Разам да якасці метадычнай работы

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Узровень прафесіяналізму ўсяго педагагічнага калектыву і кожнага педагога паасобку напрамую залежыць ад інавацыйнага характару адукацыі, якасці метадычнай работы ў навучальнай установе. У гэтым перакананы ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. Спецыялісты інстытута рэгулярна праводзяць вучэбныя мерапрыемствы ў гэтым напрамку. Так, нядаўна адбыўся абласны семінар-практыкум, дзе абмяркоўваліся эфектыўныя практыкі правядзення пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў.

— Якасць арганізацыі метадычнай работы ўплывае на эфектыўнасць функцыянавання ўстановы адукацыі. Правільна арганізаваная метадычная работа матывуе педагога да творчай плённай працы, стымулюе да самаразвіцця, пашырае яго кругагляд, спрыяе павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці. Таму мы асаблівую ўвагу ўдзяляем гэтаму кірунку, пастаянна праводзім навучанне адпаведных спецыялістаў, — расказала метадыст аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА Н.У.Лісоўская.

Удзельнікамі семінара-практыкуму сталі метадысты раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў. Сумесна яны вызначалі канцэптуальныя асновы фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Мерапрыемства праходзіла на базе сярэдняй школы № 2 Горак. Гэтая навучальная ўстанова невыпадкова выступіла прымаючым бокам. Педагагічнаму калектыву школы было чым па­дзяліцца з калегамі. Ва ўстанове распрацавалі сваю эфектыўную сістэму работы па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў, матывацыі педагогаў на асобасны і прафесійны рост. У цэнтры ўвагі тут — арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, работа з маладымі спецыялістамі, паступальнае павышэнне кваліфікацыі, майстэрства і катэгарыйнасці педагогаў, арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці. Галоўны ўпор робіцца на асобу настаўніка, забеспячэнне камфортных умоў для развіцця, рэалізацыі патэнцыялу кожнага педагога.

— Фарміраванне прафесіяналізму педагога — гэта мнагамерны і шматфактарны працэс, які патрабуе пастаяннай увагі і ўдасканалення. Метадычная работа павінна быць арыентавана на падрыхтоўку прафесіяналаў новага ўзроўню — самастойных, крэатыўных і прагрэсіўных педагогаў. Да гэтага мы і імкнёмся ў нашай навучальнай установе, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Горак Т.М.Бязносава.

Дасягаць пастаўленых мэт кіраўніцтву школы дапамагае выкарыстанне актыўных форм работы з настаўнікамі. Найбольш дзейсныя з іх яны прадэманстравалі ўдзельнікам семінара. Так, дзелавая гульня “Крок за крокам на шляху да супрацоўніцтва”, падрыхтаваная прадстаўнікамі метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізкультуры Я.Л.Анжэнка, С.М.Сіпайлавай і А.С.Чачоткай, паказала, што поспех у дзейнасці ўстановы адукацыі шмат у чым залежыць ад арганізацыйнай культуры, якая вызначае ўзаемадзеянне і ўзгодненасць усіх членаў калектыву. Распрацаваныя гульнявыя заданні, накіраваныя на фарміраванне ўзаемадапамогі і су­працоўніцтва ў калектыве, спрыяюць стварэнню ў школе камфортнага адукацыйнага асяроддзя, самаразвіццю і самарэалізацыі педагогаў.

Яшчэ адной цікавай формай метадычнага ўзаемадзеяння стаў квест “Крок за крокам на шляху да здароўя”, распрацаваны настаўнікамі біялогіі і хіміі Т.В.Рыжанковай і Т.С.Марчанка. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пашырыць веды аб элементах здароўезберагальных тэхналогій у рабоце з педагогамі для стварэння атмасферы эмацыянальнага дабрабыту як залогу паспяховасці ў педагагічнай дзейнасці.

— Пры падрыхтоўцы і правядзенні гэтых мерапрыемстваў работа была накіравана на эфектыўнае выкарыстанне прафесіяналізму педагогаў, на згуртаванне і каардынацыю іх дзейнасці. Таму ў правядзенні дзелавой гульні і квеста былі задзейнічаны не толькі педагогі пэўных метадычных аб’яднанняў, але і іншыя настаўнікі. Такі падыход мы выкарыстоўваем усюды, — расказала Т.М.Бязносава.

Заключнай часткай семінара стаў майстар-клас “Крок за крокам на шляху да поспеху”, які правялі для калег намеснікі дырэктара 2-й горацкай школы Н.В.Валюжэніч, В.П.Дрыга, Т.М.Бязносава. Яны пазнаёмілі прысутных з актыўнымі і інтэрактыўнымі метадамі і прыёмамі работы з педагогамі. Быў прадстаўлены вопыт па арганізацыі дзейнасці метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў. Акцэнт у гэтым кірунку ва ўстанове робяць на самарэалізацыю класных кіраўнікоў, бо толькі такім чынам яны змогуць праводзіць якасную выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем. Не менш важным у сярэдняй школе № 2 Горак лічаць уменне настаўнікаў абагульняць і распаўсюджваць свае станоўчыя педагагічныя напрацоўкі. Свой вопыт у гэтым кірунку калектыў школы таксама прадставіў слухачам мерапрыемства.

Пасля заканчэння семінара ўсе яго ўдзельнікі адзначалі высокую практычную значнасць атрыманай інфармацыі, а таксама прыйшлі да высновы, што ключавой пазіцыяй якаснай арганізацыі метадычнай работы ва ўстановах адукацыі з’яўляецца прафесійная кампетэнтнасць метадыстаў. У сувязі з гэтым асабліва важныя падобныя прафесійныя сустрэчы.

— Такія мерапрыемствы арыентаваны на зносіны, дыялог, матывуюць на стварэнне індывідуальнай метадычнай сістэмы. А вопыт работы паказвае, што правільна арганізаваная метадычная работа па ўдасканаленні прафесійнага майстэрства педагогаў заахвочвае іх да пастаяннай творчасці, прафесійнага і асобаснага росту, — падкрэсліла Н.У.Лісоўская.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 2 Горак.