Разам да пазнання і творчасці

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Карэліч Гродзенскай вобласці вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю самых разнастайных здольнасцей дзяцей. Тут існуюць харэаграфічны гурток, гурткі па ручным ткацтве і англійскай мове. У мінулым годзе цэнтр быў адзначаны дыпломам ІІ ступені падчас абласнога конкурсу сярод ДЦРД за лепшую арганізацыю работы з выхаванцамі ў кірунку пазнавальнай дзейнасці. Цэнтр таксама ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені па выніках абласнога агляду-конкурсу сярод дашкольных устаноў адукацыі за права называцца брэндам сістэмы адукацыі.

— Творчы патэнцыял, практычныя напрацоўкі нашага калектыву вельмі высокія, — лічыць загадчык цэнтра Людміла Пятроўна Гоўша. — Трое нашых педагогаў у мінулым годзе пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, зараз яшчэ чатыры спецыялісты рыхтуюцца да такога выпрабавання. Мы стараемся не прапускаць мэтавыя і аўтарскія курсы, якія праводзяцца ў АПА і абласным ІРА, вывучылі і імкнёмся прымяняць даследчую методыку Савянкова і методыку Зайцава, ТРВЗ-РТУ тэхналогіі і методыку “Першы крок”. Штогод на раённай жнівеньскай нарадзе выканаўчы камітэт прысвойвае аднаму з педагогаў раёна званне “педагог-майстар”. У нашай установе такіх майстроў трое: намеснік загадчыка Галіна Паўлаўна Жук, выхавальнік-метадыст кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў Аксана Мікалаеўна Крапіўніцкая і выхавальнік Ірына Мікалаеўна Арцюх. Усяго ў раёне шэсць дашкольных педагогаў-майстроў. І трое — у нас!
Дзейнасць усіх нашых педагогаў накіравана на развіццё разнастайных здольнасцей выхаванцаў. З гэтай мэтай мы пераабсталявалі памяшканне аднаго групавога блока. У спальным пакоі, напрыклад, зрабілі харэаграфічную студыю з драўлянай падлогай, сцяной-люстэркам, спецыяльным станком для заняткаў. Мэтава аформілі і яшчэ адно памяшканне для правядзення гуртковай работы з выхаванцамі і заняткаў у пазнавальна-практычным кірунку. Мы падзялілі пакой на дзве часткі, у адной зрабілі экалагічны куток, а ў другой лабараторыю. Тут педагогі знаёмяць дзяцей з багатымі калекцыямі раслін, якія паходзяць з самых розных частак свету: прадстаўнікі пустынь суседнічаюць з раслінамі тропікаў і субтропікаў. У дашкольнікаў ёсць магчымасць падчас вопытаў даследаваць залежнасць росту ўсіх гэтых раслін ад святла, цяпла, вільготнасці, пажыўнасці глебы. Дзеці вывучаюць функцыянальныя асаблівасці, ролю асобных частак раслін — кораня, сцябла, лісця. У экакутку выхаванцы пад кіраўніцтвам педагогаў таксама даглядаюць рыбак, папугаяў і хамякоў.
Лабараторыя мае дзве рабочыя зоны: даследчую і эксперыментальную. У лабараторыі знаходзяцца мікраскопы, сасуды, павелічальныя шкельцы, іншы матэрыял, які дапамагае дзецям у даследаваннях. Тут пастаянна дзейнічае выстава, на якой прадстаўлены гербарыі, ёсць міні-музей хлеба, выстаўлены калекцыі каранёў, драўніны, розных відаў тканіны, паперы, марак, манет, а таксама пазнавальная дзіцячая энцыклапедычная літаратура, наглядныя дапаможнікі і дыдактычныя гульні. У памяшканні раздзявалкі абсталяваны міні-музей “Наша спадчына”. Дашкольнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з побытам, культурай і гісторыяй беларусаў. З дапамогай бацькоў створана экспазіцыя “Лялька мінулага”. У міні-музеі педагогі рыхтуюць экскурсаводаў сярод дзяцей, якія праводзяць міні-экскурсіі для бацькоў і выхаванцаў установы.
У кожнай групе таксама створаны куткі пазнавальнай практычнай дзейнасці. Асноўнае іх абсталяванне — ёмістасці рознага памеру і формы для гульняў з пяском і вадой, прыстасаванні для вызначэння плывучасці, а таксама чарпакі, сачкі, варонкі, прадметы для даследавання паветраных патокаў, наборы прылад для доследаў з магнітамі, вымяральныя прыборы, дапаможны матэрыял. Усё гэта знаходзіцца ў поўным распараджэнні дзяцей, яны могуць проста гуляць з прыстасаваннямі, а могуць выкарыстоўваць іх па прызначэнні — падчас доследаў.
Штогод і ў зімовы, і ў вясновы перыяд, у пакоях груп ствараюцца так званыя агароды на падаконніку. Выхаванцы пад кіраўніцтвам педагогаў рыхтуюць насенне раслін да пасадкі, актыўна ўдзельнічаюць у самім яе працэсе і, канечне, даследуюць. Вынікі сваіх эксперыментаў дашкольнікі адлюстроўваюць у малюнках, якія змяшчаюць у каляндар назіранняў.
— Мы набылі для дзяцей у кожную групу літаратуру з даступнымі для іх інфармацыйнымі і пазнавальнымі тэкстамі, якія цудоўна ілюстраваны. А таксама папоўнілі нашы кніжныя запасы дзіцячымі энцыклапедыямі самай рознай тэматыкі, — адзначае загадчык сада Л.П.Гоўша. — У гэтым нам дапамаглі бацькі. Акрамя таго, мы можам планаваць закупку ўсяго неабходнага для ўстановы і са сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці.
Два гады назад ДЦРД Карэліч стаў рэсурсным цэнтрам па забеспячэнні метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу ў дашкольных установах усяго раёна. Для педагогаў тут праводзяцца семінары-практыкумы, кансультацыі, дзелавыя гульні, адкрытыя заняткі па самых розных тэмах. У кірунку пазнавальнай дзейнасці педагогі знаёмяцца з методыкай правядзення трэніровачных заняткаў і самастойных даследаванняў, з метадамі і прыёмамі актывізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці дашкольнікаў, з прыёмамі навучання іх піктаграмнаму пісьму, а таксама з серыяй гульняў і практыкаванняў, якія спрыяюць развіццю асацыятыўнага мыслення і творчых здольнасцей дзяцей.
Педагогі цэнтра падрыхтавалі падрабязныя канспекты заняткаў, апісанні назіранняў за аб’ектамі прыроды, склалі картатэкі заданняў і практыкаванняў, стварылі аўтарскія дыдактычныя гульні з элементамі мадэлявання, распрацавалі мадэлі, схемы, табліцы.
— Для сваіх выхаванцаў мы пашылі мантыі і спецыяльныя галаўныя ўборы, каб яны маглі адчуць сябе сапраўднымі вучонымі. У працэсе заняткаў дзеці вучацца бачыць праблемы, вылучаць гіпотэзы, задаваць пытанні, фармуляваць свае думкі, рабіць высновы, прагназаваць і занатоўваць вынікі. Адзін раз на тыдзень у кабінеце пазнавальнай практычнай дзейнасці праводзяцца заняткі з падгрупамі выхаванцаў, — адзначае выхавальнік Аксана Мікалаеўна Крапіўніцкая. — Яны арганізуюцца дыферэнцыравана, у залежнасці ад схільнасцей і ўзроўню развіцця кожнага дзіцяці. З самымі здольнымі выхаванцамі працуем у межах гуртка “Эрудыты”.
Доследы і эксперыменты, як правіла, ажыццяўляюцца толькі ў сярэдняй і старшай групах. Але і ў малодшых групах таксама праходзяць заняткі па пазнавальнай практычнай дзейнасці, падчас якіх малышы гуляюць з пяском, вадой, паперай, ажыццяўляюць нескладаныя назіранні і даследаванні некаторых аб’ектаў. Падчас заняткаў з дзецьмі сярэдняй групы педагогі паспяваюць правесці адзін-два эксперыменты, з дзецьмі ж старшай групы — два-тры.
Напрыклад, мы з дзецьмі разважаем, як можна ачысціць сажалку ад жалезных адходаў, не замачыўшы рук. Перад намі на стале празрыстая ёмістасць-“сажалка” з металічнымі прадметамі. Побач ляжаць магніты. Кожны з выхаванцаў выказвае сваё меркаванне. І раптам хтосьці дадумваецца, бярэ магніт і дастае прадметы.
Мы разглядаем у мікраскоп унутраную будову лісцікаў дрэва. Дзеці пераконваюцца, што кожны з іх па-свойму цікавы. Або разглядаем зрэз цыбулі і малюем назіранні, ці ачышчаем ваду з дапамогай фільтра. Выкарыстоўваем падчас гэтага доследу розныя рэчывы — цукар, соль, алей. Мы можам праверыць і дыханне лісціка: змазваем тоўстым слоем вазеліну яго ніжнюю паверхню, пасля — верхнюю. Дзеці бачаць: калі вазелін знізу — лісток хутка вяне, калі зверху лісціка — ён у парадку. Чаму? Таму што на ніжняй частцы лістка знаходзяцца трубачкі-“лёгкія”, з дапамогай якіх ён дыхае.
Некаторыя са старэйшых дашкольнікаў рыхтуюць сапраўдныя даследчыя праекты. Пры рабоце з імі выкарыстоўваем методыку даследчага навучання доктара педагагічных навук Савянкова. Дзеці стараюцца самі знаходзіць інфармацыю — у энцыклапедыях, у гутарках з дарослымі, падчас назіранняў. Пасля фіксуюць інфармацыю ў малюнках, кароткіх запісах ці міні-апавяданнях у сшытках у выглядзе піктаграм, з дапамогай якіх ім прасцей узнаўляць інфармацыю.
Ва ўстанове праводзяцца прэзентацыі дзіцячых работ, сярод якіх самыя яркія праекты па тэмах “Адкуль прыйшоў лён?” (Дашы Сабалеўскай), “Жыццё вожыкаў у прыродзе” (Хрысціны Ульянкі), “Гэтыя дзіўныя чарапашкі”, “Што я ведаю пра мурашоў?” (Ксюшы Сабаткоўскай). Радуе, што бацькі сталі больш актыўна дапамагаць дзецям пры стварэнні праектаў, пошуку цікавай інфармацыі. У сваю чаргу мы ўзбагачаем бацькоў ведамі па педагогіцы і дэманструем ім поспехі дзяцей падчас адкрытых заняткаў, кансультацый і бацькоўскіх сходаў.
Юныя даследчыкі ахвотна ўдзельнічаюць у конкурсах, КВЗ, інтэлектуальных гульнях. У красавіку ў нашым раёне пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, падчас якой упершыню будзе працаваць секцыя дашкольнікаў. Наш цэнтр таксама прыме ў ёй удзел з дзіцячымі даследчымі праектамі. Педагог Марына Уладзіміраўна Коршун і наша Даша Кузьміч прадставяць работу “Мёд і яго ўласцівасці”. Выхавальнік Людміла Міхайлаўна Чыркун, а таксама Мікіта Варанько і яго мама рыхтуюць да канферэнцыі даследчую работу “Маё сэрца”, у якім спыняцца на пытаннях здаровага ладу жыцця.

Надзея ЦЕРАХАВА.