Разам — да здаровага ладу жыцця

Захаванне дзіцячага здароўя — адна з найбольш актуальных праблем сучаснага грамадства. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць не толькі бацькі, але і педагогі, у тым ліку выхавальнікі дашкольных устаноў. Ад фізічнага развіцця і здароўя дзяцей залежыць фарміраванне іх асобасных якасцей. Нашы педагогі ствараюць для гэтага належныя ўмовы, у тым ліку праз цікавыя і карысныя мерапрыемствы.

Надзвычай яркім і вясёлым атрымалася свята “Тата, мама, я — шчаслівая сям’я”, якое адбылося на базе нашага ясляў-сада. А інакш і быць не магло, бо разам з дзецьмі разміналіся, бегалі і скакалі іх бацькі. А дзе спорт, там заўсёды здаровы дух саперніцтва, бадзёрасць, заўзятасць, выдатны настрой, пазітыў, дружба і ўзаемавыручка.

Спачатку ўдзельнікі спартыўнага свята павіталі адно аднаго ў вершаванай форме. Пасля спартыўнай размінкі пачаліся спаборніцтвы. За чэмпіёнства змагаліся самыя моц-ныя, знаходлівыя і дружныя каманды “Сонейка” і “Вясёлка”. Малышы і іх бацькі з радасцю і задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, падрыхтаваных кіраўніком фізічнага выхавання Вольгай Саўлук. Кожны паказваў хуткасць, трапнасць, сілу і спрытнасць. Ніхто не хацеў падвесці сваю каманду. Усе хварэлі адно за аднаго.

Далей станавілася яшчэ цікавей. Таты спаборнічалі ў адцісканнях ад падлогі, а мамы — у працягласці вярчэння абручоў на таліі. Бацькі выдатна справіліся з заданнямі, даказаўшы, што ў іх сем’ях сябруюць са спортам.

Трэба было бачыць, як хварэлі за сваіх мам і татаў іх дзеці, як перажывалі і сціскалі ад хвалявання маленькія кулачкі. Не без гонару хлопчыкі гаварылі потым сваім татам, паціскаючы зусім па-даросламу іх рукі: “Малайчына!”, “Ты перамог!”, “Ні разу не ўпусціў мяч!”, “Ты лепшы!” і г.д.

Самым інтрыгуючым стаў завяршальны конкурс па перацягванні каната. Спачатку ў спаборніцтве сышліся таты, а затым да іх далучыліся мамы, паказаўшы, што і ім усё пад сілу.

Свята не абмежавалася толькі спартыўнымі спаборніцтвамі. Дзеці і бацькі разгадвалі загадкі на спартыўную тэматыку, дружна апладзіравалі танцорам за іх музычныя выступленні.

Пераможаных не было. Усе вярталіся дамоў радасныя і шчаслівыя з заслужанымі ўзнагародамі (граматамі і медалямі), якія ўручыла ўдзельнікам загадчыца ясляў-сада Н.Ю.Галавач. Наталля Юр’еўна падзякавала ўсім за актыўны ўдзел у свяце, нагадаўшы, што здароўе — каштоўны дар, а клопат пра здароўе — лепшыя лекі.

Ганна ХАРАШУН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада Столінскага раёна.