каго варта накіраваць на практыку, стажыроўку сваіх навучэнцаў і работнікаў.

— Самая вялікая праблема — гэта не новыя тэхналогіі, а рабочыя — дастатковая колькасць рабочых, якія маглі б выпускаць дастатковую колькасць прадукцыі, — упэўнены намеснік генеральнага дырэктара ТАА “Кіруючая кампанія холдынга “Беларуская скурана-абутковая кампанія “Марка” Міхаіл Шатуноў. — Па статыстыцы штогод павялічваецца колькасць студэнтаў і змяншаецца — навучэнцаў, што атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю. Да нас на практыку штогод прыходзяць некалькі дзясяткаў студэнтаў, з якіх перспектыву працаўладкавання маюць адзінкі — не трэба столькі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. А навучэнцаў гатовы прыняць усіх: рабочых не хапае. Што да пытання матывацыі — мы арганізуем экскурсіі для школьнікаў на прадпрыемства, больш за 8 год практыкуем мэтавыя дагаворы на падрыхтоўку, адпаведна якім дадаткова да стыпендыі навучэнцам нашага профільнага Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа лёгкай прамысловасці штомесяц даплачваем яшчэ 4 базавыя велічыні. Акрамя таго, на час практыкі на прадпрыемстве забяспечваем бясплатнае харчаванне, прапануем набыццё нашай прадукцыі з 20-працэнтай зніжкай. А яшчэ даплачваем кожнаму навучэнцу па 150 рублёў — гэта да таго, што ён заробіць у працэсе работы. Пры гэтым жадаючых вучыцца і потым працаваць усё роўна недастаткова. Прадпрыемства мае вялікую таварную сетку, працуе ў 2,5 змены 7 дзён у тыдзень. Нам не хапае прадукцыі, мы сёння размяшчаем заказы на яе вытворчасць у Іспаніі, Партугаліі. Пашырылі б вытворчасць і на Віцебшчыне, але ці будзе каму працаваць? Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве — 890 рублёў, а людзей не хапае.

На пасяджэнні закраналася і пытанне неабходнасці ўвядзення новых спецыяльнасцей. Напрыклад, ад ААТ “Альянспласт” прагучала заўвага: у вобласці не рыхтуюць спецыялістаў для вытворчасці, звязанай з выпускам пластмас, а такія былі б запатрабаваныя. З увядзеннем бязвізавага рэжыму на прадпрыемстве пабылі прамыслоўцы са Швецыі, Фінляндыі, Галандыі — і яны гатовы перанесці ў Віцебск сваю вытворчасць. Але з кадрамі праблема.

У гэтай сувязі дырэктар Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Генадзь Сіняўскі адзначыў недахоп актуальнай інфармацыі ад вытворцаў, якія ім патрэбны спецыялісты. Пра новае абсталяванне, што набыта і ўстаноўлена на тым ці іншым прадпрыемстве, пастаўшчыкі кадраў даведваюцца не напрамую, а ў лепшым выпадку — з асабістых кантактаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў, здараецца, што і са старонак СМІ. Неабходна больш цесна звязаць рэальны сектар эканомікі, прамысловасць, сельскую гаспадарку з установамі прафесійнай адукацыі і выбудаваць эфектыўную сістэму: вучоба—практыка на вытворчасці—далейшае размеркаванне.

Для каардынацыі працэсу, канцэнтрацыі ідэй і прапаноў па новых формах і метадах узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і вытворчых прадпрыемстваў вобласці створана спецыяльная рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых суб’ектаў.

— Палавінчатыя рашэнні эфекту не дадуць, давайце працаваць так, каб улічыць усе пажаданні. Калі ўжо рабіць, то рабіць так, каб гэта раз і на ўсё ХХІ стагоддзе, — адзначыў Мікалай Шарстнёў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.