Разам да здароўя

- 11:47Інфармацыйная гадзіна

Напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка быў падпісаны план рэалізацыі сумеснага з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам “Кардыялогія” адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам — да здароўя нацыі!” на 2018—2019 гады.

Ад БДПУ план падпісаў рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук, ад РНПЦ “Кардыялогія” — дырэктар цэнтра Аляксандр Генадзьевіч Мрочак. Медыкі і будучыя педагогі збіраюцца аб’яднаць намаганні ў прафілактыцы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, што цалкам лагічна: урачы лечаць ужо хворых людзей, педагогі працуюць з дзецьмі, якім самы час прывіць нормы здаровага ладу жыцця.

— Фарміраванне культуры здаровага жыцця ў сям’і, а таксама у дашкольнай установе, у школе вельмі правільна, — лічыць А.І.Жук. — Для нас гэта важна не толькі з пункту гледжання захавання здароўя студэнцкай моладзі, але і таму, што мы рыхтуем педагогаў, якія потым прыйдуць у адукацыйныя ўстановы. І ад іх адносін да здаровага ладу жыцця, спорту, фізкультуры шмат у чым залежыць фарміраванне каштоўнаснага стаўлення іх навучэнцаў да ўсяго гэтага.

У рамках праекта ўрачы РНПЦ “Кардыялогія” , выкладчыкі і студэнты педуніверсітэта будуць праводзіць сумесныя мерапрыемствы для дашкольнікаў, школьнікаў, педагогаў, студэнтаў. А пачнуць валанцёры сваю работу ў хуткім часе. Адно з найбліжэйшых мерапрыемстваў — акцыі па здаровым ладзе жыцця на базе сярэдніх школ Мінска — тых, якія задзейнічаны ў праекце педагагічнага ўніверсітэта “Дзеці сталіцы”. Удзельнікаў праекта валанцёры навучаць вымяраць пульс, ціск, іншым практычным навыкам, правядуць інфармацыйныя гадзіны.

Больш падрабязна пра новы праект “Настаўніцкая газета” раскажа ў адным з найбліжэйшых нумароў.

Марына ХІДДЖАЗ.