Разам да новых вучэбных вышынь

- 12:57Навіны рэгіёнаў

У сям’і настаўніка хіміі Клімавіцкай раённай гімназіі імя І.С.Мікалаева Ірыны Аляксандраўны Поклад ніколі не было педагогаў. Але ёй вельмі пашанцавала са школьнымі настаўнікамі. Дзякуючы іх прыкладу, Ірына Аляксандраўна натхнілася настаўніцкай працай і ў свой час зрабіла свядомы прафесійны выбар.

— У 5 класе на ўроку беларускай мовы мы пісалі лісты будучыні на тэму “Кім я стану, калі вырасту”. Я тады напісала, што хачу стаць настаўнікам. Свой ліст я прачытала, калі паступіла на факультэт прыродазнаў­ства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Мая мара ажыццявілася. Любоў да прыродазнаўчых дысцыплін мне прывілі мой класны кіраўнік настаўніца хіміі Л.А.Храмянкова і настаўніца біялогіі У.П.Кананчук. Дзякуючы ім, біялогія і хімія сталі для мяне неверагодна цікавымі прадметамі. Зараз гэтак жа займальна я стараюся праводзіць урокі ўжо для сваіх вучняў, — расказала І.А.Поклад.

Свой педагагічны шлях Ірына Аляксандраўна пачынала ў прафесійнай адукацыі. На працягу шэрага гадоў выкладала хімію і біялогію хлопцам і дзяўчатам, якія атрымлівалі рабочыя спецыяльнасці ў Клімавіцкім прафесійным ліцэі.

— Праз пэўны час я зразумела, што спецыфіка работы ў вузкім кірунку па праграме толькі 10—11 класаў — не мой профіль. Хацелася развівацца ў хіміка-біялагічным напрамку і выкладаць любімыя прадметы на паглыбленым узроўні. Тады лёс прывёў мяне ў гімназію, і я вельмі рада, што стала часткай гэтага педагагічнага калектыву. У нашай навучальнай установе створаны ўсе ўмовы для прафесійнай самарэалізацыі настаўнікаў, — расказала Ірына Аляксандраўна.

За 5 гадоў работы ў раённай гімназіі І.А.Поклад выбудавала сваю сістэму выкладання хіміі. На ўроках яна выкарыстоўвае метады і формы навучання, якія дазваляюць стварыць умовы для фарміравання вучэбна-пазнавальных кампетэнцый вучняў, усебаковага развіцця разумовых і камунікатыўных здольнасцей дзяцей.

— Як толькі пачынаецца курс хіміі, кажу вучням: “Табліцу Мендзялеева на памяць вучыць не трэба!” У дзіцячых вачах адразу бачу радасць і палёгку. Хімія — складаны прадмет, але і вельмі займальны. Наколькі гэтая навука будзе цікавай навучэнцам, залежыць непасрэдна ад педагога, — упэўнена Ірына Аляксандраўна.

Пры падрыхтоўцы да заняткаў І.А.Поклад робіць упор на выразную арганізацыю адукацыйнага працэсу, шырокае ўключэнне вучняў у самастойную дзей­насць, спалучэнне розных метадаў навучання і камбінаваны спосаб кантролю. Урокі Ірыны Аляксандраўны маюць практычную накіраванасць і ўключаюць інтэлектуальна-развіццёвыя гульні, праблемныя сітуацыі, лагічныя задачы, заданні даследчага характару. Заняткі таксама насычаны хімічнымі доследамі і эксперыментамі. Прымяненне разнастайных цікавых форм, метадаў і прыёмаў дазваляе настаўніцы стымуляваць увагу і актыўнасць вучняў на працягу ўсяго ўрока.

— Ірына Аляксандраўна — педагог, які валодае шырокім спектрам прафесійных кампетэнцый. Яе ўрокі заўсёды вылучаюцца аптымальнай структурай і арганічным адзінствам. У сваёй рабоце яна часта выкарыстоўвае тэхналогію праектнага навучання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, што дапамагае рабіць вучэбныя і пазакласныя заняткі цікавымі і займальнымі для дзяцей, — так ахарактарызавала І.А.Поклад намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.А.Зуйкова.

Ірына Аляксандраўна сапраўды неардынарны педагог. Сваім навучэнцам яна не толькі прывівае цікавасць да хіміі, але і матывуе іх да паглыбленага вывучэння прадмета.

У рабоце з адоранымі дзецьмі І.А.Пок­лад выбудавала ўласную сістэму ме­рапрыем­стваў па двух напрамках — падрыхтоўка да алімпіяд і арганізацыя даследчай дзейнасці. У аснове гэтай работы — лабараторна-практычныя заняткі, рашэнне задач на павышаным узроўні, правядзенне дамашняга эксперымента, вочных і завочных экскурсій, даследаванняў.

— Пры ажыццяўленні даследчай дзейнасці мы з навучэнцамі заўсёды абапіраемся на актуальнасць і навізну тэмы. Таксама імкнуся ўлічваць асобасныя якасці вучня, яго захапленні. Напрыклад, з мэтай павышэння якасці ведаў мы даследавалі ўплыў скетчынгу на развіццё лагічнага і творчага мыслення. Яшчэ сумесна з навучэнцамі распрацоўвалі інфармацыйны праект “Чамаданных спраў майстар” для хуткай падрыхтоўкі да алімпіяд і даследчых конкурсаў. Гэтая работа заснавана на класіфікацыі хімічных элементаў па этымалогіі. Мы даказалі, што перыядычная сістэма Мен­дзялеева з’яўляецца інфармацыйным парталам для вывучэння літаратуры, гісторыі, хіміі, фізікі, геаграфіі. З вялікай цікавасцю мае навучэнцы вывучалі таксама ўплыў тытунёвага дыму і пары ад  электроннай цыгарэты на фотасінтэз раслін, право­дзілі практычны дослед па энергазберажэнні, на школьным участку рэалізоўвалі праект “Дражджавая аптэка для іглічных”, даследавалі ўплыў каларыстыкі аўтатранспарту на зберажэнне паліўных рэсурсаў. Наогул, падчас арганізацыі даследчай дзейнасці галоўнае — не проста быць кіраўніком праекта, а выбудаваць з вучнем сяброўскія ўзаемаадносіны, даць яму праявіць сябе ў поўнай меры, спрыяць раскрыццю яго здольнасцей. Калі выкон­ваць гэты алгарытм, даследаванне абавязкова будзе паспяховым, — адзначыла Ірына Аляксандраўна.

Выбудаваная І.А.Поклад сістэма работы з адоранымі навучэнцамі ўжо не раз даказвала сваю эфектыўнасць. Яе вучні — пераможцы абласных этапаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару сярод школьнікаў, конкурсаў “ТэхнаІнтэлект”, “100 ідэй для Беларусі”, “Энергамарафон”, міжнароднага творчага конкурсу “Алімп поспеху”.

Адметна, што сярод прыярытэтаў педагагічнай дзейнасці І.А.Поклад заўсёды было няспыннае прафесійнае развіццё. На думку Ірыны Аляксандраўны, сучасны педагог павінен ісці ў нагу з часам.

— Рух — гэта жыццё. Настаўніку нельга стаяць на месцы. Трэба развівацца разам са сваімі вучнямі, — пераканана І.А.Поклад. Яна ўвесь час займаецца прафесійным самаўдасканаленнем, развіваецца ў розных напрамках, актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэр­ства.

У Ірыны Аляксандраўны яшчэ невялікі педагагічны вопыт. У прафесіі яна крыху больш як 10 гадоў, але ўжо здолела дасягнуць значных працоўных вышынь. Самае ж важнае для яе — дасягненні вучняў.

— За свой невялікі працоўны шлях настаўніка хіміі выразна зразумела, што педагог — гэта не прызванне, а лад жыцця, у якім я не расчаравалася. Заўсёды захапляюся поспехамі сваіх вучняў. Яны натхняюць мяне на яшчэ большае развіццё. Хочацца працягваць прафесiйнае самаўдасканаленне, каб прывесці навучэнцаў да заваявання яшчэ большых вучэбных вышынь, — падкрэсліла І.А.Поклад.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва І.А.Поклад.